Уладзімір Караткевіч
Кніганошы
...У сасновым лесе - маліцца, у бярозавым - любіцца, у дубовым - волю каваць, у яловым - душу д'яблу прадаваць.
Гэты лес быў яловы.
Ён цягнуўся амаль на сорак вёрст, і ўсе гэтыя вёрсты шумелі верхавінамі і маўчалі ўнізе, дзе былі сухія замшэлыя галіны, сівы лапнік, рэдкія галявіны з імшарамі ды куп'ём і чорныя ручаіны.
Усё тут расло цяжка, змагаючыся за кожны глыток паветра, за кожны прамень, і таму мухаморы былі крывавыя, а з абсыпаных гліцай рыжыкаў, калі збіць іх нагою, таксама тачылася рудая кроў.
Недзе на палове лясны шум абрываўся на хвіліну ручаінным звонам, а потым зноў шумеў аж дваццаць вёрст. І на тым баку ручая ўсё было такое самае і... інакшае.
Бо там была Прусія.
Яліны там былі такія і не такія, бо прускія, і мох быў прускі, і рыжыкі - прускія, і лясны шум таксама прускі.
І калі тамтэйшы мужык бачыў купіну, унізаную каралямі журавін, ён таксама параўноўваў ягады з кроплямі крыві, але меў на ўвазе прускую кроў.
У лесе, вярсты за чатыры ад краю, на адзіным месцы, якое ўдалося адваяваць ад лясоў і імшар, стаяў пагранічны кардон, людзям якога было загадана лавіць кантрабандыстаў, калі тыя пойдуць з прускага боку, ды яшчэ не дазваляць мясцовым мужыкам і бабам хадзіць за мяжу, да кумоў, на хрэсьбіны ці вяселле. Такое заахвочваць было нельга, бо кум, хоць «дзекаў» і «чагокаў», быў падданы прускай зямлі і плаціў падатак каралю, а не цару, як то належыць кожнаму сапраўднаму чалавеку.
Урэшце, людзі з кардона раней не звярталі на гэта асаблівай увагі; пенсія ў іх маленькая, за кожным мужыком ганяцца не будзеш - хай сабе ідуць. Але вось ужо год, як становішча змянілася, і загадана было сачыць як найпільней.
Бо нейкія людзі, у парыве сыноўскай удзячнасці, кінулі дзве бомбы ў цара-вызваліцеля і разнеслі яго ў шматкі. Гэта было нечувана і супраціўна Богу. Таму забойцаў павесілі, а на месцы замаху пабудавалі храм з чырвонага граніту.
Але нішто не змянілася. Пакутнік спачываў у бозе, то бо ў фамільнай царскай магільні, а змусціцелі баламуцілі і падбухторвалі людзей. І вось таму пагранічнай варце даводзілася мала спаць: з-за мяжы насілі крамолу - жамойцкую, расейскую, польскую, а за апошні час - як невыразна казалі пагудкі - яшчэ і нейкую мясцовую, тутэйшую.
Кніжак гэтых пакуль што ніхто не трымаў у руках, але казалі: яны з'явіліся. З'явіліся, надрукаваныя то лацінкай, то грамадзянскай кірыліцай, і ўжо ў гэтай самой падвойнасці было нешта такое, што насцярожвала і палохала.
Напэўна, гэта была таксама крамола: на тутэйшыя кнігі, на тутэйшую гаворку ўжо даўно была накладзена афіцыйная забарона. І чорт яго ведае, ці не новы гэта канал знайшлі, каб прапаведаваць свае думкі, падбухторшчыкі і валасатыя прапагандысты?
Таму загадана было сачыць і лавіць карабейнікаў, асабліва ж носьбітаў тых кніг, што не прайшлі мыты і маглі быць небяспечнымі. А гэта быў даўні промысел некаторых мясцовых сялян. Пісьменныя мужыкі куплялі кніжкі і малюнкі, ціснутыя за мяжой. Яны былі больш танныя, асабліва калі мыта не падвышала іхняй цаны. А замежжа друкавала ўсякія кнігі: па-жамойцку, па-польску і па-расейску - абы куплялі.
І вось кніганош загадана было лавіць.
Ніхто не думаў, што аўтары і друкары змушчальных лісткоў і крамольных кніжачак наўрад ці спакусяцца перапраўляць іх цераз кардон такой дарогай, у корабах малапісьменных кніганош. У чужую душу не заглянеш. Валасатыя - хітры народ. І лепей за ўсё было закрыць усе магчымыя падводныя каналы, якімі кніга магла пратачыцца на абшары імперыі. Тым больш што ў самім выглядзе гэтых танюткіх кніжачак, у іхняй паперы, у самім гучанні іхніх слоў было адценне крамолы. Небяспечнай. Зацятай. Нездарма ж сярод тых, што забілі цара, былі два тутэйшыя. А тое, што з-за мяжы ідуць і расейскія кнігі, нікога не абыходзіла. Гэта было яшчэ горш, бо па-расейску чытае большая колькасць людзей, бо галавою забойцаў быў расеец.
Людзі з кардонаў лавілі і часам нават абстрэльвалі кніганош. На тым кардоне, пра які мы завялі гаворку, гэтым займаліся вельмі грунтоўна, бо камандаваў ім паручнік Вольке, афіцэр з быхаўскіх немцаў, сасланы ў глуш за непрыстойныя, нават для афіцэра, папойкі і гульню ў карты. Цяпер ён стараўся выслужыцца, гэты белы бландзін з абліччам рыцарскага збраяносца і ўсмешкай грэшнага анёла. Акрамя таго, яму вечна былі патрэбны грошы, а за кожнага злоўленага кантрабандыста плацілі.
Пяцёра салдат з пагранічнай варты не тое каб не паважалі Фердзі Вольке, але адзываліся аб ім у іранічным ключы: пагоня за набыткам не карысталася поспехам у людзей, увесь набытак якіх быў шыла ды мыла.
Читать дальше