У вялікіх сацыяльных арганізацыях верагоднасьць узьнікненьня канфліктных сытуацыяў істотна павялічваецца. Дарэчы, гэтыя сытуацыі даволі часта ўзьнікаюць з прычыны неэфэктыўнай камунікацыі. І ў працэсе іх разьвязаньня камунікацыйная дзейнасьць адыгрывае важную ролю.
Публічная камунікацыя. Навучальная лекцыя, тэатральны спэктакль, канцэрт ці рэлігійная служба — гэта ўсё прыклады публічнай камунікацыі. Публічная камунікацыя — звычайна і пераважна працэс аднабаковай камунікацыі. У такой камунікацыі існуе прадвызначанасьць роляў — выступоўца, слухач, глядач. Апошняе падкрэсьліваецца спэцыяльна адведзенымі мейсцамі як для выступоўцаў, так і для гледачоў ці слухачоў. Акторы выконваюць спэктакль на сцэне, а глядач сядзіць у залі.
Выступоўцы нешта паведамляюць, а гледачы толькі ўспрымаюць гэтае паведамленьне. Двухбаковая камунікацыя адбываецца адно тады, калі гледачы ў тэатры, напрыклад, голасна рэагуюць ці пляскаюць у ладкі падчас спэктаклю.
Перадвызначанасьць роляў у публічнай камунікацыі выяўляецца і ў тым, што выступоўцы мусяць быць добра падрыхтаваныя.
Масавая камунікацыя — гэта такі від камунікацыі, які скіраваны на вялікую колькасьць людзей. Прыкладамі масавай камунікацыі зьяўляюцца камунікацыі, створаныя пры дапамозе такіх тэхнічных сродкаў, як радыё ці тэлебачаньне. Як і публічная камунікацыя, масавая камунікацыя зьяўляецца аднабаковай. Але ў адрозьненьне ад публічнай камунікацыі, аднабаковасьць масавай камунікацыі яшчэ больш акцэнтаваная. Да таго ж масавая камунікацыя скіраваная на цалкам ананімную аўдыторыю.
Яшчэ адной асаблівасьцю масавай камунікацыі зьяўляецца тое, што вытворчасьць яе прадуктаў — гэта вынік дзейнасьці групаў людзей, часам нават вялікіх групаў: у такім выпадку можна казаць пра індустрыю масавай камунікацыі. У падрыхтоўцы тэлевізійнай праграмы могуць быць заангажаваныя дзясяткі і нават сотні людзей. Гэта і прадзюсары, і апэратары, і карэспандэнты, і тэхнікі.
Асаблівасьцю масавай камунікацыі зьяўляецца і тое, што крыніца інфармацыі можа знаходзіцца далёка ад яе спажыўца.
Дагэтуль нашая ўвага была скіраваная на разглядзе розных відаў камунікацыі, на тое, чым ёсьць працэс камунікацыі і якія яе функцыі, аднак пакуль што мала было сказана наконт таго, што перадаецца праз камунікацыю і які характар таго, што перадаецца.
Мы ўжо казалі, што ў працэсе камунікацыі адбываецца абмен думкамі, пачуцьцямі, ацэнкамі і г.д. Думкі, пачуцьці, ідэі, якія перадаюцца ў сыстэматызаваным і лягічна арганізаваным выглядзе, называюцца пасланьнем. Паводле характару і прызначэньня пасланьня можна казаць пра: а) інфармацыйную камунікацыю; б) афэктыўную; в) імажынатыўную і г) камунікацыю ўплыву.
Інфармацыйная камунікацыя — гэта такая камунікацыя, празь якую людзі перадаюць адзін аднаму веды пра сьвет, у якім яны жывуць. Лічыцца, што вэрыфікаваныя веды зьяўляюцца аб'ектыўнай інфармацыяй. Наколькі ўсе мы залежым ад аб'ектыўнай інфармацыі можна меркаваць па тым, што бальшыня людзей, напрыклад, слухае паведамленьні аб прагнозе надвор'я. Яшчэ большая залежнасьць ад такой інфармацыі выяўляецца ў сытуацыях, калі людзі знаходзяцца ня ў горадзе, а займаюцца сельскай гаспадаркай, вандруюць у гарах ці патрапляюць у якія-небудзь экстрэмальныя ўмовы.
Афэктыўная камунікацыя збудаваная вакол перадачы пачуцьцяў і ацэначных меркаваньняў. Гэты від камунікацыі важны для станаўленьня асобы. Праз афэктыўную камунікацыю людзі даведваюцца пра саміх сябе, фармуюць вобраз свайго “я”.
Імажынатыўная камунікацыя. Гэта такая камунікацыя, у якой заангажаваная здольнасьць чалавека да ўяўленьня. Імажынатыўная камунікацыя — важны фактар разьвіцьця творчых здольнасьцяў чалавека.
Камунікацыя ўплыву. Гэта такая камунікацыя, у працэсе якой нехта імкнецца ўплываць на погляды, перакананьні альбо рашэньні іншых людзей. Прыкладам масавай камунікацыі ўплыву зьяўляецца прапаганда.
І, нарэшце, спынімся на такім важным моманце, як аб'ектыўнасьць альбо праўдзівасьць перадаванай інфармацыі. Трэба заўважыць, што камунікацыя паміж людзьмі базуецца на экспэктацыях альбо чаканьнях адносна таго, што ў выніку камунікацыі чалавек атрымае аб'ектыўную інфармацыю. На жаль, падобнае адбываецца далёка не заўсёды.
Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што ілжывае паведамленьне можна лёгка распазнаць. Фройд, напрыклад, сьцьвярджаў, што яму дастаткова паглядзець у вочы і пачуць чалавека, каб распазнаць ягоныя сакрэты.
Читать дальше