- Ты што, падмаршалачак, рукі распусціў? Глядзі, адсохнуць.
- Затое не змерзнуць. На гарачым.
- Ой, глядзі. Спаймае цябе Астап Васілеўчык на гарачым. Будзе табе горача.
- Дамо і яму рады. Гарачай. Што я, горшы за яго?
- Ды не горшы. Толькі Астап спачатку многа практыкаваўся. Дрэвы ды пні абдымаў.
.Так, Астап. Супернік, ён ужо чуў пра гэта. Рудаваты здаравень з грубаватым вясёлым абліччам. Скалячы гожыя зубы, кожную дзеўку зачэпіць, закруціць ваўчком нават не ў клубе, а на вуліцы. Былі сябрамі, і вось - на табе".
Яна тады вырвалася і пабегла на рухомую чырвоную зорку, топчучы нагамі густа-сіні снег. Ён глядзеў ёй наўздагон. І раптам засмяяўся ад шчасця.
"Вось спускаецца на Палессе ноч. Мільгаюць на залатым чорныя сілуэты ялін і дзіўныя, расторганыя ў розныя бакі сілуэты хвояў: як ведзьмы на тычках".
Цягнік ляцеў, і гэтыя ведзьмы круціліся ў шалёным кругавароце.
Гонкі! Бог ты мой, гонкі! У снежных віхурах, у звоне бразготак, што аж захлынаюцца ад захаплення.
Як быў я конь у ліхога пана,
Настаяўся я пад сметнічкам,
Наеўся я саломкі,
Напіўся я балотнай вады.
Побач скачуць вярхі ў масках і вывернутых кажухах. І лятуць у калматых снежкі.
Задзёртыя конскія храпы з ашалелымі вачамі. Ногі шырока мераюць снегавую парчу. Сонца, рыжыя кажухі, чорныя хусткі з чырвонымі і сінімі кветкамі, перавітымі зялёнай лістотай.
Ён стаіць у санях, гагоча і страляе пугай. А побач пад хусцінай румянае, белазубае, сінявокае аблічча. Таксама смяецца. І такая яна зараз. такая!
...Ён вываліў яе ў гурбу, і сам вываліўся з ёю. Яны ўпалі і праваліліся ў пульхнае, нібы ў пярыну. Як патанулі.
Усё далей і далей грымела і звінела рознакаляровая, стракатая, як поплаў, кавалькада.
Засталася мёртвая цішыня. Белае вакол іх. Сонечна-сіняе высока над галавою.
Ляжаў, абдымаючы яе за плечы, моцна прыціскаючы да
сябе.
І раптам яна змоўкнула. І ён убачыў, як раптам стаў спынены і суровы яе позірк.
Нібы мерала, нібы пранікала яго да самага апошняга дна. Цішыня. Гэты няўмольны позірк. Белае вакол. Сіняе ўверсе.
..Потым яна сказала яму, што варажыла з першым блінам у руцэ, што наваражыла добрае, і пад акном у суседзяў слухаючы, і на раздарожжы, і ў лазні, але калі ён спытаў, якое ж будзе імя таго, апусціла, нібы вінаватая, вочы. Ласевіч засмяяўся.
.У купэ цьмянае святло. Пагойдвае. Усё змрачней і змрачней пейзаж за акном: дзікая, ветхая нейкая бесп рытульн асць.
"Та.та.та.та.", - зноў замільгалі, крыжуючыся, бэлькі моста, і праглянуў на лёдзе апошні сіні водблеск паміраючага дня.
.З Марынаю было куды прасцей, і ён спачатку не ведаў, не здагадваўся чаму. Ішлі заснежаным горадам, насустрач крочылі вясёлыя гаманлівыя пары: штурхаліся ў снег, абсыпаліся ім, прабягалі міма, і яна праводзіла іх нейкім дзіўным пасуравелым позіркам.
- Што вы так? - спытаў Ласевіч.
- Бабуля адна калісь глянула ў калыску і прашамкала: "Дзіця глядзіць і чагосьці жджэ ад жыцця".
- Няўжо вы такая бабуля? - засмяяўся ён.
- Легкаважны вы. Сапраўды, мне ва ўнукі здаліся б.
Ён зразумеў тады: з гэтым чалавекам нешта здарылася. Нешта вельмі нядобрае і крыўднае. Яму стала шкада яе. Дый каго яшчэ яму было цяпер шкадаваць? Тое сяло, у якім усё адрынула, падманула, надоўга растаптала яго? Тое клятае сяло!
...Вячэрняе сяло. Пад месяцам рухаецца перад натоўпам чырвоная зорка. Снег ззяе, нібы нехты густа засыпаў усё цукрам.
Палае вялізны корч, абкладзены лаўжамі: грэюць неба, каб прыйшоў сонцаварот. Палаць яму суткі, пакуль не будзе бойкі між світаю зімы і світаю лета, пакуль не перамогуць, пакуль не спаляць чучала зімы.
...Грукат колаў цягніка.
...Яны з Аленай Наваграй ідуць побач у натоўпе каляднікаў. Мікола часам паварочвае галаву, бачыць яе ўсмешлівыя, незразумелыя вочы і вусны, якія таксама ці то ўсміхаюцца, ці проста іхні краёчак прыўзняты ўгору.
- Невыносны. Ты не на мяне вочы вытрэшчвай. Ты - унь
туды.
"Туды" - гэта наперадзе. Там прыскоквае каза, паважна -да часу - выступае "дзед" з ільняной расчасанай барадою, "цыганка", з абліччам, пафарбаваным бураком ледзь не да колеру слівы, а сама ў неймаверных рызманах, механоша, калматыя "воўк" і "мядзведзь", што паказвае і як дзеці гарох крадуць, і які аграном бывае злосны на падпітку. Тут жа і "чорт" з ляскаўкай. Яму пазней, калі накалядуюць, круціцца і старацца ўхапіць каўбасу з торбы.
Цымбалы, і скрыпка, і бубен.
Мікола ідзе і часам сціскае ёй локцік, і такая гарачая хваля пракотваецца па ім ад гэтага дотыку, што ён замірае.
Читать дальше