- Не заўсё ды ж самота.
- А потым зноў пустка.
- Ну, бываюць жа, згадзіцеся, хаця дні без усяго гэтага.
- Так.
- Ну вось і разумныя. Сядзіце ціха, мілыя, ачуньвайце.
Яны маўчалі. Ён сядзеў ля яе ног і ўспамінаў, як гэта
было тады.
...Адрына. Чорная цёплая пашча варот, з якой патыхала летам. Ішлі нацянькі, задваркамі, да яе хаты і выпадкова натрапілі на яе. А можа, і невыпадкова. Можа, вяло нешта вышэйшае.
Патрэсквалі сцябліны. Нешта шамацела, можа, мыш. Дужа здалёк, ад хат, ляцела ледзь чутнае:
Жаль на зязюлю,
Жаль на рабую.
Што рана закавала.
А-а-а жаль на матулю
Жаль на радную,
Што мала я пагуляла.
Абняўшы яе, ён зразумеў, што гэта ўсё, канец.
А яна дрыжала ў ягоных руках. Не ад холаду, бо ў сене было хутчэй горача.
"Досыць, досыць пра гэта!"
Таму што далей пайшла нейкая лухта. Нейкае дзікае, неверагоднае непаразуменне.
Ласевіч паехаў, абяцаючы праз паўтара месяца вярнуцца і ўзяць яе з сабой: здалася-такі.
Матляючыся ўсе гэтыя дні і тыдні ад станцыі да станцыі, недаядаючы і недасыпаючы, бо не было калі, начуючы ў дрэнных гасцільнях і на ліпучых канторскіх канапах з цыраты, -ён здзіўляўся, што яшчэ бываюць такія, - Мікола ўвесь час успамінаў чырвоную пляму зоркі, душны ад сена і свежы ад вонкавага марозу пах адрыны, Аленчыны рукі, што нечакана моцна сціскаюць ягоныя рамёны, цёмны рот, і цёмныя вочы, і няўлоўны водар яе валасоў.
Два лісты - і няма адказу. Крыху абражаны, ён даслаў паштоўку - нічога. І тады ён, упершыню ў жыцці, сят-так скінуўшы з плячэй справы, узяў на некалькі дзён водпуск і памчаў у Ласевічы: ратаваць тое, што засталося, і ўсё, што толькі магчыма.
Нічога не засталося.
Вось такой ноччу ехаў ён, і так жа калаціла цягнік, і такія ж прывіды ўставалі за вокнамі. І ён кляўся сабе, што калі толькі ўсё добра, ён ніколі ні на імгненне не выпусціць яе з рук. А потым была вёска, незвычайна ціхая, у параўнанні з калядамі, яшчэ больш заснежаная і заінелая, з блакітнымі пацёкамі лёду ля студняў, з умытым ружовым усходам.
І сустрэча была. Спяшаўся да хаты Наваграяў і, твар у твар, сутыкнуўся на вузюткай, нерастаптанай яшчэ сцежцы. Ішла ў гэтым сваім рудым, расшытым па баках і кішэнях кажушку, у той жа хусціне.
Толькі твар быў не той. Не той, які смяяўся тады на санках, такі ззяючы і румяны. І на той цьмяны і загадкавы, як тады ў адрыне. Гэта быў твар жанчыны, якой давялося-такі сербануць ліха, падсохлы, жарсткаваты, з падціснутымі вуснамі.
- Але на.
Ён спалохаўся, убачыўшы, як пацямнелі яе вочы.
- Што з табой?
- Дай прайсці.
- Дык вось жа я. Прыехаў.
- Бачу, што прыехаў. Свайго недзе не знайшоў, то прыехаў.
Прыгожыя дыялогі бываюць толькі ў раманах. У жыцці яны, часцей за ўсё, грубыя, кароткія і невыразныя. Але каб вы толькі бачылі, колькі болю, пагарды і нянавісці было ў гэтых вачах.
- Саступі.
- Ты раней растлумач, што здарылася? Чаму не адказвала на тры мае лісты?
- Тры? У каго ты вочы пазычыў? Хоць бы слова за ўвесь гэты час!
- Хлусня.
- Гэта ў цябе хлусня. Ва ўсіх вас хлусня. Каляды забыў. Адрыну забыў. Такое забыў. Шэлег табе цана, ты - тхор.
- Алена, гэта памылка нейкая. Немагчыма, Алена.
Гаворачы нешта бязладнае, ён паспрабаваў узяць яе за
рамёны, расказаць, растлумачыць нешта. Але яна раптам з усёй сілы саштурхнула яго са сцежкі. Ён не быў зломкам, але штуршок быў зусім нечаканы, і ад яго Мікола сеў у снег.
І ўсё гэта бачылі людзі, а яна прайшла, не, праплыла міма, выяўляючы спінаю такую неймаверную пагарду, што Ласевічу стала холадна пад сэрцам.
У ранейшыя часы ён у адказ надаваў бы ёй ляшчоў, і ўсё, магчыма, высветлілася б, але цяпер ён быў для гэтага ўжо занадта цывілізаваным чалавекам. Кепская ўсё ж, часам, рэч -цывілізацыя.
Таму ён толькі выбраўся на сцежку і, абабіваючы снег, сказаў услед глухім голасам:
- Ты аб гэтым, Алена, пашкадуеш. Ні каляд і нічога я не забыў. І лісты дасылаў. Дзе - не ведаю. Спытай у свайго сумлення. Можа, адказваць не хацела, то й прыкінулася. Няхай. Шкадаваць не буду. Але лісты - былі, хай так мая хата гарыць і сам я здохну.
Павярнуўся і пайшоў прэч. Аблічча было такое, што твары ўсіх, хто бачыў, пасур'ёзнелі.
Ён прамінуў хат каля пяці, калі яму здалося, што нехта ззаду паклікаў яго па імю. Ён не аглянуўся, з яго было досыць гэтай несправядлівай абразы на вачах вуліцы, ледзь не на вачах усяго роднага сяла.
І зноў нібы нехта паклікаў. Няголасна. Ці, можа, яму толькі хацелася ў гэта верыць? Ясна, што толькі хацелася. Напаўголаса ніхто не кліча, ні на дапамогу, ні тады, калі бурыцца свет.
Читать дальше