А свет бурыўся. Мікола ішоў, амаль не бачачы дарогі, сутаргава хапаючы ротам паветра, і ўсё ўнутры ледзь не рвалася ад абразы, кахання і ўспамінаў.
...Праз месяц, у камандзіроўцы ў Пінску - Міколу часта даводзілася ездзіць сюды - ён, скарачаючы дарогу, ішоў рынкам. Быў сакавік, і неба ўжо было празрыстае і сіняе, але ўсё яшчэ марозіла, у баб былі шызыя ад марозу шчокі, мужыкі ў вайлаках пераступалі з нагі на нагу, а ўюны ляжалі на прылаўках, змерзшыся ў вялікія срэбна-карычневыя купы, і іх даводзілася раздзіраць нажом на брылы, каб адважыць колькі ўжо там кілаграмаў.
"Смачная рэч уюны. Адтаяць, нацерці соллю, каб не слізгалі ў руках, калі патрашыш. Дый якое там патрашэнне."
І тут Ласевіч нечакана сутыкнуўся з Петрам Любоўчыцам, у хаце якога прыбіралі каравай. Стаяў здаравенны, чырвоны ад марозу і ад таго, што, відаць, хільнуў чарчыну, усміхаўся.
Пайшлі ў сталоўку непадалёк, хаця Міколу й не хацелася. Ён увогуле амаль нічога не еў увесь апошні месяц; не хацелася жыць. Але пацягнуў Петра, гарлаючы аб тым, што ў яго такі лешч, якога Ласевічу ніколі ў жыцці не даводзілася бачыць, а ў сталоўцы ёсць піва.
Лешч, сапраўды, быў такі, якога не бывае. Сантыметраў на сорак. Яны абдзіралі з яго скуру, і агалялася карычнева-чырвоная плоць, якая аж сачылася, аж спадала кроплямі тлушчу. Два заўсёднікі за суседнім сталом пазіралі на іхнюю оргію з зайздрасцю. Петра і ім адхапіў па кавалку. Ён быў добры чалавек, Петра. А Мікола засумняваўся толькі, ці павезлі б яны, едучы да Петры, скрынку піва.
Яны гаварылі аб сім-тым, папіваючы гаркаватае смачнае піва. Тытунёвы дым сцяліўся пад столлю (курыць у сталоўцы было катэгарычна забаронена), і толькі пад канец Петра спытаў:
- Ну, і калі да нас?
- Мабыць, ніколі.
- ?!
- Лепей ты да мяне прыязджай. А я матку ў горад днямі забіраю.
- А хата?
- Хату хай Наваграі сабе бяруць. Ім, мабыць, скора дзяльба спатрэбіцца.
- Дык ты што? Праз Аленку? Што гэта ў вас там?.. А, не мая справа! Але ж і ты свінтухайла! Столькі не пісаць! Звёў дзяўчыну і...
- Пісаў я гэтыя лісты!
- Не брашы, - ён відавочна не верыў. - Ясна - не.
Міколу раптам стала горка. І гэты не верыць.
- Няўжо ты думаеш, што праз уласную ляноту я захацеў бы страціць яе? Калі так, то глупства ты думаеш. Яна мне была.
Голас быў такі шорхлы і адчайдушны адначасова, што ў Петры раптам аж вусны задрыжалі. Паверыў.
- Дзе ж яны дзеліся? Дзе, да трох д'яблаў?
- Хацеў бы я й сам гэта ведаць.
- Дзядзька Астапа Васілеўчыка дырэктарам пошты ў Лоўні працуе, - уголас разважаў Петра. - Ды не, гэты на злачынства не пайшоў бы.
- На службовае злачынства, - з крывой усмешкай сказаў Ласевіч.
Рукі ягоныя дрыжалі.
Петра думаў. Потым раптам зрабіў здаровы лык піва, нібы ў яго ў глотцы перасохла.
- Ведаю. Ідыёт. Ёлуп. Здаецца, разумею, чаму так. Паштальён тады захварэў, і дзядзька Астапаў.Пошту цэлы месяц Іван Ступа насіў.
Мікола ўнутрана сціснуўся. Яму стала горача.
"Сябар Астапаў. Шырокая, вясёлая і бессаромная морда. Вечныя паскудствы. На вачах у іншых такія мілыя, з такой ладнай прыдумкай, што ўсе яму даравалі. За вочы, калі нават падазраваць не ўсе будуць, такія, за якія б'юць морду. Напрыклад, у спёку кінуць суседу некалькі пачак дражджэй у прыбіральню, каб разлілося на ўвесь двор. Ясна, зрабіў сябру паслугу. Хутчэй за ўсё, без ягонага ведама. Астап харошы, сумленны хлопец. Божа, хутчэй трэба ратаваць становішча. Растлумачыць. Сказаць".
- Петра, ты сёння ж назад? З машынай? Бяры мяне з сабой, - заспяшаўся Ласевіч.
Петра глядзеў на яго са спачуваннем і скрухай, як на цяжкахворага.
- Узяць та я цябе вазьму, - з уздыхам сказаў ён. - Але як ты з гэтай прычыны хочаш ехаць, то лепей не трэба, Міколка. Не вернеш нічога. Толькі душу наддзярэш.
- Што?
- Выйшла яна замуж тыдзень таму. Не піша, не вяртаецца, то са злосці хоць за Астапа, сказала, пайду.
Сцены сталоўкі закруціліся перад Міколавымі вачамі. Каб не ўпасці, ён учапіўся за сталешніцу. Апошнім пробліскам прытомнасці ўбачыў белыя з перапуду Петравы вочы, а потым цяжка ўпаў галавою на стол.
Павольна вярталася прытомнасць. Яго тармасіла за плячо буфетчыца:
- Надрызгаюцца тут, пасля на падлогу бляваць пачынаюць.
- Не на стойку ж яму бляваць, - груба сказаў Петра. - І ўвогуле, ведаеш што. Валі ты адсюль. Ты што, бутэлькі гарэлкі ад фунта ліха адрозніць не можаш. Гора ў чалавека.
Буфетчыца глянула на Міколаў твар і спалохалася:
- А бра-атачка. Дык што ж гэта з табою? Ды не бядуй, не бядуй ты так, даражэнькі.
Читать дальше