...Нешта падобнае ён і сказаў тады суседцы за сталом.
- Ну, а чаго б вы хацелі?
- Кінуць працу. Я някепскі інжынер, мяне, думаю, паважаюць. Але я хацеў бы кінуць гэта і ўвесь век хадзіць, запісваць, пісаць свае песні, калі ўжо на іншае ў мяне слабая кішка.
Сябар, відаць, чуў іхнюю размову, таму што засмяяўся.
- Ну, браце, гэта ты кінь. На тое, чым ты марыш заняцца, не пражывеш.
- Ведаю, - сказаў ён.
Пасля паўзы Марына ціха спытала:
- І вывад які?
- Жыццё не задалося, - проста сказаў ён.
Толькі тут яна зірнула на яго з нейкай глыбокай пільнай уважлівасцю, цікаўнасцю, магчыма, нават з доляй спачування і разумення.
І хаця яны былі на падпітку, усё ж яны былі цверазейшыя за астатніх, бо кожны думаў аб нечым сваім, незагаданым, што не споўнілася. Таму, калі нехта з гасцей, па загадзя зададзенай праграме, пачаў жаваць сена, яны пераглянуліся і непрыкметна выслізнулі з хаты на вуліцу. Яму былі непрыемныя яе настойлівая рэзкасць, сварлівасць, вечнае жаданне адказаць уколам у адказ на працягнутую руку, але ўсё адно лепей было быць з ёю, чым у гэтай кампаніі. Таму лепей, што ў пэўнае імгненне яна глянула на яго спагадліва.
Акрамя таго, ён яшчэ не адышоў ад пакутных падзей, якія здарыліся з ім за год да таго. Яму было дужа цяжка.
...Ляціць цягнік. Прысмерак і бязлюддзе. Выходзіць на ганак старога, калісьці, відаць, фальварковага - бо з драўлянымі калонамі - дома, моцна заняпалага, стары ў "бурцы" з таўсценнага, у палец, чорнага сукна.
"Не, не, не трэба думаць. Не трэба думаць аб тым, чаму было цяжка. Трэба думаць аб той, да каго едзе".
Ён разгарнуў кнігу:
"Вообнр вся сия местность замечательна по первобытности жителей и по дикости природы".
Прырода за акном сапраўды была дзікая. Лес і лес. І раптам выбухнулі ў паветра, пачалі бегчы, з громам, па дузе, хілячыся лявей і лявей, удалячынь, сталёвыя мачты.
Пацягнулася, папаўзла некуды таўшчэзная змяя нафтапровада.
Было тады дужа цяжка. Не, не трэба ўспамінаць... І ўсё ж, як яно тады было з Аленай?
Які быў дзікі лес вакол Ласевічаў. Дзікі і іскрысты, белы-белы і аж блакітны ў сінія цені, хрусткі. А крыху раней -барвяны, бо ўзыходзіла ненатуральна вялікае марознае сонца.
Было якраз перад калядамі. На вяселлі малодшай Любоўчыцавай, Надзеі. І узыходзіла, як ужо тысячы разоў над гэтай зямлёй, марознае каляднае сонца. Асвятляла вёску, нерухомыя слупы дымоў над комінамі, заглядвала ў вокны хат і тут адразу рабілася цёплым, жывым і прытульным. Ён сек дровы, каб Любоўчыцам хапіла паліва на ўсё вяселле. Сек, з асалодай адчуваючы мароз, сваю гарачую ад марозу і працы кроў і тое, як са звонам развальваюцца сасновыя калоды. Роўна-роўна. З акуратнымі падоўжнымі жылачкамі-баразёнкамі на расколіне. Пагабляваць крышку, і хоць ты скрыпку рабі.
Ён насек цэлую гару і заскочыў у хату пакласці сякеру. У хаце бабы і дзеўкі ладзілі вясельны каравай, вялізны, з кола ад воза, белы і аж чырвоны зверху, дзе падпякло. Прыкрашалі яго кветкамі, стужкамі, залатой каніцеллю і васковымі "слёзкамі маці божай". Каравай атрымаўся - дзіва прыгажосці. Ялінка, а не каравай. Бабы і двое дзяўчат былі ў клятчастых, з разрэзам, андараках, у вышываных сарочках, на якіх белага было менш, чым чырвонага, сіняга, зялёнага, жоўтага. А за спінамі жанчын быў ложак з бялюткай шытай покрыўкай, горы расшытых падушак, стракатая, як вясёлка, посцілка на сцяне.
Адны рукі ўпрыгожвалі, другія абкладалі каравай яйкамі, маслам і сырам. А галасы вялі:
І свеціць месяц
На дварэ,
Каравай месяць На стале .
Каравай цвіцець На стале .
Прыступі, божа, з раю,
І прыступі, божа, з раю,
К нашаму караваю.
І, ой, у садзе ды вецце вісіць,
Сам бог каравай месіць,
І ангелы прыступаюць,
Караваю памагаюць.
Яму паднеслі пагрэцца. Ён выпіў халодную, з сенцаў, гарэлку і закусіў, з храбусценнем, ледзяным крамяным агурком, з асалодай адчуваючы сваё здароўе, і мароз, і тое, як гэты мароз з яго выходзіць і як пахне агурок часнаком і кропам.
Ён, відаць, быў нават на выгляд вельмі здаровы і шчаслівы, таму што адна з каравайшчыц, здаравенная, грудастая, прыгожая маладзіца, пры адным позірку на якую чамусьці прыходзіла на розум гумно, белыя ногі на саломе, а пасля дзесяць дзяцей і хата, што аж рыпіць ад чысціні, скосу, хітравата паглядзела на Міколу гожымі, як у каровы, вачамі і завяла, ні з пушчы ні з поля, песню, што спяваюць, калі месяць каравай:
Ой, упала я ў дзела,
Цела маё зяпяцела,
Дый цела маё запацела,
Гарэліцы захацела.
Э-гей, гарэлачкі зап'янюсенькай.
Дый для мяне маладзюсенькай.
Читать дальше