Ён прыняў выклік, узяў за шыю запацелую бутэльку і рушыў да маладзіцы. Наліў, працягнуў стопку:
Ой-гей, ды ты, гарэлачка, зап'янюсенька,
Завязала свет маладзюсенькай.
І тут убачыў, што за спінамі баб сядзіць на зэдліку і вяжа кветкі ў гожыя пучкі-букеты нешта такое, чаго ён ніколі не бачыў і што адразу ўразіла і ашаломіла яго, як раптоўны дар. Нешта ў сіняй сукенцы і карункавай белай кофце, нешта залатавалосае, сінявокае, нешта найбольш як вясемняттгтятті год.
Божа мой, што гэта за нешта было! Глядзела на яго сінё і празрыста і ўсміхалася ружовым прыпухлым роцікам. З відавочным падкусам, але адначасова і з адценнем заахвочвання. А стан! А ногі!
- Выпі і ты, - сказаў ён.
- Не хачу, каб завязала свет маладзюсенькай, -усміхнулася яна.
Бачыла, да канца разумела, што ён як раптоўна аглушаны, што яго зараз, тут жа, у першую хвіліну, можна браць за руку і весці хоць у апраметную, гэтага гожага бамбізу, і гэта падабалася ёй; нечаканая, за імгненне непрадбачаная ўлада над ім.
- Ты хто? - голасам, які сеў, спытаў ён. - Адкуль?
- А ты хто? А ты адкуль?
- Я з гэтай вёскі.
- І я з гэтай вёскі.
- Я не бачыў цябе. Ніколі.
- І я не бачыла цябе. Ніколі.
- Інжынер ён, - умяшалася маладзіца. - З мінулай зімы не быў. Нібы тут працы мала, а хлопцаў - па дзіркі ў носе.
- Глядзі ты. інжынер... А цягне, як прахвесар.
- Выпі, - спрабаваў ён падвысіць голас, бо прывык да таго, што дзяўчаты яго слухаюцца, што яму лёгка вядзецца з імі.
- А ты што за падмаршалак такі?
Страшэнным, гаротным успамінам уставала пазней у яго вушах гэтае слова "падмаршалак". Нібы ўсё адразу і яшчэ загадзя было кімсьці бязлітасна наканавана. Бязлітасна і назаўсёды.
- Ты, падмаршалак, што, сур'ёзна думаеш, што як загадаеш, каб у мяне хвост вырас, то й вырасце?
- А і вырасце, - сказала маладзіца. - А не вырасце, то ён сам табе замест хваста будзе.
Сказана было занадта рэзка. Усе сціхнулі. Не звяртаючы ўвагі на жарт, Мікола сказаў, ужо спакойна:
- Выпі. Вусны памачы, ну.
- Ды выпі, выпі, - загулі бабы. - Бач, хлопец дабром просіць. Што ты, дзеўка, натурышся? Клейнот які, цаны яму няма.
Дзяўчына ўзяла чарку, сапраўды, памачыла вусны, зрабіўшы мале-енечкі глыток. Ён узяў стопку і перахіліў яе з таго самага месца, дзе краналася вуснамі краёчка яна. Гэта было зроблена такімі дакладнымі рухамі, так па-заліхвацку, з такім падкрэсленым значэннем, што бабы ахнулі:
- Бач, зух, бач, хват!
А ён адышоў да дзвярэй і спытаў у Петры, брата Надзеі:
- Хто такая?
- Алена. Наваграй прозвішча.
- Не з тых Наваграяў, што з Дуброўнага канца?
- Дык Грыцука ж сваякі. Яшчэ перад вайной на Гродзеншчыну з'ехалі. А цяпер, на старасць гледзячы, вярнуліся вось на радзіму мінулай вясной. Хата Грыцукова ўпусце буцвець пачала, то перасыпалі ды занялі.
"Дык вось адкуль такі не тутэйшы, дзіўны акцэнт," -падумаў ён, і яшчэ раз агледзеў усю кампанію кабет, каравай, цёмны кут, дзе сядзела яна, вырваную святлом з паўцемры залатую галаву, смуглява-аранжавую ад таго ж святла скуру аблічча, і з раптоўным вясёлым адчаем сказаў сабе : "Божа ты мой, прапаў!"
І, каб хаця крыху абмысліць гэты новы, амаль страшны і нічым не падобны на ранейшыя яго прыгоды стан, выйшаў у сенцы. А наўздагон яму ляцела:
Ой, красная каліна над рэчкай,
А красней таго Надзейка ў мамкі.
Стаяў у халодных сенцах не ў змозе сабраць думкі. А з хаты гучала прыглушана:
А ў сені ўвайшла - сені заззялі,
А ў хату ўвайшла - паны ўставалі,
Паны ўставалі - шапкі здымалі.
Ой, цару нябесны, гэтыя песні! Так і гучаць, і гучаць у вушах, настырна, як у ціхай хаце пасля вяселля, калі на падпітку не можаш заснуць. І як холадна гаворыць пра гэта старая кніга: "Музыкальность составляет выдающуюся черту в характере полешука". Гэта пра песні, якімі ён так пякельна, пакутліва шчаслівы.
Як самай каханай жанчынай у хвіліну блізкасці. Як Але най калісь.
"Гэх, саскочыць бы зараз ды паехаць. Плюнуць на ўсё. Зваліцца ў санкі, на сена і... Каляды... Сонцаварот. Сонца на лета - зіма на мароз. І хутка будзе абуджэнне, і сонца будзе вышэй, а на сэрцы цяплей, і аджывуць нівы і душа, якая ўжо столькі часу нібы спіць... Паехаць. І прападзі яно ўсё пропадам разам з той, што й на печы ніколі не сядзела ".
Дарога праз зімовы лес. У небе вясёлкавыя па краях, рэдкія хмаркі. Залатая поўня то нырае ў іх, то зноў вызвалена вырываецца на волю, плаўна плыве ў глыбокай сіні начнога неба. І ад яе пушча то змрочна пахмурнее і цішыцца, а то ўспыхвае іскрыстым блакітам, і заснежаныя яліны робяцца аж празрыстыя. Нібыта ў блакітных шатрах разгараюцца, мігацяць сінія агні.
Читать дальше