Элементы міфалагізму ў беларускай літаратуры другой паловы ХІХ стагоддзя
Літаратура на беларускай мове пачынаецца ў ХІХ ст. фактычна з творчасці В.Дуніна-Марцінкевічаі з травестыйных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». Звычайна, гаворачы пра міфалогію, згадваюць менавіта названыя паэмы, але пры гэтым не ўлічваецца жанр — жанр пародыі, фактычна буфанады, дзе багі не выступаюць у сваёй галоўнай ролі персаніфікацый пэўных прыродных з’яў ці душэўных рухаў, а з’яўляюцца звычайнымі літаратурнымі персанажамі. Праўда, на гэтым і трымаецца камічны эффект, але нас дадзены мастацкі прыём не цікавіць.
Іншая справа, што ў «Тарасе на Парнасе» выкарыстана надзвычай своеасаблівая форма ўмоўнасці, цікава структурыруецца твор паводле часу і прасторы. Ратуючыся ад мядзведзя, Тарас ляціць у яму, ляціць невядома колькі часу (як гераіня Л.Кэрала ў «Алісе ў краіне цудаў») і трапляе на той свет: «Ляцеў ці доўга я ці мала, // Таго ніяк я не ўцямлю».
Такі шлях у іншасвет — надзвычай характэрны для міфаў і казак, у тым ліку, літаратурных, дзе герой ці гераіня спускаюцца ў лабірынт, у калодзеж, у яму, у якіх сустракюцца звычайна з Мінатаўрам (іншай пачварай), з Марозам, з бабуляй Мяцеліцай і падобнымі персанажамі, якія можна разглядаць і як праяўленні негатыўнай прыроды самога чалавека, нетраў яго падсвядомасці. Тарас між тым трапляе ў Рай, да таго ж яшчэ на гару, якая сімвалізуе не толькі іншасветнае быццё таленавітых душ, але і цэнтр свету. Самога Тараса можна разглядаць як своеасаблівага «культурнага героя» (у пачатку твора ён яўна ідэалізуецца) — так, у антычнай міфалогіі на Алімп трапляе Праметэй, толькі Тарас вяртаецца не з агнём Цывілізацыі, а з агнём, кажучы фігуральна, Творчасці. Пра падарожжа ў іншасвет (у другое вымярэнне) прыгожае пісьменства гаворыць хоць і рэдка, але затое ў творах геніяльных (дастаткова згадаць «Эпас пра Гільгамеша», «Божаскую камедыю» Дантэ, «Ружу Свету» Д.Андрэева), аднак толькі яшчэ ў Сервантэса ў адным з малавядомых твораў герой трапляе на Парнас.
В.Дунін-Марцінкевічшырока выкарыстоўваў фальклор, часта апісваў у сваіх творах народныя абрады, асабліва Купалле («Купала»), згадваў і некаторыя міфалагічныя персанажы, напрыклад, казачных сабак Стаўры і Гаўры. Але ў творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча міф — якраз у найбольшай ступені прыём, пазбаўлены філасофскага напаўнення.
У цэлым развіццё беларускай літаратуры ў ХІХ ст. ішло па шляху ўзмацнення не ўмоўнага, а рэальнага планаў. Але нават у буйнейшага мастака-рэаліста другой паловы ХІХ ст. Ф. Багушэвічасустракаецца шэраг фальклорных вершаў, якія сістэмай вобразаў своеасабліва паўтараюць «Шляхціца Завальню»: дзейнічаюць у іх чорт, ведзьмы. А ў працяг традыцыі апокрыфа «Хаджэнне Багародзіцы па пакутах» Багушэвіч малюе ў вершаваным апавяданні «Быў у чыстцы» іншасвет, толькі ў адрозненне ад «Тараса на Парнасе» тут паказваецца не Рай, а Чыстка.
Найбольш цікавы з фальклорных вершаў Ф.Багушэвіча — «Хцівец і скарб на святога Яна». У творы адразу некалькі міфалагічных матываў: пра продаж душы чорту, пра заклятыя скарбы, пра таемны лес, пра кветку-папараць. Лес тут — у духу народных казак — таксама ўвасабляе іншасвет: «У тым лесе заклятым не расло нічога, // Праз яго ніколі не ішла дарога, // Баяліся людзі ў той лес заходзіць…»
Такі таямнічы лес у міфалогіі азначае пераход, калі душа сустракаецца з нечым пагібельным і невядомым; вобласць смерці. У чароўны лес — другое вымярэнне — трапляюць, як у некаторых замовах на зло, паўзком, «ды наперад задам», праз лаз, як яшчарка ці гад. У лесе хцівец — пры дапамозе чорта і ведзьмы — здабывае кветку-папараць, якая даруе яму самыя разнастайныя і багатыя веды літаральна пра ўсё ў свеце (тое, да чаго імкнуліся ўсе містыкі) — сапраўдны Скарб, ды толькі хціўцу патрэбна іншае — золата. Кветка сама — як расплаўленае золата зямлі («кветачка, як слоньца»), толькі, на нашу думку, гэта «чорнае» сонца — тое сонца, якое прасоўваецца кожную ноч пад зямлёю на ўсход і выходзіць на паверхню зямлі — у працэсе свайго падарожжа — толькі раз на працягу года: на Святога Яна (на Купалле), калі днём свяціла стаіць у зеніце. Але ўсё ж Папараць — сонца, хоць і сонца надзіра, а не зеніта. Вось чаму яна — сімвал шчасця ў беларусаў — сімвал надзвычай глыбокі. Сімптаматычна, што ён як бы заканчвае сабою развіццё беларускай літаратуры ХІХ ст., як сімвал Кнігі(у Сімяона Полацкага) фактычна заканчваў развіццё літаратуры Сярэднявечча, якое прайшло ў нас менавіта пад знакам пісьменнасці. Гэтым двум сімвалам — Прыроды і Культуры — суджана аб’яднацца неўзабаве — у беларускай літаратуры самага бліскучага свайго перыяду — пачатку ХХ ст.
Читать дальше