Ад М. Гусоўскага ідзе натурфіласофская лінія ў беларускай літаратуры і паэтызацыя зубра як сімвала Маці-Радзімы. Метафары паэмы яшчэ ў значнай ступені звязаны з архаічным татэмістычным светапоглядам, з анімістычнымі ўяўленнямі нашых продкаў.
Алегарычныя вобразы ў творчасці Сімяона Полацкага
У ХУІІ ст., эпоху Барока, беларуская літаратура развівалася ў цеснай і плённай узаемасувязі (гарызантальнай і вертыкальнай) з суседнімі славянскімі літаратурамі. З’яўляючыся па свайму геаграфічнаму становішчу «унутрыславянскай», яна садзейнічала збліжэнню і ўзаемаўзбагачэнню літаратур усходніх і заходніх славян. Пасрэдніцкая роля Беларусі асабліва прыкметная ў распаўсюджанні першага агульнаеўрапейскага стылю барока, а таксама асветніцкіх ідэй. Але каб быць пасрэдніцай, гэта значыць, успрымаць новыя павевы і перадаваць іх далей, беларуская літаратура сама павінна валодаць значнымі мастацкімі каштоўнасцямі. Вышэйшае дасягненне беларускай культуры гэтага перыяду — творчасць Сімяона Полацкага. Ён увёў у рускую літаратуру эстэтычную сістэму барока, распрацаваную ім па-філасофску, этычна і эстэтычна.
У творчасці Сімяона Полацкага найважнейшае месца адведзена навуковым (схаластычным) ідэям, заснаваным, як і ў выпадку з М.Гусоўскім, на эмпірычнай тэорыі Арыстоцеля. У паэтыцы многіх еўрапейскіх вучоных ( Піка дэ ля Мірандола, Эразм Ратэрдамскі, Грыгоры Скаварада, Міхаіл Ламаносаў) схаластыка выконвала канструктыўную ролю. Так і «Сімяон выкарыстоўваў даступныя яму прыродазнаўчыя веды ў якасці паэтычных тропаў». Шырока распаўсюджана думка, што Сімяон Полацкі, хоць і быў праваслаўны пісьменнік, але «узрос на лацінскай заквасцы і многае пераняў з вопыту заходнеўрапейскага барока». Сярод яркіх прымет эпохі была цікавасць інтэлектуалаў Еўропы да астралогіі. Аддаваў ёй даніну і Сімяон. Яго сістэма тропікі ў многім грунтуецца на астральнай сімволіцы, глыбока распрацаванай яшчэ ў эпоху Антычнасці. Астралогія — своеасаблівы сімбіёз міфалогіі (як касмагоніі) і астраноміі (як навукі), надзвычай развітай, як ні парадаксальна, у многіх старажытных культурах (Егіпет, Вавілон, Кітай). Арыстоцель, так шануемы Сімяонам, гаварыў, што думка пра багоў узнікла ў людзей ад двух пачаткаў: ад таго, што адбываецца з душою, і ад нябесных з’яў. Шмат якія вучэнні і традыцыі гаварылі пра жывы Сусвет. У духу астральнай (міфалагічнай) традыцыі Сімяон славіць Неба як месцазнаходжанне Адзінага Бога, і святыя душы, што ўтвараюць уласна Космас. У «Метрах», вершах беларускага перыяду творчасці, якімі Сімяон Полацкі славіць рускага цара Аляксея Міхайлавіча, адчуваецца стагоддзямі адпрацаваны метафарызм: «Светила светла на небе сияют, бег истецают»; «Небо вовеки ест Богу престолом».
Цэнтральная фігура неба — сонца. Лацінскае «sol» — сонца — выяўляе ідэю хвалі жыццятворных сіл, што ідзе з нябёсаў на зямлю. У праваслаўнай традыцыі Бог называецца Адзіным Духоўным Сонцам. Але з сонцам параўноўвае Сімяон і цара, і яго дзяцей, і галоўнае — Ерусалім і Полацк у сваіх панегірычных вершах: «Слонцем ты естесь, царю, бо Русь просветилесь, // Кгды хмуры еретиковы от нас отдалилесь. // Слонце се бо твое око на всих поглядает, // Яко слонца круг в небе сей мир просвещает». Або: «Слонце всім равно светла узычает»; «Чтож есть Мария новорожденна // Слонцем ест, ибо от слонца спложенна». Вобразам Еўфрасінні Полацкай «еліко небо солнцем украшенно».
Сімяон Полацкі лічыў, што навука павінна садзейнічаць умац аванню аўтарытэта царквы, пераконваць у божаскай прыродзе самога пазнання. Бачны свет — не толькі метафара, але і прытча: Полацкі часта звяртаецца да сімвалічна-эмблематычных асэнсаванняў, дзе міфалагемы, безумоўна, з’ўляюцца асновай вобразнасці. Напрыклад, ён цудоўна абыгрывае паняцце «мора» і імя Марыя, разумеючы адзінства іх на вельмі глыбокім узроўні: Зямля як усеагульная Маці (Маці Божая Марыя) — гэта і вада, водная планета (таму невыпадкова ў славян — Маці Сырая Зямля): «Мария с тобою, а ты за Мариею, // Пройдем море, маю в Марие надею. // …Справит то Мария, бо она водами, // Поветрем владает, нават и небами».
У цэлым Сімяон Полацкі абапіраўся на звыклы рэквізіт вобразаў, матываў і рэлігійных уяўленняў (звяртаўся да матыву Сусветнага Патопу, дзе толькі Царква — каўчэг выратавання, а таксама да вобраза Сусветнага Дрэва). Але часам ужываў і нязвыклыя ў праваслаўнай традыцыі тропы, як правіла, заснаваныя на народнай традыцыі, напрыклад, «снопу пшеніцы чрево пріровнано Хрыста», або «время днем і ночью по кругу всегда ходіт»; «круг вечность значіт»; «время быстролетное быстрымі оленямі днем і ночью скачет». Апошні вобраз асабліва старажытны, бо яшчэ ў эпоху палеаліту Космас уяўляўся Аленем-залатыя рогі.
Читать дальше