Рамантызм народжаны бурнай пераломнай эпохай. Гэта адмоўная рэакцыя на французскую буржуазную рэвалюцыю і тэндэнцыі ў ідэалогіі, якія пачала насаджаць буржуазія. Антыгуманным тэндэнцыям рэчаіснасці, утылітарызму і эгаізму рамантыкі супрацьпастаўлялі ўзвышаны духоўны свет асобы, якая імкнецца пераадолець сваю адчужанасць і набыць паўнату жыцця ў глыбока творчым далучэнні да вечных каштоўнасцей прыроды, гісторыі, культуры.
Рамантыкі перараблялі міфы антычныя, біблейскія, сярэднявечныя, пры гэтым вельмі свабодна маніпуліравалі традыцыйнай міфалогіяй, перамешвалі розныя матывы і вобразы. Асабліва нетрадыцыйнай была міфатворчасць Э.Т.А. Гофмана, М. Гогаля і Э. По. Праз іх казачную фантастыку праглядвае нейкая глабальная міфічная мадэль свету, а гэта пачало надзвычай цаніцца ў мадэрністскай літаратуры ХХ ст. Натурфіласофскія погляды рамантыкаў выклікалі ў іх цікавасць да ніжэйшай міфалогіі, так званых духаў прыроды, або духаў локусаў. У цэлым менавіта ў міфалогіі рамантыкі бачылі выяўленне гармоніі Прыроды, Космасу, імкнуліся сцвярджаць гэтую гармонію насуперак тэндэнцыі да пазітывізму, драбленню навук, аналітызму.
Сярод найярчэйшых зорак рамантычнай еўрапейскай літаратуры адно з галоўных месцаў належыць Адаму Міцкевічу. Безумоўна, А. Міцкевіч — перш за ўсё вялікі польскі паэт, але нельга яго выключаць і з беларускай літаратуры, гэта паэт беларуска-польскага памежжа, як і Ян Чачот, Ян Баршчэўскі. У творчасці гэтых песняроў найлепш адбіўся менавіта беларускі фальклор і прырода той зямлі, якая іх узрасціла, — Беларусі.
А. Міцкевіч нарадзіўся ў надзвычай жывапісным кутку Беларусі, народныя беларускія казкі і легенды чуў яшчэ ў дзяцінстве ад прыгоннага селяніна Блажэя, у маладосці разам з Чачотам хадзіў па вёсках, засценках, кірмашах і збіраў народныя паданні. Асабліва яго ўразілі легенды, звязаныя з возерам Свіцязь, якія ён пачуў ад старога рыбака у самую шчаслівую пару свайго жыцця — часе кахання да Марылі Верашчакі. Менавіта думаючы пра Марылю, Міцкевіч піша балады «Люблю я», «Рыбка», «Курганок Марылі», «Дудар». Непасрэдна са Свіцяззю звязаны тры балады — «Свіцязянка», «Свіцязь», «Рыбка». Выкарыстоўваючы паданні аб узнікненні возера Свіцязь, Міцкевіч стварае арыгінальную легенду аб тым, як жанчыны гераічнага горада Свіцязі, не ў сілах змагчы ворага, моляць Бога аб смерці, і той затапляе іх горад возерам. Заліванне святога горада вадою — матыў, надзвычай распаўсюджаны ў міфах многіх народаў (можна назваць хоць бы рускую легенду пра горад Кіцеж). Яго паходжанне — ад міфаў пра патоп або пра затапленне біблейскіх гарадоў Садома і Гаморы, але пераасэнсаваных Міцкевічам у станоўчым духу: не за грахі Бог карае, а ратуе такім чынам ад ворага. Міцкевіч нібы хоча сказаць: там, пад вадою, — сапраўдная Беларусь, а тое, што на паверхні — яно не спрадвечнае, спаганенае, змененае чужынцамі.
З уяўленнямі пра тое, што душа чалавека пасля яго смерці пагружаецца ў ваду, звязаны надзвычай пашыраныя паданні і былічкі пра істот, што жывуць у вадзе — русалак. Увогуле вада спрадвек разумелася як жаночая існасць. У егіпецкай міфалагічнай сістэме схематычнае адлюстраванне возера азначала таямнічасць і загадкавасць, а таксама ідэю ўзроўняў. У той жа час паверхня возера мае значэнне люстэрка (менавіта так ў «Свіцязі»), а гэта азначае самасузіранне, развагу, адчуванне вечнасці, злучэнне неба і падзем’я: «Не можаш адрозніць у срэбным сутонні // Дно возера ўжо ад зеніту. // Як быццам вісіш ты ў нябесным бяздонні, // У нейкім разліве блакіту».
У баладзе «Свіцязянка» дзяўчына, што стала русалкаю, карае былога каханага за здраду сваёй клятвы. Па прычыне здрады канчае самагубствам і Крыся ў «Рыбцы», прытым ператварае пана-ашуканца з яго новай жонкай у камяні. У індуістскай міфалогіі рыбы — абсалютна свабодныя стварэнні, якім не пагражае патоп. Ці не так падсвядома, на ўзроўні архетыпаў, выражалася мара Міцкевіча пра свабоду? Увогуле ж творы Міцкевіча цудоўна ілюструюць народную этыку, зафіксаваную ў міфалагічнай свядомасці, сцвярджаюць непазбежнасць пакарання за грахі. У той жа час у іх — цікавасць Міцкевіча да смерці як невядомага аспекту быцця (містычныя настроі Міцкевіча асабліва праявяцца пазней, у Парыжы). Тая ж цікавасць выключна яскрава праявілася ў паэме «Дзяды», дзе аднаўляецца беларускі памінальны абрад і зноў узнікае матыў віны і кары.
Беларускі міф і фальклор у творчасці Адама Міцкевіча — гэта фактар аб’яднання пісьменніка і народа, чалавека і радзімы, беларускай і польскай нацый. Нішто так не яднае народы, як агульныя сімвалы.
Читать дальше