Паблізу тае ж чароўнае Наваградчыны, у сэрцы старажытнае Літвы, паказаў сябе не абы-якім пісьменьнікам беларускае мовы — якраз пры жыцьці Яна Чачота — Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (народжаны ў 1808 годзе на Бабруйшчыне), сын яго міласьці Яна Марцінкевіча, наваградзкага падчашага. Заможны шляхціч на пару сотнях гектараў зямлі, якім ён быў у тую пару, ня мог не гарнуцца да ідэі аднаўленьня Польшчы, хоць і жыў — як на пана — вельмі дзіўна, бо спачуваў мужыку. У яго асобе значна выразьней бачым той чачотаўскі парадокс душы беларускага чалавека, выхаванага ў польскім духу, які не кіруецца эгаізмам, перажывае за долю роднага люду, бацькоўскай краіны. Такімі альбо падобнымі будуць усе яны, паэты позьнефэадальнай Белай Русі, пакуль ня ўвойдзе ў жыцьцё маладое пакаленьне разначынцаў і сялянскай паўінтэлігенцыі з багачоўскіх сялібаў, абмужычэлых шляхцюкоў. Пра іх няпроста гаварыць. Заслужыліся яны для Беларусі фактычна мімавольна, не падумаўшы, што ўнукі заваююць ёй дзяржаўнасьць, „пачэсны пасад між народамі”.
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч цікавіўся больш за ўсё тэатральным словам і сцэнічнай творчасьцю. Даў ён нашай культуры поўны спэктакаль: прафэсійна напісаныя п’есы Залёты й Пінская шляхта, вершаваныя апавяданьні й аповесьці, пераклады (між іншым, Пана Тадэвуша). Зьдзівіўся б Ян Чачот, што любая яму крывіцкая мова набыла гэткі вялікі размах пад пяром ягонага пасьлядоўніка! Але, на свой манер, зьдзіўляемся й мы, Марцінкевічавы прапраўнукі, што гэты бацька беларускай сучаснай літаратуры інтэлектуальна ня вырас па?за сьвядомасьць мовы й на практыцы заставаўся палітычным палякам. У яго прыватную школку для вясковых дзетак хадзіў Антон Лявіцкі, будучы нацыянальны дзеяч і пачынальнік беларускай прозы, вядомы як Ядвігін Ш. Ён у сваіх успамінах згадваў потым, што нічога беларускага ня вынес адтуль, а й сам пан Вінцэнт ні словам не наважваўся ўзгадоўваць іх на патомкаў слаўнае бацькаўшчыны; дома панаваў культ канфэдэраткі.
Для справядлівасьці трэба дадаць, што амаль ідэнтычная сытуацыя паўторыцца таксама ў сям’і Францішка Багушэвіча, але ўзровень таго ўжо будзе нашмат вышэйшы: стаўкай акажацца ня толькі тое, каб навучыць мужычанятаў чытаць і пісаць па-польску ды па-француску, як было гэта ў выпадку Марцінкевічавага асьветніцтва. Аднак нікога не павінны мы судзіць паводле сёньняшніх мерак.
I Ян Баршчэўскі, і Ян Чачот, і Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, і Аляксандар Рыпінскі, пра якога пагаворым яшчэ, і цэлы шэраг творцаў беларускага мастацкага слова за ўсе тры чвэрці ХІХ стагодзьдзя маглі быць няйначай як дзяцьмі панскае Польшчы, выхаванкамі яе фэадальнай культуры, а на сваю беларускую творчасьць глядзелі як на шчырую, сардэчную спагаду да паняволенага просталюдзіна, як на выказваньне імі голасу душы ягонае. Характэрнае прытым, што творчыя здабыткі, таксама й Марцінкевіча, сталі шырока вядомымі як быццам па часе — у пэрыяд народзінаў нашага нацыянальнага руху пасьля 1903-1905 гадоў. Пры іх жа памяці ўсё тое валялася ў шуфлядах з рукапісамі, зрэдку толькі друкавалася ў нейкім элітарным зборнічку... Так родзіцца немаўля, несьвядомае спачатку свайго існаваньня.
Беларускія парадоксы прынялі цяжка растлумачальныя, пакручастыя формы акалечанага дрэва ад таго гістарычнага моманту, калі гэты ўсходнеславянскі народ узьяднаўся ў адной дзяржаве з заходнеславянскімі палякамі. Усход перакрыжаваўся з Захадам, утвараючы новую якасьць, над якою па сёньняшні дзень ламаюць сабе галовы вучоныя мужы. Цікавы й загадкавы вынік сымбіёзу культураў, мэнталітэтаў, шляхоў зь мінулага. Ад заняпаду старажытнабеларускай Літвы, якая ахоплівала й неславянскія тэрыторыі ў Прыбалтыцы, да ўзьнікненьня асобнае Беларусі прамінуў век „з гакам”. Страта дзяржаўнасьці, відаць, ня толькі замарудзіла фармаваньне нацыянальнай сьвядомасьці ў народзе, але й зьмяніла грамадзкую базу яе — эліта канчаткова паддалася палянізацыі ў час інтэнсыўнага пашырэньня асьветы пад эгідаю Віленскага Ўнівэрсытэту пры імпэратары Аляксандры І. Шляхоцкая моладзь масава пайшла ў школы, апранулася ў гімназійныя альбо студэнцкія мундзіры. Ян Чачот, з тыповым яму сэнтымэнтальным жалем, прыгадваў, што толькі старыя любяць пагутарыць па-свойму, з чаго кпяць іхныя дочкі й сыны. Гэта добра вядомы нам і цяпер мэханізм асыміляцыі, адыходу гэтым разам сялянскіх дзяцей ад роднай мовы, што пагражае наогул сьмерцю беларускай нацыі... Назіраючы за сёньняшнім працэсам зьмяншэньня колькасьці беларусаў, можна зразумець, адчуць настроі ды атмасфэру ў памешчыцкіх дворыках — адбывалася ў іх дакладна тое самае: дэградацыя беларушчыны, адсоўваньне яе ў непатрэбшчыну. Маладым, зь ціхай згоды бацькоў, самым важным было, каб матэрыяльна забясьпечыць патомства. А дух — ня хлеб, не наясіся ім. Ідэя аднаўленьня самастойнай Літвы ў саюзе з Польшчаю апошні раз мільганула ў Студзеньскае паўстаньне, у народніцкай ідэалёгіі тайнага дыктатара Кастуся Каліноўскага, ягонай кіраўнічай групы. Выкрываючы ашуканскі характар ліквідацыі царскім урадам паншчыны, выступаючы за тое, каб селянін атрымаў разам з асабістай свабодаю таксама й зямельны надзел бяз выкупу ў пана свайго, каліноўшчыкам удалося крыху прыцягнуць да бунту вясковы элемэнт. Таму славуты „мяцеж” у нашай старонцы грымеў даўжэй і з большым размахам, чым у самой Польшчы, дзе падалася ў лес выключна шляхта й блізкая ёй гарадзкая інтэлігенцыя, ставячы галоўнай мэтай адваяваньне колішняе Рэчы Паспалітай. Паншчынны мужык, натуральна, ня верыў людзям з двароў, нават і беларускамоўнай прапагандзе ў падпольнай газэтцы пад назваю „Мужыцкая Праўда”, друкаванай штабам Каліноўскага. Паўстаньне захліснулася, як панскае, а не ўсенароднае. Прынесла яно ўсё ж некаторую лібэралізацыю ў сацыяльнай палітыцы царызму ў беларускіх ды польскіх губэрнях. У выніку тых жа рэпрэсіяў стварыла нечуваную раней сытуацыю: беларус перастаў лічыцца своеасаблівым гатункам паляка; афіцыйныя агітатары ўгаворвалі яму нешта адваротнае — што ён спакон вякоў уяўляе сабою заходнюю разнастайнасьць расейскае народнасьці. Паміж Масквою й Варшаваю разгарэлася барацьба за ягоную, вызваленую ад прымусу бізуна, душу. Месца адступаючых польскіх уплываў, адміністрацыйна адштурхоўваных назад, займалі расейскія душаловы, што не магло не закончыцца нейкім трэцім самаўсьведамленьнем. За дзесяць гадоў да нелегальнага зьяўленьня першых кніжак Францішка Багушэвіча, але ў тыя ж дзесяць гадоў пасьля павешаньня сатрапамі ў Вільні згаданага Кастуся Каліноўскага даходзіць да пачатковых фармулёвак менавіта беларускага нацыянальнага руху, да арганізацыі Беларускай партыі ў рамках слыннай тады „Народнай Волі”, напісаньня й апублікаваньня праграмы ўстанаўленьня Беларускага Народу й яго Дзяржавы на пераломе сямідзесятых й васьмідзесятых гадоў ХІХ стагодзьдзя, трыццаць гадоў ад скананьня Яна Чачота, але яшчэ пры жыцьці Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, пра якога ведаў згаданы ўжо іншы пясьняр, Аляксандар Рыпінскі.
Читать дальше