У 1958 годзе Іван Чыгрын стаў аспірантам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі і з 1961 года да пенсіі працаваў у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук Беларусі (цяпер Нацыянальная Акадэмія Навук РБ).
У 1968 годзе наш зямляк абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Станаўленне беларускай прозы і фальклор. Дакастрычніцкі перыяд.” Асобнаю кнігаю гэтая праца пабачыла свет у 1971 годзе. У ёй Іван Чыгрын упершыню ў беларускім літаратуразнаўстве прасачыў працэс станаўлення беларускай прозы ў яе ўзаемаадносінах з мастацкім вопытам фальклору.У цэнтры ўвагі даследчыка былі праблемы ўзаемадзеяння творчых метадаў прафесійнай прозы і прозы народнай, а таксама пытанні кампазіцыі, сюжэта, мовы, стылю.
Наогул, Іван Чыгрын шмат гадоў даследуе ўзаемадзеянне фальклору і творчасці Ядвігіна Ш., Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Міхася Зарэцкага, збірае і публікуе лексіку вёскі Чамяры, займаецца тэксталогіяй, склаў хроніку літаратурнага жыцця Беларусі, якая ўвайшла ў “Гісторыю беларускай літаратуры” (1968). Падрыхтаваў і выдаў асобнымі кнігамі выбраныя творы Ядвігіна Ш., Янкі Купалы, пісьменнікаў “Маладняка” “Веснаход” і іншыя.
У сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя з друку выйшлі дзве манаграфіі Івана Чыгрына “Проза “Маладняка”.Дарогамі сцвярджэння” і “Крокі: проза “Узвышша”. У першай кнізе аўтар даследуе праблемы развіцця беларускай прозы 20-х гадоў ХХ стагоддзя. Найперш, гэта пытанні тыпізацыі, мадэліравання жыцця ў канкрэтнай, маладнякоўскай прозе, пытанні расшырэння тэматычных абсягаў, сцвярджэння прыгодніцкага і рамантычнага напрамкаў. На матэрыяле творчай спадчыны сяброў літаратурнай арганізацыі “Узвышша” Іван Чыгрын даследуе ў другой сваёй кнізе праблемы мастацкага стаўлення маладой беларускай прозы, у прыватнасці прозу Кузьмы Чорнага, Лукаша Калюгі і Андрэя Мрыя.
Новая манаграфія “Рэальнае і магчымае: проза Якуба Коласа” (1991) Івана Чыгрына была прысвечана праблеме мастацкай эвалюцыі творчасці класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Аўтар даследуе шляхі эпічнага станаўлення пісьменніка ў жанры рэалістычнага апавядання, філасофска-алегарычнай прозы і ў жанры рамана.
У 1994 годзе наш зямляк выдае новую кнігу “Паміж былым і будучым”, прысвечаную даследаванню шляхоў станаўлення творчай індывідуальнасці класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага.
Як бачыце, нядрэнна працуецца на службе літаратуразнаўства пісьменніку з Чамяроў. Але гэта яшчэ не ўсё. Іван Чыгрын — цікавы і самабытны паэт. Ён выдаў сем зборнікаў вершаў: “Капеж” (1992), “Трыба” (1998), “Бераг” (1998), “Люблю вясну” (2000), “Вынікі падсумоўваліся ў панядзелак” (2001), “Пялёсткі полымя” (2002), “Фантазіі старога дзеда” (2005).
Вершы, якія склалі гэтыя зборнікі, з філасофскім бачаннем прыроды і жыццёвых з’яў. Паэт знаходзіць тэмы і дэталі з блізкага яму вясковага побыту. На першы погляд здаецца, што празаічныя рэчы пад пяром творцы ператвараюцца ў тонкую лірычную паэзію:
Пасяджу. Пасумую.
Пагляджу. Патанцую.
Не, паеду. Пабуду.
Трэба быць сярод люду.
Спраўна моладзь вальсуе.
Спраўна песні спявае.
Працягну ім руку я,
Маладосць прывітаю.
Баба плача ў хусцінку!..
Да слязы я не дужа.
Яны з “Несцеркам” дружаць,
Яны ставяць “Паўлінку”.
Кажаш, голас нямоглы.
Сведчыш, ногі не тыя.
Зразумела, аблогі
Былі чыста крутыя.
Сам Лявон ў карагодзе
Там з Лявоніхай ходзе.
Чорта водзяць за рогі.
Мішка ходзіць на задніх, —
На гулянне з бярлогі
Паднялі раннем раннім.
Не маё гэта шчасце
Адзіноты напасце.
Трэба быць сярод люду.
Я паеду, пабуду. [31] Чыгрын Іван. Трыба. Мн., 1998. С. 57-58
Вершы Івана Чыгрына пра наша жыццё, хаця жыццё — гэта не толькі радасці. Таму лірычны герой ягоных паэтычных твораў заўсёды ў роздуме, у няпростым, нярэдка балючым самааналізе:
Шчасця няма.
Шчасце недасягальнае.
Шчасце ў тым, каб вечна цягнуцца… да шчасця. [32] Чыгрын Іван. Вынікі падсумоўваліся ў панядзелак. Мн., 2001. С. 38
Як сведчаць паэтычныя радкі Івана Чыгрына, галоўнае для яго — моцнае пачуццё, думка, якія шукаюць глыбіні і змястоўнасці. Паэт вядзе няўрымслівы і наватарскі пошук ва ўсім. Паэзія чамяроўца адрозніваецца ад паэзіі яго равеснікаў і ад вершаў сучасных маладых наватарскіх паэтаў. Гэтым ён і цікавы, эмацыянальны, новы:
Читать дальше