Такім да сённяшніх дзён памятаюць нашага земляка яго сябры, такім ён застанецца і ў памяці ўсіх чамяроўцаў.
СЦЯПАН МІСКО
Цяпер Сцяпан Міхайлавіч Міско хварэе, таму ў родных Чамярах даўно не быў. А калі прыязджаў на Слонімшчыну, забягаў да мяне ў рэдакцыю раённай газеты, дзе я працаваў. Але пры сустрэчах ён ніколі пра сябе не расказваў. А калі я наведваў Мінск, то заходзіў да яго на працу ў Кніжную палату на праспекце Машэрава, 11. Аднойчы я асмеліўся і запытаўся ў яго: «А ці праўда, Сцяпан Міхайлавіч, што гэта вы напісалі радкі пра былога міністра культуры СССР Фурцаву?». Сцяпан Міхайлавіч усміхнуўся і нагадаў гэтыя радкі:
Я нічога не баюся —
Я на Фурцавай жанюся:
Буду шчупаць сіскі я
Самыя марксісцкія!
Такая прыпеўка-жарт была дарэчы, бо кандыдат мастацтвазнаўства, культуролаг Сцяпан Міско ўсё сваё жыццё аддаў гісторыі тэатра. А многія рэспубліканскія пытанні тады ў тагачаснай савецкай імперыі без Масквы не вырашаліся. А культуру на «необъятных просторах СССР», сапраўды, курыравала таварыш Фурцава. Таму ажыццявіць беларускія культурныя планы такім людзям як Сцяпан Міско так і не ўдалося. Проста ім не давалі. А гэтых планаў было шмат.
Сцяпан Міско нарадзіўся 18 студзеня 1930 года ў Чамярах. Вучыўся ў мясцовай пачатковай школе, пасля скончыў беларускую школу № 1 г. Слоніма і Мінскі інстытут замежных моў. Пра сваё маленства Сцяпан Міско згадаў у артыкуле «Вёска Чамяры»: «Маленства прайшло ў панскай Польшчы. Мы не разумелі тады, што такое акупацыя. Бачылі, як ловяць людзей, гоняць у турмы, толькі мы не здагадваліся, што гэтыя людзі хацелі лепшай долі для ўсіх. У школе крышку разабраліся. Там з першага класа на пытанне: «хто ты такі?» — павінны былі адказаць:
— Поляк малы.
— Які знак твуй?
— Ожэл бялы…
Беларускіх і рускіх кніг у вёсцы было шмат. Мы іх чыталі дома, ведалі напамяць: «Я мужык-беларус, пан сахі і касы», «Ярка на камінку смольны корч палае», «Хто ты гэткі? Свой, тутэйшы». І пазней ужо адчулі, што ніякія мы не палякі, што тутэйшы — значыць беларус. Некаторыя польскія песні і вершы нам падабаліся, бо ў іх расказвалася аб такім жа сялянскім жыцці, як і наша:
В понедзялэк рано,
Косіл ойцец сяно.
Косіл ойцец, косіл я,
Косілісь мы обыдва…
Або пра пастушка, які прасіў сонейка, каб хутчэй заходзіла, «бо мі нужкі болён за гэнскамі ходзіць». Такое самае было і наша маленства.
Падрос да гадоў шасці ды ў пастушкі. Пачынае світаць, а маці ўжо будзіць. Спачатку ласкава: «Сынок, сыночак…». А потым і дубца пакажа. Нічога не зробіш, трэба. З пастушка ў барану, з бараны ў граблі, ад грабель да касы і плуга — такі шлях вясковых хлапчукоў заходнебеларускай вёскі майго пакалення». [30] Міско Сцяпан. Вёска Чамяры // Полымя. 1968. № 8. С. 181-182
Пасля заканчэння інстытута, Сцяпан Міско вярнуўся ў Слонім. У пасёлку Альбярцін (цяпер мікрараён Слоніма) у сярэдняй школе шэсць гадоў выкладаў французскую, нямецкую, беларускую і рускую мовы. У 1958 годзе паступіў у аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Затым працаваў у гэтым інстытуце (завочна вучыўся ў дактарантуры на кафедры тэатра народаў СССР у Маскоўскім інстытуце тэатральнага мастацтва.
У 1962 годзе ў Кіеве ў самога Максіма Рыльскага абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Вытокі беларускага народнага тэатра». Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі, шмат пісаў, апублікаваў больш за сотню артыкулаў у рэспубліканскіх газетах, часопісах, зборніках і альманахах, прысвечаных беларускаму тэатру, літаратуры, жывапісу, музыцы. Напісаў і доктарскую дысертацыю на тэму «Беларускі тэатр ад вытокаў да першай паловы XVIII стагоддзя”. Дысертацыю абмеркавалі, адобрылі, але абараніць яе Сцяпан Міско не паспеў.У 1974 годзе яго звальнілі з працы з Акадэміі навук БССР, дзе працаваў старэйшым навуковым супрацоўнікам. “Нас выгналі тады за “неправильные взгляды по национальному вопросу”, — расказаў неяк мне Сцяпан Міхайлавіч. — Выгналі мяне, Міколу Прашковіча з Інстытута літаратуры, Вячаслава Рабкевіча з БелСЭ, Алеся Каўруса з Інстытута мовазнаўства, Міхася Чарняўскага з Інстытута гісторыі. Патраслі некаторых хлопцаў і ў Гародні. Мяне трымалі ў КДБ роўна 6 дзён і ўсё вялі допыт. Зрэдку адпускалі паесці, а пасля зноў дапытвалі. А пасля, як п’яніцу, адправілі на 10 дзён спачатку ў медвыцвярэзнік, а пасля — убіраць смецце і працаваць на Мінскім маторным заводзе. А потым адпусцілі…”.
Читать дальше