Я тры рэжымы перажыў:
Быў пан, быў гітлерац, “таварыш”.
І памяць кажа: беражы,
Каго яны закатавалі.
Палегла многа без віны
За мову родную ў змаганні.
А голас іх дасюль звініць
На гістарычным скрыжаванні.
Каб не забылі мы наш род
І тых, каго няма на свеце,
Каб ведалі, што мы — народ,
Што дзень свабодаю нам свеціць.
Свабодны люд стварыў бы лад
Дэмакратычны, не жалезны,
Каб Беларусь наша была
Краінай вольнай, незалежнай. [27] Іверс Анатоль. Травень. Слонім. 1997. С. 55
ЯКУБ МІСКО
З земляком Якубам Міско мне не пашанцавала сустрэцца і пазнаёміцца. Калі я паступіў на першы курс Белдзяржуніверсітэта, у часопісе «Маладосць» (1980, № 9) з’явілася яго дакументальная аповесць «Было яно калісьці…». Я купіў часопіс і на адным дыханні прачытаў гэтую аповесць. У ёй Якуб Міско цікава апісваў свае дзіцячыя і юнацкія гады, беларускую Вільню, дзе вучыўся і сталеў, а таксама родную Слонімшчыну. А дзесьці ў 1989 годзе яшчэ адзін мой зямляк, доктар гістарычных навук Васіль Мялешка прыслаў мне верш Якуба Міско, які называўся «Наперад». Гэты верш гісторык знайшоў у архіве, ён друкаваўся ў 1926 годзе ў падпольным часопісе вучняў Віленскай беларускай гімназіі. Я параіў Васілю Іванавічу даслаць верш Якуба Міско ў «ЛіМ», што ён і зрабіў. І 6 кастрычніка 1989 года верш «Наперад» Якуба Міско быў надрукаваны на адной са старонак тыднёвіка. Гэты верш у той час заклікаў моладзь да шчаслівейшай долі, да барацьбы за лепшае жыццё:
Наперад, да лепшае долі!
Наперад, да сонца, да зор!
Мы ў цемры ня можам жыць болей,
Нам трэба сьвятло і прастор!..
Якуб Міско нарадзіўся 1 ліпеня 1911 года ў вёсцы Чамяры ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў пачатковай школе ў бежанстве ў Расіі. А калі сям’я вярнулася ў Чамяры ў 1921 годзе, паступіў у Віленскую беларускую гімназію, адкуль яго за рэвалюцыйную дзейнасць некалькі разоў выганялі.
З 1932 года працаваў у галоўным сакратарыяце дэпутацкага клуба “Змаганьне”, а таксама ўзначальваў рэдакцыю “Беларускай газеты”. Вельмі часта Якуба Міско арыштоўвала польская паліцыя і саджала ў турмы. А перад самай вайною, калі прыйшлі ў Заходнюю Беларусь саветы, яго арыштавалі органы НКУС. Праўда, праз год выпусцілі і Якуб Міско вярнуўся ў Чамяры. Спачатку працаваў дома па гаспадарцы, а перад самай вайною паехаў у Ліду, дзе ўладкаваўся ў мясцовую райгазету.
Калі пачалася вайна, Якуба Міско забралі на фронт. Спачатку быў радавым разведчыкам, а да Берліна дайшоў гвардыі маёрам з пяццю ордэнамі. Калі вярнуўся на Радзіму, паступіў і скончыў Баранавіцкі настаўніцкі інстытут.
Усё жыццё Якуб Міско адпрацаваў журналістам. З іх амаль 30 гадоў — у «Сельскай газеце». Пісаў не толькі журналісцкія матэрыялы, але і апавяданні, гумарэскі, артыкулы пра былых дзеячаў Заходняй Беларусі, рэцэнзіі на кнігі Максіма Танка,
Янкі Брыля, Алеся Адамовіча, Міхася Машары, Віктара Касько. На беларускую мову пераклаў творы К.Брандыса, М.Жулаўскага, Е.Путрамента, М.Каўнацкай.
У 1967 годзе Якубу Міско было прысвоена званне заслужаннага дзеяча культуры Беларусі.
Да апошніх сваіх дзён наш зямляк шмат працаваў, пісаў, сустракаўся са сваімі сябрамі. Журналіст М. Шыбаліс пісаў пра Якуба Міско: «До последних дней он продолжал накапливать знания, много читал, пополнял свою богатую библиотеку. Доступный и общительный, любивший шутку, розыгрыш, дороживший дружбой с товарищами, он был твёрд и требователен в работе, прежде всего, к самому себе». [28] Шибалис М. Голос молчаливого сердца // Сельская газета, 6 марта 1983
Пасля смерці Якуба Міско (памёр 23 кастрычніка 1981 года) народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль сабраў яго лепшую спадчыну і выдаў асобнаю кнігаю, якую назваў «Маё маўклівае сэрца». У першы раздзел кнігі ўвайшлі дакументальная аповесць «Было яно калісьці…», а ў другі — нарысы, артыкулы і гумарэскі. Ва ўступным слове да кнігі Янка Брыль сказаў: «Найлепш пісалася яму тое, што звязана з былой Заходняй Беларуссю, з яе горкай нядоляй, са слаўнай барацьбой яе лепшых сыноў і дачок за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. У гэтай цікавай, высокакультурнай публіцыстыцы амаль усюды натуральна і неабходна прысутнічае аўтар — як актыўны ўдзельнік многіх галоўных падзей свайго часу, са сваім глыбінным веданнем прадмета, са сваёй ідэйнай перакананасцю, грунтоўна праверанай у выпрабаваннях на сталасць». [29] Брыль Янка. Замест прадмовы // Міско Якуб. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983. С. 4
Читать дальше