Пры жыцці Міхаіл Міско выдаў дзве кнігі і быў сааўтарам некалькіх выданняў. Найперш наш зямляк даследаваў гісторыю Польшчы, асабліва эканамічнае і палітычнае становішча Польшчы ў пачатку ХХ стагоддзя.
У 1958 годзе ў Маскве выйшла вялікае трохтомнае даследаванне “Гісторыя Польшчы”, дзе асобныя раздзелы па гісторыі нашай суседняй дзяржавы былі напісаныя Міхаілам Міско.
А першая ўласная гістарычная манаграфія нашага земляка пабачыла свет у Маскве ў 1957 годзе. Яна называлася “Октябрьская революция и восстановление независимости Польши”, дзе аўтар разглядае польскае пытанне і становішча польскіх зямель напярэдадні першай сусветнай вайны і падчас акупацыі Польшчы германскімі і аўстрыйскімі войскамі, а таксама становішча Польшчы падчас рэвалюцыі ў Расіі 1917 года.
Другая кніга “Польское восстание 1863 года” прысвечана паўстанню пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Вядома, цяпер аўтар па-іншаму назваў бы сваё выданне, а тады, у пачатку 60-х гадоў, ён гэтага зрабіць не мог. Яму проста не дазволілі б. Ды і якое можа быць паўстанне ў 1863 годзе на Беларусі, ды яшчэ супраць расійскага царызму? А вось у Польшчы — гэта іншая справа. Хаця сам гісторык усё разумеў, што паўстанне такое ўзнікла на Беларусі і беларускі народ змагаўся за сваю незалежнасць.
АНАТОЛЬ ІВЕРС
У Слоніме на вуліцы Дабрыяна, 8 цяпер жывуць іншыя людзі. Я стараюся ў тым раёне бываць рэдка. Бо калі праходжу каля хаты, дзе жыў паэт Анатоль Іверс (Іван Дарафеевіч Міско) са сваёй жонкаю Нінай Паўлаўнай, сэрца пачынае шчымець ад таго, што ўжо няма гэтага сціплага чалавека і цікавага паэта. Яго не стала ў кастрычніку 1999 года, а крыху раней — памерла і Ніна Паўлаўна.
Калі бываў вольны час, я спяшаўся ў гэтую хату. Адчыняў знаёмыя веснічкі, праходзіў па невялікім дагледжаным надворку, заходзіў у сенцы, дзе пахла бульбаю і сушонымі яблыкамі ці грушамі. З парогу мяне вітала шчырая Ніна Паўлаўна — сяброўка па жыцці і жонка паэта. А Іван Дарафеевіч, як звычайна, сядзеў за сталом у сваім чысценькім пакойчыку і нешта пісаў.
“Пажаніліся мы летам 1945 года, — расказвала Ніна Паўлаўна. — Вось з таго часу і разам. А пазнаёміліся ў рэдакцыі слонімскай газеты “Вольная праца”, дзе я працавала літработнікам. Мне ён тады вельмі спадабаўся. Раней у Слоніме я не бачыла і не сустракала прыгажэйшага за яго мужчыну. Хаця на першы погляд, здавалася, што Ваня звычайны, як ўсе. Але заўсёды ў адрозненне ад іншых, ён быў і заставаўся паэтам. Вершы яго мне таксама падабаюцца. Я, напрыклад, як выйду зімою на вуліцу, заўжды прыгадваю яго радкі:
Марозам траскучым па хвоях
Наступная прыйдзе зіма.
Асабіста мне муж прысвяціў толькі адзін верш “Развеяліся хмары”. Але я ніколі на гэта не крыўдавала…”.
Гэты верш быў надрукаваны ў апошнім зборніку Анатоля Іверса “Травень” (Слонім, 1997). У ім ёсць такія радкі:
Сяброўка трапілася мне
Не горшая, чым марыў.
І перастала ўжо цямнець,
Развеяліся хмары. [23] Іверс Анатоль.Травень. Слонім, 1997. С. 33
Так, хмараў у жыцці паэта са Слоніма было шмат. Нарадзіўся ён 15 траўня 1912 года ў вёсцы Чамяры. Праз два гады сям’я падалася ў бежанства. Жылі ў Казанскай губерні і ў Кіеве. Вярнуліся дамоў толькі ў 1918 годзе.
Як не цяжка было, а за гэты час маленькі Ваня навучыўся чытаць па-руску, а калі вярнуўся з бацькамі ў родныя Чамяры, пайшоў “перавучвацца” у польскую пачатковую школу. Але гэтыя мовы былі для яго чужыя. Хлопчыку хацелася вучыцца ў беларускай школе. Аднойчы летам з Віленскай беларускай гімназіі прыехаў у Чамяры Казімір Чартовіч, які за лета падрыхтаваў чамяроўскіх дзяцей да паступлення ў гімназію. Сярод гэтых вучняў быў і Іван Міско. У 1926 годзе ён становіцца вучням беларускай гімназіі ў Вільні. Там чамяроўскі хлопец знаёміцца з Алесем Салагубам, Язэпам Урбановічам, Міхасём Васільком. Раскідвае лістоўкі, вывешвае чырвоныя сцягі, носіць у турму мопраўскія перадачы для вязняў, расклейвае плакаты, ходзіць на дэманстрацыі рабочых. Аднойчы паліцыя разагнала забастоўшчыкаў, а некалькі дзесяткаў гімназістаў былі выключаны з беларускай навучальнай установы, у тым ліку і Іван Міско, якога пад канвоем прывезлі ў Чамяры і пад распіску здалі бацькам.
Потым былі яшчэ дзве спробы працягваць адукацыю ў Клецкай і Навагрудскай гімназіях, але і адтуль “бунтар” Міско быў выключаны. Яго “універсітэты” закончыліся ў 1931 годзе, пасля чаго юнак вярнуўся ў родную вёску.
Читать дальше