Але прынцыповая пазыцыя БНФ і БСДГ мела ўплыў на стан грамадзкай думкі. Сацыялягічныя апытаньні, праведзеныя ў сьнежні 1993 году, мелі такія вынікі: 49,5% беларускіх выбарцаў — за ўводзіны пасады прэзыдэнта, і 29,3% — супраць.
Вярхоўны Савет 12 скліканьня, выбраны яшчэ ў савецкі час (у 1990 годзе), быў непрафэсійным. Бальшыня дэпутатаў складала лёбі прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча. Акурат яго бальшыня дэпутатаў бачыла прэзыдэнтам Беларусі. Якраз пад Кебіча пісалася Канстытуцыя Беларусі 1994 году, згодна зь якой Беларусь станавілася прэзыдэнцкай рэспублікай.
Вячаслаў Кебіч, зрабіўшы кар’еру ў партыйных органах, быў сваім для партыйнай і савецкай намэнклятуры, якая з савецкага часу захавала свае пасады ў органах улады як на цэнтральным, так і на рэгіянальным, мясцовым узроўні. У той жа час на працягу 1992-1993 гадоў у складзе старой эліты сфармавалася даволі магутная група, якая бачыла, што Кебіч ня тая фігура, якая адпавядае іх палітычным і эканамічным інтарэсам у сьвятле новых патрабаваньняў. Гэта група мела значнае прадстаўніцтва ў цэнтральных органах улады, сярод дырэктараў буйных прадпрыемстваў, мела падтрымку часткі прадстаўнікоў кіраўніцтва Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, Міністэрства ўнутраных спраў, Генэральнай пракуратуры, а таксама добрыя кантакты з часткай расейскага істэблішмэнту.
Галоўнымі прычынамі, чаму Кебіч не задавальняў іх, былі:
1) Рост пагрозы іх уладзе з боку дэмакратычнай контраэліты.
Беларуская дэмакратычная контраэліта пачала фармавацца дастаткова нядаўна — напрыканцы 80-х гадоў. На момант развалу Савецкага Саюзу яна была яшчэ ня ў стане ўзяць уладу. Але дэмакратычная контраэліта паступова набірала сілы. Яе сацыяльная база паступова пашыралася зь зьмяненьнямі ў сацыяльна-дэмаграфічным складзе насельніцтва, а таксама дзякуючы таму, што дэмакраты мелі магчымасьць інтэнсіўна працаваць з насельніцтвам (маючы прадстаўніцтва ў парлямэнце, доступ да некаторых буйных дзяржаўных СМІ).
2) Узмацненьне рабочага руху [38] Намэнклятура надоўга запомніла мітынг рабочых Менску ў красавіку 1991 году, калі больш за 100 тысяч рабочых выйшлі на плошчу перад Домам ураду.
. Была відавочнай тэндэнцыя ўсё больш моцнага супрацоўніцтва кіраўніцтва незалежных прафэсійных саюзаў і страйкавых камітэтаў з дэмакратычнымі палітычнымі партыямі Беларусі [39] Адзін зь лідэраў БНФ Сяргей Антончык уваходзіў у склад кіраўніцтва рэспубліканскага страйкавага камітэту.
.
3) Для пабудовы рынкавай эканомікі дзяржава павінна была ўзяць на сабе рэгулюючыя функцыі, забясьпечыць кантроль за функцыянаваньнем і рэфармаваньнем дзяржаўных прадпрыемстваў. Паколькі доля дзяржаўных прадпрыемстваў ува ўнутраным валавым прадукце складала каля 90%, прэзыдэнт павінен быў стаць галоўным арбітрам для дырэктарскага корпусу.
Беларуская эканоміка была ня толькі пабудавана ў савецкі пэрыяд як частка агульнасавецкага гаспадарчага комплексу, яна функцыянавала, па інэрцыі, на падставе тых традыцыяў, якія склаліся ў савецкі час, што ўплывала на якасьць мэнэджмэнту.
У пару існаваньня таталітарнай дзяржавы гаспадарчы абарот рэгуляваўся ня толькі нормамі права, а і пастановамі партыйных органаў. У 1991 годзе гэтая сыстэма развалілася. Рынкавыя мэханізмы ж не былі сфармаваныя. Вынікам таго, што дзяржава фактычна адстаранілася ад рэгуляваньня эканамічных працэсаў, быў «дзікі» рынак.
Беларускім гаспадарчым элітам была патрэбная «моцная асоба», здольная навесьці парадак, хай шляхам вяртаньня да ранейшых мэтадаў кіраваньня эканомікай, перад якой несьлі б асабістую адказнасьць дырэктары дзяржаўных прадпрыемстваў.
Беларуская эканоміка арыентаваная пераважна на расейскі рынак. Для таго, каб мець дастатковую гарантыю выкананьня расійскімі партнэрамі сваіх абавязаньняў, патрэбны быў лідэр, здольны падтрымліваць добрыя адносіны, у тым ліку і асабістыя, з прадстаўнікамі расійскай палітычнай эліты [40] Толькі ў гэтай частцы Кебіч, які яшчэ з савецкіх часоў меў добрыя асабістыя адносіны з расійскім прэм’ер-міністрам Віктарам Чарнамырдзіным і яго атачэньнем, апраўдваў надзеі беларускай палітычнай эліты. Новы лідэр павінен быў працягнуць гэтую традыцыю.
.
Гэта была групоўка прагматыкаў (яе інтарэсы прадстаўлялі, як высьветліцца пазьней, дэпутаты Леанід Сініцын, Віктар Кучынскі, Іван Ціцянкоў, а таксама дзяржаўныя функцыянэры Ўладзімер Гаркун, Міхаіл Мясьніковіч і інш.). Яны ведалі, што ў прэзыдэнта Кебіча ня стане палітычных рэсурсаў, каб быць сапраўдным гарантам іх улады і інтарэсаў. Ім патрэбны быў ня першы сярод роўных, якім быў бы Кебіч, а чалавек, які змог бы быць аўтарытэтным для іх лідэрам, харызматычны палітык, папулярнасьць якога ў грамадзтве была б для іх зарукай стабільнасьці. Яны жадалі стабільнасьці, каб спакойна карыстацца перавагамі свайго статусу, набытага ў ходзе перадзелу дзяржаўнай маёмасьці. Для гэтага ім было недастаткова мець «сваю» бальшыню ў Вярхоўным Савеце і мець пад кантролем пераважную бальшыню СМІ. Сапраўднай стабільнасьці яны маглі дасягчы толькі маючы цалкам «свой» Вярхоўны Савет, толькі «свае» СМІ. Стабільнасьць для іх азначала канцэнтрацыю ўсёй улады ў краіне ў руках «свайго» палітыка і магчымасьць прыняцьця самых жорсткіх захадаў што да тых, хто пагражаў іх статусу і іх інтарэсам.
Читать дальше