У пэрыяд адносна слабога кантролю з боку савецкага цэнтру ў 20-я гады ішоў працэс інтэнсіўнага фармаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, аднак на чале яго стаяла камуністычная нацыянальная інтэлігенцыя. Яшчэ ў часы панаваньня нацыянал-камуністаў беларуская нацыянальная ідэалёгія была шчыльна зьнітаваная і падпарадкаваная камуністычнай ідэалёгіі. У далейшым рэпрэсіі сталінскага рэжыму супраць нацыянальнай эліты, зьнішчэньне беларусаў і беларускіх элітаў у часы другой сусьветнай вайны кардынальна зьмянілі ня толькі дэмаграфічны склад насельніцтва, але і трансфармавалі тэндэнцыі соцыякультурнага разьвіцьця.
Вайна раскалола нацыянальную эліту, што ацалела ад сталінскіх рэпрэсіяў. Пасьля перамогі Савецкага Саюзу частка яе, што супрацоўнічала з акупацыйным рэжымам, ня ўдзельнічала ў разьвіцьці падзеяў унутры Беларусі. У БССР засталася толькі прасавецкая, камуністычная эліта. Аднаўленьне нацыянальнай эканомікі суправаджалася аднаўленьнем таталітарнай партыйнай машыны. Хаця ўнутры Беларусі і сфармаваўся корпус камуністычных кіраўнікоў з былых партызанаў з моцнымі карпаратыўнымі сувязямі, яны не маглі стаць паўнавартымі праваднікамі нацыянальнай ідэі. У іх сьветапоглядзе нацыянальная ідэя не канкуравала з камуністычнай ідэалёгіяй. Апрача таго, у Беларусі ня склалася традыцыя дысыдэнцтва. У 70-я гады тут не было ніводнай гэльсынскай групы. Адсутнасьць дысыдэнтаў — адзін з чыньнікаў слабасьці Беларускага народнага фронту ў барацьбе з старой савецкай элітай.
Пасьля канчатковага зацьвярджэньня камуністычнага рэжыму і ачысткі ад старых нацыянал-камуністычных кадраў, савецкая сыстэма фармавала ўспрыняцьцё беларускай гісторыі выключна ў кантэксьце савецкай. Клясычныя творы нацыянальнай літаратуры выбіраліся для ўкладаньня падручнікаў у адпаведнасьці з патрабаваньнямі камуністычнае цэнзуры. Ідэалёгія нацыянальна-вызвольнага руху інтэрпрэтавалася з гледзішча сацыялістычнай рэвалюцыі. Увесь корпус афіцыйна дазволенай нацыянальнай літаратуры, ваенная міталёгія савецкай Беларусі спрыялі разьвіцьцю ня столькі нацыянальнай, колькі савецкай ідэнтычнасьці [36] Гл.: Марк Нордберг, Тарас Кузио. Построение наций и государств. Историческое наследие и национальные самосознания в Белоруссии и на Украине (Сравнительный анализ) // Белоруссия и Россия: общества и государства. Выпуск 2. — Москва: «Права человека», 1998. — 432 с.
.
Пераважная бальшыня пасьляваеннай беларускай эліты на пачатак распаду СССР і была носьбітам такой ідэнтычнасьці або мела надзвычай слабую нацыянальную самасьвядомасьць. Насельніцтва Беларусі ў масе не ўспрыняло распад СССР і крах сацыялістычнай сыстэмы як вынік яе глыбокага ўнутранага крызысу.
Лідэры БНФ, які стаў цэнтрам нацыянальна-дэмакратычнага руху, і ў прыватнасьці Зянон Пазьняк, спрабавалі ўкараніць нацыяналістычную ідэалёгію, ня ўлічваючы соцыякультурнай спэцыфікі постсавецкай Беларусі ў параўнаньні з Украінай або Прыбалтыкай. Ядро БНФ складала гуманітарная і творчая інтэлігенцыя, перш за ўсё цесна зьвязаная з нацыянальнай культурай і мовай. Але ў параўнаньні з астатнім насельніцтвам гэтая група была дастаткова малалікая і недастаткова радыкальная ў сваіх дзеяньнях супраць старой эліты. Адзінства апазыцыі не было дасягнута з прычыны адсутнасьці кансалідацыі новых элітаў на аснове супольных вартасьцяў.
МАСКВАЦЭНТРЫЗМ СТАРЫХ І НОВЫХ ЭЛІТАЎ
Масквацэнтрысцкая гістарычная канцэпцыя накідалася насельніцтву ўсіх савецкіх рэспублік. Міталягема Масквы — цэнтру Савецкай Радзімы, русіфікацыя, пры аслабленьні ідэалягічнага кантролю, атрымлівалі ў нацыянальных элітаў нэгатыўную інтэрпрэтацыю. Палітыка русіфікацыі стала аргумэнтам нацыянальна-дэмакратычных рухаў у барацьбе за нацыянальную незалежнасьць. Аднак у Беларусі працэс русіфікацыі насельніцтва ішоў значна больш пасьпяхова.
У адрозьненьне ад астатніх рэспублік СССР, якія таксама атрымалі незалежнасьць праз дэмакратызацыю і дэмантаж савецкай сыстэмы, ініцыяваных Масквой, Беларусь найбольш моцна трымалася пазыцыяў масквацэнтрызму.
Кіруючая партыйна-намэнклятурная эліта імкнулася аднавіць сувязі з былым цэнтрам. Пагаршэньне эканамічнага становішча, зьніжэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва зьвязваліся з разбурэньнем эканамічных сувязяў з Расіяй. Усе ініцыятывы беларускай партыі ўлады былі накіраваныя на аднаўленьне становішча, у якім была Беларусь да распаду СССР. Гэта значыць, на ўзнаўленьне расійскіх датацыяў і захаваньне нявыгадных для Расіі прывілеяў. Адпаведна, беларуская намэнклятурная эліта імкнулася атрымаць падтрымку антырэфармісцкіх сілаў у Маскве. Аднаўленьне ранейшых стасункаў было магчымае толькі пры рэанімацыі ранейшай савецкай палітычна-эканамічнай сыстэмы.
Читать дальше