Аднак справядлівасьць і права, сусьветная практыка і закон разьвіцьця — на баку адраджэнцаў. Жывое павінна адрадзіцца, і калі жывы дух, то нават зьнішчанае паўстане зь мёртвых, забітае ўваскрэсьне.
Тым часам каб рэалізаваць культурна-нацыянальнае адраджэньне нацыі, неабходна зьдзейсьніць дзьве ўмовы: ажыцьцявіць нацыянальную асьвету народу і ўсталяваць нацыянальную ўладу. На Беларусі шмат разоў была вынішчаная нацыянальная эліта і, як вынік, ня быў ажыцьцёўлены да канца прынцып нацыянальнай асьветы ў межах аднаго пакаленьня. Адсюлі і праблемы беларускай ўлады. І нішчыцелі, у адрозьненьне ад многіх беларусаў, гэта добра разумеюць.
Канцэпцыя Беларускага Нацыянальнага Адраджэньня грунтуецца на народнай гісторыі. Без каранёў нічога доўга не існуе. У беларусаў, бадай як мала ў каго іншага, ёсьць магутны гістарычны грунт — іхняя вялікая дзяржава, якую яны страцілі ў канцы ХVIII-га стагоддзя ў выніку міжнароднай змовы і наступнай затым расейскай акупацыі. Гэта — Вялікае Княства Літоўскае. На Вялікае Княства і абапіраецца Беларускае Адраджэньне.
Галоўны накірунак рускай акупацыйнай палітыкі (царскай і камуністычнай) заключаўся ў ліквідацыі беларускай мовы, беларускай культуры і зьнішчэньні ўсялякіх атрыбутаў, ведаў і напамінкаў пра Вялікае Княства. Руская імпэрская палітыка, руская палітычная гісторыя і дзяржаўная навука стагоддзі працавалі над заціраньнем, перакручваньнем і фальсіфікацыяй памяці пра Вялікае Княства Літоўскае. Пры камуністах афіцыйная “навука” дайшла да поўнага абсурду ў фальсіфікацыі і зьнішчэньні памяці пра ВКЛ (“канцэпцыі Л. Абэцэдарскага і інш.).
Аднавіць справядлівасьць да канца не ўдалося ні ў 1991 годзе, ні ў 1994-м. Пры прыняцьці пасьлясавецкай Канстытуцыі найбольш працяглая і жорсткая барацьба вялася за прэамбулу Канстытуцыі, дзе якраз павінна было быць адлюстравана Вялікае Княства, яго дзяржаўнасьць і законы як грунт Рэспублікі Беларусь, якая ёсьць працягам ВКЛ.
Нішчыцелі цудоўна разумеюць, што аднаўленьне народнай памяці пра Вялікае Княства будзе азначаць адраджэньне гістарычнай сьведамасьці беларусаў і аднаўленьне нацыянальнай дзяржаўнасьці ВКЛ. Імпэрская палітнавука цераз сістэму забаронаў, абавязковай службы ў войску, выхаваньне і адукацыю пастаралася прывязаць гістарычную сьведамасьць беларусаў да гісторыі Расеі. Пры думках аб гісторыі ў галаве сярэдняга савецкага беларуса ўзьнікаюць вобразы рускіх цароў ды палкаводцаў, “кутузавых” ды “цароўгрозных”. Сам жа гэтакі беларус нібы вісіць у паветры.
З паветра ніякая сьведамасьць не ўзьнікае, а значыць нічога ня будзе адраджацца, аднаўляцца, стварацца і разьвівацца. Задача беларускай інтэлігенцыі, адукацыі, асьветы і нацыянальнай літаратуры — вярнуць гістарычную сьведамасьць народа ў родны дом — у Вялікае Княства Літоўскае.
Наступны абавязковы этап — палітычны: вярнуць афіцыйную назву дзяржавы. Калі гэтага не зрабіць — значыць будаваць незалежнасьць на пяску, запраграмаваць шчарбатае, трэснутае грамадзтва з кволай самаідэнтэфікацыяй, поўнае супярэчнасьцяў на роўным месцы, і абсурдных спрэчак па недыскусійных пытаньнях.
Гэта ўжо відаць цяпер (і было раней) у распаўсюджваньні маргінальных зьяваў: адны хочуць называцца “Літвой”, іншыя — “ліцьвінамі”, трэція — увесьці лацінку, чацьвёртыя супраць назвы “Беларусь”, пятыя — увогуле “крывічы” і г.д. Усё гэта — лякальнае адлюстраваньне незавершанасьці новага дзяржаўнага будаўніцтва, вынік нявырашанасьці таго, чаго не ўдалося вырашыць і зацьвердзіць у Канстытуцыі 1994 года. Канстытуцыя павінна засьведчыць гісторыю нацыі і дзяржавы ў наімнальных (назыўных) тэрмінах. Сама назва дзяржавы павінна адлюстроўваць гэты важнейшы гістарычны аспэкт суверэнітэту і самастойнага існаваньня. Так прынята. Гэта істотна.
Афіцыйная назва Англіі (ці Вялікабрытаніі) гучыць так: Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірляндыі. Амэрыка афіцыйна называецца Злучаныя Штаты Амэрыкі. Ёсьць яшчэ Вялікае Герцагства Люксэмбург, Каралеўства Нарвэгія, Каралеўства Бэльгія, Каралеўствы Швэцыя, Данія, Ісламская Рэспубліка Іран, Чачэнская Рэспубліка Ічкерыя і г.д. (мы ўжо не нагадваем пра СССР, БССР і інш.)
Шмат дзе (і там дзе гэта неабходна) афіцыйны назоў дзяржавы адлюстроўвае яе гістарычную, сацыяльную, альбо структурную сутнасьць. Становішча зь беларускай дзяржаўнасьцю і нацыяй па волі лёсу склалася такое, што вымагаецца адлюстраваньне гістарычнасьці ня толькі ў прэамбуле Канстытуцыі (чаго не было зроблена), але і ў назве краіны. Наша дзяржава на сёньняшні дзень — гэта ёсьць, фактычна, Вялікае Княства Літоўскае Беларусь (кароткая назва — Беларусь). Гэта сутнасьць, якая павінна б была стаць афіцыйнай назвай.
Читать дальше