Зянон Пазьняк
Прамаскоўскі рэжым
альбо як адбываецца разбурэньне беларусі
© Камунікат.org
Набліжаецца 2006 год а зь ім падзея пад назвай “прэзыдэнцкія выбары”. Гэтая “падзея” (якой яна станецца ніхто ня ведае) павінна абазначыць лёсы трох суб’ектаў палітыкі на ўсходзе Эўропы: Беларусі, Расеі і Аляксандра Лукашэнкі. Шмат хто мяркуе, што ў выніку ўсяго — пакінецца статус-кво акупацыйнага рэжыму на Беларусі. Але гэта якраз і будзе змрочнае “абазначэньне” яе лёсу. Бо падзеі не застануцца стаяць, працэсы акупацыі выявяцца яшчэ больш адкрыта, паскорыцца разбурэньне беларускай нацыі.
Самым дэструктыўным на Ўсходзе (а па вялікаму кошту і ў сьвеце) ёсьць чыньнік расейскай імпэрскай палітыкі, які ўзмацняецца, чым бліжэй падыходзіць 2006 год.
Пасьля распаду Савецкага Саюзу новая імпэрская дактрына Расеі была падрыхтаваная і прынятая за часы Ельцына ў жніўні 1995 года. Мэта яе заключалася ў аднаўленьні расейскіх уплываў на тэрыторыях, што вызваліліся ад СССР, а потым — далучэньне гэтых тэрыторыяў да Расеі.
Дактрына трашчыць па швах, выклікае войны і канфлікты, але Крэмль (і ня толькі Крэмль — ніхто ў Расеі) ня думае ад яе адмаўляцца.
Пасьля разгромнага паражэньня маскоўскай імпэрскай палітыкі на Ўкраіне, якое адбылося ў канцы 2004 года, Крэмль і расейскія ініцыятары аб’явілі адкрыта, што ўсе сілы накіруюць на захоп Беларусі. Гэта ёсьць прызнаньне вайны супраць нашай краіны, пакуль што — вайны бяз зброі. Але і збройную вайну (хоць гэта стала б канцом Расеі) ня можна цяпер выключаць.
У дачыненьнях на ўсходзе Эўропы трэба ўлічваць прынцыпова новы чыньнік ва ўсходняй палітыцы — уладу КГБ у Расеі і Беларусі. Пра сутнасьць рэжымаў гэбізму я ўжо пісаў у “Беларуска-Расейскай вайне”. 2006 год робіцца рубіконам для гэтых рэжымаў, якія выяўляюць цяпер усю пачварнасьць і цынізм сваёй палітыкі.
Рубікон агаліў гэтую агрэсіўную палітыку, паказвае яе мэтады і тэхналёгію, стратэгаў і выканаўцаў, і хіба ўжо толькі сьляпы ня здольны яе назіраць.
Палітычная агрэсія Расеі супраць Беларусі аднавілася вясной 1992 года пасьля таго, калі было прынятае рашэньне ЦВК Беларусі пра рэфэрэндум аб новых выбарах і чакалася прызначэньне даты яго правядзеньня. (У той час Народны Фронт сабраў каля паўмільёна подпісаў за рэфэрэндум.) У перамозе Беларускага Народнага Фронту мала хто сумняваўся. Тады ўрад Кебіча, ратуючыся, пайшоў на зьдзелку з Масквой і КГБ. У Савеце Міністраў былі створаныя неканстытуцыйныя структуры, напрыклад, Дзяржсакратарыят, якім кіраваў былы куратар КГБ па Менскай вобласьці ў абкаме КПБ Г. Данілаў. Там жа апынуліся тады палкоўнік В. Паўлаў (цяпер генэрал), дзяяч С. Гайдукевіч і іншыя штатныя асобы. Летам быў створаны і буйна прафінансаваны ўрадам Кебіча (праз падстаўны “Комитет солдатских матерей”) антыбеларускі “інтэрфронт” (так званае “народное движение Беларуси”), начале якога паставілі С. Гайдукевіча. У гэты ж час аб’явілі і пачалі рэалізоўваць ідэю “аб’яднаньня” расейскай і беларускай грашовых сістэмаў. У канцы кастрычніка ўрадам Кебіча і пракамуністычнай бальшынёй у Вярхоўным Савеце быў рэалізаваны бессаромны плян антызаконнай забароны рэфэрэндуму пра новыя выбары. Беларускае грамадзтва, на жаль, засталося назіральнікам антыдэмакратычных падзеяў. Гэта разьвязала рукі расейскай разьведцы і прарасейскім рэваншыстам у старых структурах улады Беларусі. Урад Кебіча, які трапіў пад непасрэдны ўплыў зьнешняй разьведкі КГБ Расеі і прамаскоўскіх функцыянераў ва ўладзе, пераняў цалкавіты кантроль над камуністычнай дэпутацкай бальшынёй Вярхоўнага Савету (дэпутацкая група “Беларусь”). Дзейнасьць Апазыцыі БНФ была, фактычна, заблякаваная. Намэнклятура пачала падрыхтоўку да ўвядзеньня прэзыдэнцкай сістэмы на Беларусі (цераз прыняцьце новай канстытуцыі і выбары). Усю выканаўчую ўладу (прэзыдэнцтва) меркавалі аддаць у рукі Кебіча і прамаскоўскай групы, сфармаванай ва ўрадзе.
Тады Апазыцыя БНФ зьмяніла тактыку. Яна паставіла пытаньне аб адстаўцы ўраду Кебіча і накіравала сваю асноўную палітычную працу ў акругі сярод выбаршчыкаў Беларусі. За 1993 год і частку 94-га мне асабіста прышлося аб’ехаць і правесьці спатканьні ў 149 гарадах і мястэчках Беларусі. Вастрыё палітыкі было накіраванае супраць старога савецкага ўраду Кебіча. Падзеі вакол гэтага змаганьня адлюстроўвала газэта “Свабода”, рэдактарам якой тады быў сябра фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце і сябра Сойму БНФ Ігар Гермянчук. Наклад газэты ў той час перакрочыў за 100 тысячаў. Эфект за паўтара гады палітычнай працы быў адчувальны. І калі ў канцы зімы 1994 года прамаскоўская намэнклятура “пераможна” выйшла на прэзыдэнцкую пэрспэктыву і прызначэньне выбараў, песьня Кебіча была ўжо сьпета (хоць ён гэтага яшчэ не разумеў). Бальшыня народа вызначылася і галасавала б супраць яго.
Читать дальше