У гэты час узнялася моцная патрыятычная хваля, на вяршыню якой была ўзнесеная асоба вядомага генерала [14]. Фактычна культ героя, які ствараўся яшчэ пры ягоным жыцці і ўзмацніўся пасля смерці, дасягнуў свайго эпагею. Апалогія “Начальніка ў сукмане” — велічнага героя, блізкага народу, бясстрашнага і грознага абаронцы радзімы — зрабілася абавязковым правілам на землях былой Рэчы Паспалітай. Пры гэтым арэол славы пачаў распаўсюджвацца не толькі на самога Т. Касцюшку, але і на людзей, што маглі заявіць аб сваіх родавых повязях з кіраўніком паўстання 1794 года. Напрыклад, у спецыяльным кракаўскім часопісе “Касцюшка” (выдаваўся з 1893 года пад рэдакцыяй публіцыста Антонія Касцецкага (1825 — 1899), даўняга супрацоўніка Музея Чартарыйскіх) неяк прамільгнула інфармацыя пра сваякоў Т. Касцюшкі, якія жылі напрыканцы ХІХ стагоддзя ў Галіцыі. У рэдакцыйным артыкуле, між іншым, змяшчалася наступная прапанова: у выпадку, калі тыя “на самой справе ёсць стрыечнымі ўнукамі Тадэвуша, увесь край павінен, з удзячнасці і піетэту да вялікага чалавека, заняцца лёсам ягоных нашчадкаў”. Прагучала нават наступнае меркаванне: “Калі ўсё ж у жылах вясковай радзіны і не цячэ кроў героя, ужо адная толькі згадка дарагога імя, а таксама месца паходжання дае ім права на сардэчнае апякунства ды ўсеагульнае спачуванне” [15]. Нядзіўна, што такі падыход распальваў жаданні некаторых авантурных асоб падрабіць дзеля сваёй карысці радаводы Касцюшкаў-Сяхновіцкіх.
З гэтай нагоды надзвычай востра паўстала пытанне пра стварэнне генеалагічнага дрэва, якое павінна было грунтавацца на шматлікіх дакументальных сведчаннях, што яшчэ захоўваліся ў розных музеях ды архівасховішчах і пры гэтым не выклікалі сур’ёзных нараканняў з боку спецыялістаў.
Менавіта тады пабачыла свет фундаментальная, амаль 700-старонкавая біяграфія Т. Касцюшкі, падпісаная толькі адной літарай “К” [16].
За гэтым ініцыялам хаваўся вядомы польскі гісторык Тадэвуш Сыльвестр Корзан (1839 — 1918), ураджэнец Мінска (сучаснай сталіцы Беларусі).
Ягоная манаграфія, якая стала сапраўднаю з’яваю ў касцюшказнаўстве, называлася “Касцюшка. Біяграфія, складзеная па дакументах”. І гэтая назва цалкам адпавядала рэчаіснасці, паколькі Т. Корзану былі даступныя шматлікія найкаштоўнейшыя ў гістарычным плане дакументы, што паходзілі з уласных архіваў розных нашчадкаў Касцюшкаў. Большасць папераў пазней была незваротна страчана (загінула ў 1944 годзе падчас моцнага пажару польскай сталіцы). Гісторыку пашчасціла ўпершыню ўвесці ў навуковы ўжытак крыніцы, неўзабаве назаўжды згубленыя для гісторыі.
Вянчала Корзанаву манаграфію генеалагічнае дрэва („Rodowód Kościuszków Siechnowickich przez akta sprawdzony i uzupelniony”), у аснову якога была пакладзена копія радаводу ХVІІІ стагоддзя, выкананая ў 1893 годзе Рыхлінскім і дапоўненая самім аўтарам манаграфіі на падставе сямейных папер.
Усяго змешчаная ў кнізе Т. Корзана генеалогія Касцюшкаў-Сяхновіцкіх апісвала 199 асоб, у тым ліку 77 жаночых (сярод гэтага шырокага спіса 34 жаночыя і адно мужчынскае імя былі прызнаныя невядомымі).
Першае выданне манаграфіі выйшла накладам Народнага музея ў Раперсвілі (Швейцарыя). Гэтая ўстанова была ўтвораная ў 1869 годзе намаганнямі палітычнага эмігранта графа Уладзіслава Плятэра і стала ажыўленым цэнтрам польскага нацыянальнага жыцця [17].
У значнай ступені дзейнасць музея падтрымлівалася швейцарскімі ўладамі, калекцыя папаўнялася за кошт добрачынных ахвяраванняў. І ў 1906 годзе (да часу выхаду ў свет другога выдання кнігі Т. Корзана) музейныя зборы налічвалі ўжо каля 75 тысяч друкаваных выданняў, 12 тысяч рукапісаў, 8 тысяч фотаздымкаў, больш за тысячу нотных сшыткаў і дзвюх тысяч малюнкаў, а таксама калекцыі зброі, мундзіраў, этнаграфіі [18]. Апроч таго, тут месціўся асобны пакой Тадэвуша Касцюшкі, у якім знаходзіліся 243 арыгінальныя дакументы ХVІ — ХІХ стагоддзяў, прысвечаныя прадстаўнікам ягонай сям’і [19].
У далёкую Швейцарыю касцюшкаўскія паперы трапілі, галоўным чынам, з Беларусі.
Першая частка іх знаходзілася некалі ў Малых Сяхновічах (цяпер Жабінкаўскі раён) ва ўласнасці Казіміры Раманаўны Булгак, праўнучкі Ганны з Касцюшкаў Эсткі, роднай сястры Тадэвуша Касцюшкі.
Другую частку раней захоўваў Станіслаў Валіцкі ў Шпіталях (таксама на Жабінкаўшчыне), прычым, у ідэальным стане: з некаторых папераў былі знятыя дзве, тры і нават чатыры копіі.
Трэці збор касцюшкаўскіх дакументаў знаходзіўся ў прыватным архіве графа Станіслава Касакоўскага ў Войткушках, а пазней быў перададзены ва ўласнасць кракаўскага Ягелонскага універсітэта.
Читать дальше