Пры дасьледаваньні “культу асобы” як сыстэмы дачыненьняў узьнікае пытаньне, ці непазьбежна “культ” зьвязаны з масавымі рэпрэсіямі. Адміністратыўна-бюракратычная сыстэма кіраваньня, безумоўна, мае патрэбу ў мэханізме застрашаньня. Але мэханізм застрашаньня й масавыя рэпрэсіі — не адно й тое ж. У той жа самы час масавыя рэпрэсіі ня ёсьць для “культу асобы” выпадковаю зьяваю. Станаўленьне “культу” адбываецца не ў палітычным вакууме. Пераможца ў барацьбе за ўладу й ягонае бліжэйшае атачэньне непазьбежна імкнуцца абараніць сябе ад канкурэнтаў. Акрамя таго, барацьба за ўплыў на “культавую асобу” ўзьнікае й у ейным бліжэйшым атачэньні.
У гісторыі СССР масавыя “культавыя” рэпрэсіі ажыцьцяўляліся асабліва маштабна й асабліва жорстка. Гэта было абумоўлена ня толькі агульнагістарычнымі прычынамі: спазьненьнем у разьвіцьці краіны, ейнымі традыцыямі, узроўнем палітычнай культуры й г.д., але й уласна суб'ектыўнымі, асабовымі, зьвязанымі толькі з індывідуальнымі якасьцямі І.Сталіна.
З гледзішча асабістых эгаістычных інтарэсаў Сталіна — “вялікага стратэга сацыялізму”, “геніальнага правадыра сусветнага пралетарыята”, “выпрабаванага, мудрага, любімага правадыра” (усе азначэньні ўзятыя са стэнаграмы XVII зьезду) — рэпрэсіі гэтыя лягічныя, натуральныя, неабходныя, і тлумачацца проста.
З псыхалягічнага ж гледзішча іх таксама можна патлумачыць, хоць цяжка сказаць, што менавіта было галоўным: пераважаў комплекс арганічнага эгацэнтрызму, калі грамадзтва й ягоныя інтарэсы атасаямляюцца з уласнай пэрсонай, ці дамінаваў бесчалавечна халодны, далёкасяжны разьлік уладалюбцы? Можа быць, справа ў элемэнтарнай баязьлівасьці й схільнасьці да паранаідальнай падазронасьці, што зыходзіла з цалкам рэальнай пагрозы становішчу правадыра? Ці азначальнымі ёсьць яшчэ якія-небудзь якасьці асобы (індывідуальнасьці) І.Сталіна?..
У 1937—1938 гг. Сталін другі раз за час свайго ўладараньня, кіруючыся асабістым “культавым” інтарэсам, учыніў грандыёзнае, масавае, мэтанакіраванае й плянамернае зьнішчэньне людзей — першы раз гэта адбывалася пад час голаду 1932—1933 гг. Але адказнасьць за адбыванае ў тыя жахлівыя гады ляжыць ня толькі на ім адным, бо не бывае “культу” безь піраміды “культаў”, бяз статку бездумных, гатовых на ўсё, маленькіх, тыражаваных копіяў “вялікага правадыра”, без выканаўцаў, без шырокіх мас людзей, што прыязна прымаюць “культ” і маюць непахісную веру ў аднаго заступніка й уладара.
Водгукі гэтае веры жывыя й да сёньня. Апаноўваў часам, безумоўна, і элемэнтарны страх за сябе, страх, што штурхаў пісаць даносы. Але была й вера — у масавае шкодніцтва, у контррэвалюцыю, у “ворагаў народа” — добра замаскаваных ворагаў-кіраўнікоў і шпіёнаў-інтэлігентаў.
Прычыну гэткіх масавых настрояў супраць “ворагаў народа” можна знайсьці ў двух фактарах, што наклаліся адзін на аднаго. Перш за ўсё: дзейнічала рэлігіяпадобнае культавае стаўленьне да “правадыра ўсіх часоў”. Лёзунг “Правадыр паказвае шлях!” можа, як сьведчыць гісторыя, завесьці надзвычай далёка. Пакуль не пачнецца абуджэньне.
Хваля рэпрэсіяў, акрамя нэгатыўных палітычных наступстваў, учыняла, у выніку, вялікія страты справе разьвіцьця творчага, інтэлектуальнага патэнцыялу грамадзтва. Правядзеньне й пастаянная пагроза новых рэпрэсіяў дэфармавалі арганізацыю вытворчасьці, сыстэмы кіраваньня навукі, літаратуры й мастацтва. Каторы раз адрадзіліся антыінтэлігенцкія настроі. Вялікія маральныя згубы пацягнулі за сабою ўзгадаваньне крывадушнасьці й падлашчваньня. Даносіць і паклёпнічаць сталася нормай жыцьця, хоць гэта, можа быць, і ня ёсьць самымі горшымі зьявамі таго часу. Аднак, бясспрэчна, гэта самыя агідныя заганы. Сацыяльна-эканамічныя пасьледкі масавых рэпрэсіяў — жудасныя для грамадзтва.
Пры гэтым, асобным і вельмі важкім пытаньнем аналізу “вялікага тэрору” ёсьць выяўленьне характару палітычнага супраціву палітыцы рэпрэсіяў усярэдзіне краіны. Калі першы час стаўленьне да масавых рэпрэсіяў было, збольшага, пазытыўным, хоць часта й насьцярожаным, калі афіцыйным паведамленьням пра “ворагаў народа” значная частка народу ўсё ж давярала, то пасьля 1937 г. сумневы ў праўдзівасьці рэпрэсіяў пачалі расьці, як сьнегавы камяк. Выказваць тыя сумневы ўслых было практычна немагчыма — нават з элемэнтарнай боязі за сваё жыцьцё, бо даносчыкаў хапала.
І ўсё ж захаваліся сьведчаньні непрыманьня рэпрэсіяў, недаверу да іхнае абгрунтаванасьці. Часьцей за ўсё той недавер быў канкрэтна-адраснага характару: “Ня дам веры, што менавіта Яновіч-Багдановіч-Сідарэвіч вораг! Я яго даўно й добра ведаю! Гэта — памылка!” На жаль, нават такія простыя чалавечыя формы непрыманьня культу асобы не займелі масавага распаўсюджаньня.
Читать дальше