Псыхалягічная прыцягальнасьць таталітарызму рэзка ўзрастае ў пэрыяды вострых сацыяльна-эканамічных крызысаў , якія моцна пабольшваюць зьбеднеласьць і нездаволенасьць насельніцтва. Абапіраючыся на сацыяльную дэмагогію, таталітарныя рухі выкарыстоўваюць нездаволенасьць розных клясаў у сваіх мэтах. Прыкладам, у Расеі бальшавікі, кіраўніцтва якіх складалася пераважна з сацыяльных і этнічных маргіналаў, па-майстэрску выкарысталі патрабаваньне сялян дармовай раздачы панскіх зямель, каб затым адабраць яе ўсю, а таксама ж — масавыя абурэньні жаўнераў і ўсяго насельніцтва разбуральнай вайной.
У Нямеччыне сацыяльным апірышчам нацыянал-сацыялістычнага таталітарызму стаўся новы “прамежкавы клас” — шматлікія канторскія служачыя, машыністкі, настаўнікі, гандляры, адміністратары, дробнае чынавенства, небагатыя прадстаўнікі вольных прафэсіяў і г.д. Іхнае становішча значна пагоршылася, у той час як рабочыя на прамысловых прадпрыемствах мелі шэраг прывілеяў і знаходзіліся пад абаронай моцных прафсаюзаў і дзяржаўных законаў. Шэраговыя сябры нацыянал-сацыялістычнага руху ў першыя гады ягонага існаваньня былі значна бяднейшымі за трэд-юніаністаў або сябраў сацыялістычнае партыі.
Таталітарныя сыстэмы ўзьнікаюць не стыхійна, а на падставе азначанага стану грамадзкае сьведамасьці. Таму пры выяўленьні агульных рысаў гэтага тыпу палітычнай сыстэмы зыходным пунктам зьяўляецца аналіз палеглай у ейнай аснове ідэалёгіі. Аснова гэтай ідэалёгіі — “адзіна слушнае вучэньне”, якое адыгрывае ролю каштоўнаснага арыентыру.
Паводле свайго зьместу, таталітарная ідэалёгія зьяўляецца рэвалюцыйнай . Яна абгрунтоўвае патрэбу фармаваньня новага грамадзтва й чалавека. Уся ейная збудова базуецца на сацыяльных мітах: напрыклад, пра капіталізм і камунізм, пра кіроўную ролю працоўнае клясы, пра перавагу арыйскае расы й г.д. Гэтыя міты не падлягаюць крытыцы й маюць характар рэлігійных догмаў.
Манаполія ўлады на інфармацыю, поўны кантроль над СМІ, скрайняе непрыманьне ўсялякага іншадумства, разгляд ідэйных апанэнтаў як палітычных ворагаў — характэрныя рысы таталітарызму. Гэты лад зьнішчае грамадзкую думку, падмяняючы яе афіцыйнымі палітычнымі ацэнкамі. Адмаўляюцца агульначалавечыя асновы маралі, а сама яна падпарадкоўваецца палітычнай мэтазгоднасьці й, па сутнасьці, разбураецца.
Усяляк удушаюцца індывідуальнасьць, арыгінальнасьць у думках, паводзінах, адзеньні й г.д. Культывуюцца статкавыя пачуцьці: клясавая й нацыянальная нянавісьць, зайздрасьць, падазронасьць, падпільноўваньне й дакладаньне й г.д. У сьвядомасьці людзей узмоцнена ствараецца вобраз ворага, зь якім ня можа быць замірэньня. Усяляк падтрымліваюцца ваяўнічыя настроі, атмасфэра сакрэтнасьці, надзвычайнага становішча, культывуецца звышпільнасьць. Усё гэта служыць апраўданьнем камандных мэтадаў кіраваньня й учыненьня рэпрэсіяў.
Згодна зь лёгікай таталітарнае сыстэмы, усёабдымная ідэалягізацыя грамадзтва дапаўняецца ягонай таталітарнай палітызацыяй, гіпэртрафаваным пашырэньнем апарату ўлады, а таксама пранікненьнем яе ва ўвесь сацыяльны арганізм. Усемагутная ўлада выступае галоўным гарантам ідэалягічнага кантролю насельніцтва.
Ядром таталітарнае палітычнае сыстэмы выступае скрайне цэнтралізаваны палітычны рух за новы парадак на чале з партыяй новага, таталітарнага, кшталту. Гэтая партыя зрастаецца зь дзяржаваю й трымае рэальную ўладу ў грамадзтве. Забараняюцца ўсялякая палітычная апазыцыя й стварэньне без санкцыяў уладаў любых арганізацыяў.
У той жа час таталітарная палітычная ўлада прэтэндуе на выяўленьне народнае волі, увасабленьне дэмакратыі вышэйшага кшталту. Рашэньні, аднак, прымаюцца ня шляхам галасаваньня, а на падставе непасрэднай рэакцыі ўдзельнікаў розных, зарганізаваных уладамі, сходаў, што стварае бачнасьць усенароднае падтрымкі, але не дазваляе аказваць рэальнага ўплыву на працэс прыняцьця рашэньняў. Магчымасьць абмеркаваньня альтэрнатыўных плянаў ці праграм выключаецца. З дапамогаю псэўдадэмакратычных інстытутаў забясьпечваецца высокая фармальная мабілізацыя й удзел — напрыклад, 99,9-адсоткавы ўдзел насельніцтва ў выбарах.
Да ўласнапалітычных рысаў таталітарнага грамадзтва адносяцца таксама прысутнасьць магутнага апарату сацыяльнага кантролю й прымусу (служба бясьпекі, войскі, міліцыя й г.д.), масавы тэрор, запалохваньне насельніцтва. Сляпая вера й страх — галоўныя псыхалягічныя рэсурсы таталітарнага кіраваньня. Ажыцьцяўляецца сакралізацыя вышэйшай улады й ейных носьбітаў, узрошчваецца культ правадыроў.
Читать дальше