Таталітарызм намагаецца стварыць адэкватную сабе сацыяльную структуру. Імкнучыся займець масавае апірышча, ён абвяшчае перавагу вызначанае клясы, нацыі ці расы, дыхатамічна падзяляючы ўсіх людзей на сваіх і чужых. Пры гэтым, абавязкова знаходзіцца нутраны ці зьнешні вораг — буржуазія, імпэрыялізм, гэбраі й г.д. У працэсе зьліквідаваньня або абмежаваньня прыватнае ўласнасьці адбываецца масавая люмпэнізацыя народу . Індывід падпадае пад татальную залежнасьць ад дзяржавы, безь якой пераважная большасьць людзей ня мае аніякае мажлівасьці здабыць сродкі да існаваньня: працу, жыльлё й г.д.
Асоба страчвае ўсялякія аўтаномію й права, робіцца цалкам безабароннай перад усевырашальнай уладай, падпадае пад ейны татальны кантроль. Учыняецца спроба сфармаваць “новага чалавека”, вызначальнымі рысамі якога ёсьць адданасьць ідэалёгіі й правадыром, выканальніцтва, сьціпласьць у спажываньні дабротаў жыцьця, гатовасьць да найбольшага ахвяраваньня дзеля “агульнае справы”.
Адначасна з разбурэньнем папярэдняе сацыяльнае структуры фармуецца новая. Грамадзтва дыфэрэнцыюецца — галоўным чынам у залежнасьці ад разьмеркаваньня ўлады. Валоданьне ўладай, альбо ўплыў на яе робіцца асновай сацыяльнае стратыфікацыі, эканамічных і сацыяльных прывілеяў. Фармуецца новая, намэнклятурная, панавальная кляса — трывалае апірышча таталітарнага ладу. Таталітарызм (асабліва ў яго найбольш пасьлядоўным, камуністычным, варыянце), ажыцьцяўляючы ўраўнілаўку ў разьмеркаваньні жыцьцёвых дабротаў для большасьці грамадзян, прэтэндуе на фармаваньне сацыяльна аднароднага грамадзтва. Але насамрэч ён спараджае глыбокую сацыяльную няроўнасьць.
Панаваньне ідэалёгіі й палітыкі выяўляецца ня толькі ў сацыяльнай сфэры, але й у э каноміцы . Тут адметнымі рысамі таталітарызму зьяўляюцца этатызацыягаспадарчага жыцьця: скасоўваюцца прыватная маёмасьць, рынкавыя дачыненьні, канкурэнцыя, уводзяцца плянаваньне й камандна-адміністратыўныя мэтады кіраваньня. Усталёўваецца манаполія дзяржавы на распараджэньне ўсімі найважнейшымі грамадзкімі рэсурсамі й самім чалавекам.
Поруч з агульнасьцю інстытуцыянальных рысаў таталітарныя палітычныя сыстэмы маюць і сутнасныя адрозьненьні. У залежнасьці ад панавальнай ідэалёгіі, што ўплывае на зьмест палітычнай дзейнасьці, іх зазвычай падзяляюць на камунізм , фашызм і нацыянал-сацыялізм .
Гістарычна першай і клясычнай формай таталітарызму стаўся камунізм (сацыялізм) савецкага тыпу, запачаткаваны вайскова-камуністычнаю сыстэмай, што ў агульных рысах сфармавалася ў 1918 г. Камуністычны таталітарызм у найбольшай ступені дэманструе асноўныя рысы гэтага ладу, бо прадугледжвае ліквідацыю прыватнае маёмасьці й — як вынік — усялякае аўтаноміі асобы, усталёўваючы тым самым абсалютную ўладу дзяржавы.
І ўсё ж характарыстыка сацыялізму савецкага кшталту як таталітарызму — аднабаковая й не раскрывае зьместу й мэтаў палітыкі ў гэтым тыпе грамадзтва. Негледзячы на пераважна таталітарныя формы палітычнай арганізацыі, сацыялістычнай сыстэме ўласьцівыя й некаторыя мадэрнізацыйныя палітычныя мэты. Прыкладам, у СССР рэзка падвысіўся ўзровень адукацыі, сталіся даступнымі дасягненьні навукі й культуры большай колькасьці насельніцтва, разьвівалася эканоміка, вайсковая, а пазьней і касьмічная, прамысловасьць.
Другая разнавіднасьць таталітарных палітычных сыстэм — фашызм. Упершыню ён паўстаў у Італіі ў 1922 г., але як цалкам таталітарная сыстэма на той час яшчэ не сфармаваўся. Італійскі фашызм схіляўся ня столькі да радыкальнага будаўніцтва новага грамадзтва, колькі да адраджэньня велічы Рымскае імпэрыі, усталяваньня парадку, цьвёрдай дзяржаўнай улады.
Фашызм прэтэндуе на аднаўленьне ці ачышчэньне “народнай душы”, забесьпячэньне калектыўнай ідэнтычнасьці на культурнай ці этнічнай глебе, ліквідацыю масавай злачыннасьці. Межы фашысцкага таталітарызму ў Італіі вызначаліся ў пэўнай ступені пазыцыяй найбольш уплывовых у дзяржаве колаў: караля, арыстакратыі, афіцэрскага корпусу й царквы. Калі асуджанасьць рэжыму сталася відавочнай, гэтыя колы змаглі самі адхіліць Мусаліні ад улады.
Трэцяя разнавіднасьць таталітарызму — нацыянал-сацыялізм. Як рэальны палітычны й грамадзкі лад ён узьнік у Нямеччыне ў 1933 г. Нацыянал-сацыялізм мае сваяцтва з фашызмам, хоць шмат чаго пераймае ў савецкага камунізму — і, перадусім, рэвалюцыйныя й сацыялістычныя кампанэнты, формы арганізацыі таталітарнай партыі й дзяржавы й нават зварот “таварыш”.
Читать дальше