У той жа час месца клясы тут займае нацыя, месца клясавай нянавісьці — нянавісьць нацыянальная й расавая. Калі ў камуністычных сыстэмах агрэсіўнасьць скіраваная, перадусім, унутр — супраць грамадзян свае краіны (клясавага ворагу), то ў нацыянал-сацыялізме — вонкі, супраць іншых народаў. Галоўныя адрозьненьні асноўных відаў таталітарызму выразна бачныя ў мэтах (камунізм, адраджэньне імпэрыі, усясьветнае панаваньне арыйскае расы), ім азначаных, і сацыяльных перавагах (рабочая кляса, нашчадкі рымлян, нямецкая раса).
Усялякія таталітарныя дзяржавы, тым ці іншым чынам, належаць да трох асноўных разнавіднасьцяў таталітарызму. Хоць унутры кожнай зь іх маюцца істотныя адрозьненьні — прыкладам, паміж сталінізмам у СССР і рэжымам Пол-Пота ў Кампучыі.
Таталітарызм у форме камунізму аказаўся найбольш трывалым. У ХХ ст. яго, у той альбо іншай форме, перажыла прыкладна траціна насельніцтва Зямлі. У некаторых краінах ён існуе й да сёньня. Гісторыя паказала, што таталітарная сыстэма валодае дастаткова высокай здольнасьцю мабілізацыі рэсурсаў і канцэнтрацыі сродкаў дзеля дасягненьня абмежаваных мэтаў — напрыклад, перамогі ў вайне, абароннага будаўніцтва, індустрыялізацыі грамадзтва й г.д. Некаторыя аўтары разглядаюць таталітарызм нават як адну з палітычных формаў мадэрнізацыі слабаразьвітых краінаў.
І ўсё ж таталітарызм — гістарычна асуджаны лад. Гэта грамадзтва-самаед, ня здольнае да эфэктыўнае стваральнае працы, дбайнага, ініцыятыўнага гаспадараньня. Падобныя грамадзтвы даволі часта існуюць за кошт багатых прыродных рэсурсаў, эксплюатацыі, абмежаваньня спажывецкіх патрэбаў большасьці насельніцтва.
Таталітарызм — закрытае грамадзтва, не прыстасаванае да своечасовага абнаўленьня, уліку новых патрабаваньняў зьменьлівага сьвету. Ягоныя адаптыўныя магчымасьці абмежаваныя ідэалягічнымі догмамі. Самі таталітарныя кіраўнікі зьяўляюцца нявольнікамі ўтапічнай, па сваёй сутнасьці, ідэалёгіі й прапаганды.
Як ужо адзначалася, таталітарызм тычыцца ня толькі дыктатарскіх палітычных сыстэмаў, што супрацьстаяць ідэалізаваным заходнім дэмакратыям. Таталітарныя тэндэнцыі, што выяўляюцца ў імкненьні зарганізаваць жыцьцё грамадзтва, абмежаваць прыватную свабоду й цалкам падпарадкаваць асобу дзяржаўнаму ці іншаму сацыяльнаму кантролю, сустракаюцца й у краінах Захаду.
Сталінізм як фэномэн савецкага грамадзтва
Сталінізм вырас з структурнага крызысу пасьлярэвалюцыйнага грамадзтва й нездольнасьці панавальнай партыі своечасова знайсьці адэкватныя сродкі ягонага папярэджаньня ці, прынамсі, зьмякчэньня. Сталінізм, таму, неабходна разумець як інструмэнт пераадоленьня гэтага крызысу, зьмяненьня існуючай сыстэмы й структуры грамадзтва.
Сталінізму, як рэжыму й сыстэме таталітарнага тыпу, характэрныя некаторыя асаблівасьці. Па-першае, ён паўстае ў грамадзтве, якое мае сацыялістычную мэтавую арыентацыю.
Другой асаблівасьцю сталінскае сыстэмы зьяўляўся масавы папераджальны тэрор. Дзейным ядром і асновай сталінізму быў, аднак, тэрор не палітычны, а сацыяльны, зьвернуты ў сфэру грамадзкіх зносінаў. Ён быў наўпроставым наступствам экстрэмісцкіх рашэньняў, якія забясьпечвалі гвалт з шырокіх плястоў насельніцтва, падпарадкаваньне іх новай сацыяльнай дысцыпліне.
Сацыяльная функцыя тэрору й рэпрэсіяў ёсьць надзвычай істотнай для тлумачэньня ўяўнай ірацыянальнасьці, нематываванасьці й неабгрунтаванасьці дзеяньняў сталінскіх карных органаў.
І, нарэшце, трэцяя сутнасная асаблівасьць сталінізму — тое, што ён вырастае на базе паскоранай, гвалтоўнай трансфармацыі грамадзтва, утварэньня новай сацыяльнай і эканамічнай структуры. Усёабдымная ўлада — вось што розьніць сталінізм ад падобных палітычных сыстэмаў. Ён аб'ядноўвае ў сабе жорсткую палітычную дыктатуру з манаполіяй і дыктатурай у галіне эканамічных дачыненьняў.
Сталінізм як гістарычнае зьявішча нельга трактаваць празьмерна шырока. Пры гэтым неабходна адрозьніваць сталінізм як інструмэнт гвалтоўнай трансфармацыі грамадзтва, гвалтоўнай падтрымкі высокіх тэмпаў гаспадарчага разьвіцьця й сталінізм як грамадзкую сыстэму. У СССР у 1953 г. разам з паступовым разбурэньнем інструмэнтарыю масавага папераджальнага тэрору пачаўся й развал уласна сталінізму. Наступствы гэтага працэсу азначылі зьліквідаваньне сталінізму як асабовага рэжыму ў грамадзтве. Зьліквідаваньне ж створаных за Сталіным грамадзкіх і палітычных інстытуцыяў, сацыяльнай структуры, грамадзкіх дачыненьняў і эканомікі расьцягнулася на многія гады.
Читать дальше