Пра Беларусь у колах высокае палітыкі ніхто ня згадваў. Перадзел Эўропы набіраў моц, ня спраўдзілася папярэджаньне Рады БНР, быццам «зь Беларусі хваля разбурэньня пагражае перакінуцца на Захад і ўзмацніць там бедзтва ўсясьветнай вайны». Амэрыканскі ўрад не адказаў на зварот кіраўніцтва БНР аб прызнаньні, які ўвосень 1918 падпісалі Старшыня Рады Язэп Лёсік, намесьнік Аркадзь Смоліч і сакратар Пётра Крачэўскі. Аднак хаця дзяржаўныя інтарэсы Беларусі ня згадваліся ў міжнародных дамовах, цалкам беларуская тэма не зьнікала. Тэрыторыя, якую заняло польскае войска на Ўсходзе, была домам для 4 мільёнаў этнічных беларусаў. Гэта была тэрыторыя бяды.
Шмат беларусаў нават сярэдняга веку яшчэ памятаюць пах хлеба, які іхныя бабулі пяклі ў вясковых печах. Кожная гаспадыня мае свае сакрэты, у кожнай мясцовасьці бохан мае свой адметны смак. Адмысловы рэцэпт мясцовага хлеба запісаў інспэктар АРА Гершэл Ўокер, які наведаў у 1919 годзе Ліду:
У людзей няма мукі, солі, у гэтым рэгіёне яны пякуць хлеб з сумесі травы, верасу й крапівы. Яны дробна сякуць гэтыя інгрэдыенты, дадаюць нешта для клейкасьці й потым пякуць на агні. Я каштаваў два гатункі гэтага хлеба — адзін у сьвятаровым доме, другі ў селяніна. На мой густ, абодва былі аднолькава дрэнныя. Розьніца была ў колеры — у сьвятара хлеб быў сьвятлейшы.
Ўокер праехаў па ўсім Віленскім краі.
Лёс Вільні як сталіцы вырашаецца на канфэрэнцыі Лігі Нацыяў, а пакуль ёю кіруе вайсковае камандаваньне. Трэба карміць шмат беспрацоўных, акупацыйную армію, скарб гораду пусты ад частых акупацыяў. Насельніцтва скарацілася на 30 %, высокія цэны, шпіталі ня маюць сродкаў і перапоўненыя хворымі й галоднымі.
На момант падарожжа амэрыканскага інспэктара Віленскі край складаўся зь дзесяці адміністрацыйных раёнаў. Палякі кіравалі шасьцю, астатнія чатыры належалі да Сярэдняй Літвы [15] Дзяржаўнае ўтварэньне на тэрыторыі Віленшчыны й Гарадзеншчыны ў 1920–1922 пад кантролем Польшчы.
. Ўокер апісваў пабачанае:
На ўсход ад акопаў лініі фронту ляжыць рэгіён Дзісна-Глыбокае, які ня надта пацярпеў ад вайны. Аднак рэгіён шмат разоў захоплівалі бальшавікі. Дамы й маёмасьць заможных землеўладальнікаў разбураныя, ніхто зь іх не вярнуўся. Зямля не апрацоўваецца.
На захад ад лініі акопаў месьціцца Ліда. Тэрыторыя вакол яе больш пацярпела ад вайны, асабліва ад нямецкай акупацыі, — горш, чым суседнія раёны ад бальшавіцкай.
Чацьверты рэгіён, дзе падарожнічаў пасланец Гувэра, — лінія фронту ад пяці да дваццаці пяці міляў шырынёй, ад Дзьвінску празь Відзы, Паставы, Мядзел, Сьвір, Смаргонь, Крэва, Багданаў, Вішнева й да прыпяцкіх балотаў. Там лініі акопаў, дотаў і дзотаў, умацаваньняў з калючага дроту й разьверненых снарадамі палёў. На гэтую лінію вярталіся тысячы ўцекачоў, каб пачаць жыцьцё бяз даху над галавой, свойскай жывёлы, ежы й вопраткі.
Тактыка царскай арміі нагадвала напалеонаўскую вайну: падчас адступленьня жыхароў вывозілі на ўсход, а вёскі палілі. Тыя, хто не хацеў пакідаць родныя мясьціны, хаваліся ў лясох, у зямлянках, дзе й знаходзілі іх супрацоўнікі АРА. Як пісаў Гаралд Фішэр:
Калі хто-небудзь у сьвеце меў патрэбу ў дапамозе, дык гэта жыхары ўсходніх раёнаў, куды АРА прыйшла ў 1919 і 1920 гадох, не пытаючыся, ці ахвочыя яны стаць грамадзянамі Польшчы, новай Беларусі ці яшчэ чагосьці. Несумненна, што ў адказ на пытаньне пра сваю нацыянальнасьць альбо прыналежнасьць да нацыянальнага руху яны адказалі б гэтак сама, як звычайна адказвалі ўкраінцы: праваслаўныя.
АРА неадкладна скарысталася замірэньнем на польска-расейскім фронце й пачала адчыняць кухні, пастаўляць мэдыкамэнты й аказваць дапамогу на тэрыторыі на захад ад лініі фронту.
У лютым 1919 году Кангрэс ЗША асыгнаваў 100 мільёнаў даляраў на дапамогу эўрапейскім краінам. Гувэр накіраваў у Варшаву спэцыяльную місію з мэтай вызначыць характар дапамогі й так арганізаваць яе раздачу, каб не закранаць унутраныя палітычныя праблемы. Прынцыпы Гувэра былі правераныя падчас працы ў Бэльгіі й іншых краінах:
1. Дапамагаць толькі тым, хто ня можа дапамагчы сабе.
2. Толькі наглядаць, не займаць пазыцыі ў палітычных ці іншых праблемах.
3. Захоўваць поўную роўнасьць у справах з усімі нацыянальнасьцямі й рэлігіямі.
4. Так арганізаваць адміністраваньне ўсёю дапамогаю й дарадчую дзейнасьць, каб мясцовае кіраўніцтва станавілася больш эфэктыўным і ўрэшце пераняло кіраваньне цалкам.
Читать дальше