Араўцы кармілі галодных і лячылі хворых, ратавалі ўцекачоў і дапамагалі выезду да сваякоў у Амэрыку, чыталі лекцыі, распачалі ў Менску курсы ангельскай мовы… І адначасова — вялі бясконцае змаганьне з навасьпечанай савецкай бюракратыяй, за імі сачыла ЧК [6] ЧК (ВЧК, Всероссийская чрезвычайная комиссия) — карны орган дыктатуры й пазасудовай расправы з праціўнікамі камуністычнага рэжыму ў савецкай дзяржаве (1919–1922). У 1922 пераўтвораная ў ГПУ.
, іхныя рэчы канфіскоўвала мытня, ім спрабавалі дыктаваць свае ўмовы камуністычныя прафсаюзы…
Некаторыя знайшлі ў Беларусі жонак, некаторыя пасьля вярталіся сюды зноў. Падчас працы ў Гувэраўскім інстытуце ў Каліфорніі я разаслаў некалькі сотняў лістоў у спробе знайсьці нашчадкаў супрацоўнікаў АРА, уведаць пра іхныя лёсы. Памяць пра Беларусь яны захоўвалі доўгія гады. Джордж Шрэмэл, які ў 1921 годзе працаваў у Менскай акрузе АРА, пісаў у студзені 1944:
Найлепшыя пажаданьні ўсім арамітам Менскага рэгіёну — д’ябальскае месца быць там цяпер…
Супрацоўнікі АРА выдатна адчувалі сваю ролю й місію. Шмат гадоў пасьля спыненьня дзейнасьці араміты , як яны сябе называлі, выдавалі бюлетэнь, праводзілі штогадовыя сустрэчы, перапісваліся. Да канца дзён яны называлі Гербэрта Гувэра «Chief» — шэф, ці кіраўнік — так называюць правадыроў індзейскага племя, і захоўвалі сваё араўскае братэрства.
Гэтая кніга — толькі спроба падзякаваць за сваё прозьвішча ў лістох да Гербэрта Гувэра, што ўсе гэтыя гады ляжалі ў прыцемненых сховішчах архіву ў Каліфорніі.
2
АРА ў Менску: ня чулі, не чакалі, ня клікалі
Амэрыканцы ў горадзе. — Сала скралі. — Зьбянтэжаны Чарвякоў. — Беларуская памяркоўнасьць. — Зварот Рады БНР. — Рамантычнае тлумачэньне. — Нумары з пацукамі. — Від на Менск з «Парыжу»
Сьнежным ранкам 8 студзеня 1922 году на пэрон менскага вакзалу з прыступак салён-вагону ступіў Доналд Эгбэрт Гардзі — вэтэран АРА, які меў багаты досьвед гуманітарнае працы ў розных краінах Эўропы. Пазьней у сваёй кар’еры Гардзі будзе некалькі дзесяцігодзьдзяў працаваць у «General Motors», рэпрэзэнтаваць інтарэсы кампаніі ў Лёндане, Гамбургу, Залатым Беразе і ўсёй Цэнтральнай Афрыцы. Ніякія будучыя перашкоды не спалохаюць пасьля гарту, які першы кіраўнік акругі АРА атрымае ў Менску. І гаворка зусім не пра маразы й прастуды…
Першую навіну амэрыканцы (разам з Гардзі прыбыў лекар Ралф Герц) прывезьлі з сабой, дакладней — не прывезьлі. Недзе ў дарозе з Масквы з эшалёну зьніклі два вагоны з топленым салам. Ані паравозная брыгада, ані кандуктары нічога не маглі патлумачыць. Другая навіна была ня лепшая за першую: гасьцей ніхто не чакаў.
Толькі праз тыдзень пасьля прыезду Доналд Гардзі здолеў напісаць першую справаздачу ў штаб-кватэру АРА ў Маскве:
Мы прыбылі ў Менск на спэцыяльным цягніку з 12 вагонаў раніцай у аўторак. Наступнай раніцай мы выставілі свае паўнамоцтвы Прэзыдэнту Беларускай Рэспублікі сп. Чарвякову [7] Так у амэрыканскім ліставаньні тытулявалі старшыню Цэнтральнага выканаўчага камітэту й Савету народных камісараў (1920–1924) Аляксандра Чарвякова. (Тут і далей усе цытаты з архіўных і іншых дакумэнтаў і публікацыяў падаюцца бязь зьменаў, адпаведна арыгіналам.)
. Сп. Чарвякову не паведамілі па савецкіх каналах пра місію АРА ў Беларусі. Ён паабяцаў зрабіць усё, што патрэбна, і афіцыйна дазволіў распачаць дзейнасьць і даставу харчовых пакетаў, але даў выразна зразумець, што ён ня можа нічога канкрэтнага зрабіць у справе складоў, офісаў, жытла й г. д., пакуль не атрымае афіцыйную інфармацыю пра місію АРА ў Беларусі.
На другі дзень былі разладаваныя адзінаццаць вагонаў з гуманітарнай дапамогай, мяхі з прадуктамі даставілі ў чыгуначны склад для часовага захоўваньня. З транспартам было лягчэй — у адным з вагонаў прыбыў свой грузавік. Араўцы адразу пачалі шукаць пастаянны склад.
Гардзі пісаў:
У Менску падчас розных нямецкіх і польскіх акупацыяў 30 % усіх будынкаў разбурана, у тым ліку 90 % складавых памяшканьняў. Пагодзімся на любое, што знойдзем. У Менску проста няма такога сучаснага прымальнага складу, які мы хацелі б мець. Праўда, мы знайшлі невялікі склад для даставаў у горадзе. Жыльлёвыя ўмовы наўрад ці могуць быць горшыя, чым маем у гатэлі «Парыж». Спадзяемся неўзабаве знайсьці нешта лепшае.
Мінула два тыдні пасьля прыезду, аднак Прэзыдэнт Беларусі так і не атрымаў ніякага тлумачэньня з Масквы.
Гардзі паведамляў у штаб-кватэру АРА:
Читать дальше