, у скароце АРА, — пачала дапамогу Польшчы. Калі ў 1921 годзе ў савецкай Расеі пачаўся голад, Гувэр, нягледзячы на супраціў бальшавікоў, дамогся права ратаваць ахвяры ў Расеі, Украіне й Беларусі.
Подзьвіг Гувэра ня меў прэцэдэнтаў. У 1914–1924 гадох пад ягоным кіраўніцтвам разьмеркавана ў Эўропе больш за 33 мільёны 841 тысячу тон дапамогі коштам больш за 5 мільярдаў 234 мільёны даляраў. Гэта было зроблена ва ўмовах вайны й разбурэньня, калі ўрады старых і новых дзяржаваў былі засяроджаныя на сваіх унутраных праблемах.
Невядомыя мне сваякі альбо цёзкі па прозьвішчы атрымлівалі амэрыканскую дапамогу ад 1919 да 1922 году, пакуль АРА не спыніла дзейнасьць у тагачаснай Польшчы. Ад 1922 году АРА пачала апэрацыі ў падсавецкай Беларусі — Менску й шасьці паветах, з насельніцтвам менш за 2 мільёны чалавек. Асобныя прадстаўніцтвы АРА былі адкрытыя ў Гомелі й Віцебску, якія тады адміністрацыйна належалі РСФСР. Разам у трох беларускіх акругах АРА жыло каля 7 мільёнаў чалавек.
Амэрыканскі рыс, муку й малако атрымлівалі Янка Купала, Усевалад Ігнатоўскі, Уладзімер Пічэта, Язэп Лёсік, Якуб Колас, Зьмітрок Бядуля, Зьміцер Жылуновіч, Уладзіслаў Галубок, Лідзія Ржэцкая, Сьцяпан Некрашэвіч… Марна было шукаць згадкі пра гэты ўклад амэрыканскага народу ў беларускую культуру й навуку ў гістарычных энцыкляпэдыях, манаграфіях і падручніках XX стагодзьдзя.
Беларуская савецкая энцыкляпэдыя 1969 году АРА ігнаруе, а ў 1996-м у артыкуле «АРА» Беларуская энцыкляпэдыя піша:
Урадавая арг-цыя ЗША ў 1919–23 па аказанні харчовай і інш. дапамогі еўрап. краінам, што пацярпелі ў 1-ю сусв. вайну. Узначальваў Г. Гувер. Фактычна выкарыстоўвалася для ўмацавання эканам. і паліт, пазіцый ЗША, стрымлівання рэв. руху ў Венгрыі, Румыніі, Балгарыі і інш. У 1921–22 аказала дапамогу ў час голаду ў Паволжы, на Украіне. У выніку канкурэнцыі з боку Англіі, Францыі і Італіі яе дзейнасць у Еўропе спынена.
Адзіны праўдзівы сказ — найкарацейшы, пра Гербэрта Гувэра. Астатнія чатыры — недакладнасьці, замоўчваньні й хлусьня.
Гісторыю АРА пісалі самі араўцы. Гаралд Фішэр узначальваў гістарычны аддзел арганізацыі і ў 1927 годзе выдаў кнігу «Голад у савецкай Расеі, 1919–1923». Аднак Беларусі там адведзеныя пяць з паловай старонак — зь пяцісот. Асобныя дасьледаваньні прысьвечаныя дзейнасьці АРА ў Польшчы, дзе імем Гувэра названыя пляцы, пастаўлены помнік. Першае дасьледаваньне дзейнасьці АРА ў Беларусі зьявілася таксама ў ЗША. У 1978 годзе студэнтка Прынстанскага ўнівэрсытэту Алеся Кіпель прысьвяціла гэтай тэме дыплёмную працу й надрукавала артыкул у «Запісах» Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва.
Нягледзячы на афіцыйнае маўчаньне, у Беларусі Гербэрта Гувэра памяталі. Карта разьмяшчэньня харчовых пунктаў АРА густа пазначаная вакол Берасьця, Баранавічаў, Наваградку, Ашмянаў, Ваўкавыску, Вялейкі, Пінску: 1 мільён 315 тысяч 490 дзяцей карміла АРА штодня ў тагачаснай Польшчы ў пік актыўнасьці. У 1931 годзе ў гонар Гувэра была названая вуліца ў Горадні. Але ў 1939-м, як толькі саветы прыйшлі ў Заходнюю Беларусь, шыльду зь імем амэрыканскага прэзыдэнта зьнялі. Напачатку 1990-х гадоў гарадзенскі гісторык Ігар Трусаў прапанаваў аднавіць назву:
Жывуць людзі, якіх не было б на сьвеце, калі б гэты высакародны чалавек не намагаўся накарміць і апрануць галодных людзей у незнаёмай, далёкай, разбуранай вайной краіне. Глыбока прыстойна зрабілі б гарадзенцы, калі б вярнулі маленькай вуліцы імя Гербэрта Гувэра…
Амэрыканская дапамога падсавецкай Беларусі ў 1922–1923 гадох перавысіла 14 тысяч 440 тон харчу, мэдыкамэнтаў, абсталяваньня, адзеньня коштам больш за 2 мільёны 730 тысяч даляраў [2] 1 даляр ЗША ў цэнах 1922 роўны 11 далярам ЗША 2004.
. Дапамогу Беларусі таксама аказвалі іншыя дабрачынныя арганізацыі — Чырвоны Крыж, місія Нансэна [3] Найвышэйшая камісія Лігі Нацыяў у справах уцекачоў (1919–1946). У 1921–1930 дзейнічала пад кіраўніцтвам нарвэскага палярнага дасьледніка Ф. Нансэна.
, Таварыства сяброў — Квакеры [4] Квакеры — Таварыства сяброў, пасьлядоўнікі радыкальнага кірунку ў пратэстантызьме; заснаванае ў 1652 у Ангельшчыне. Амэрыканскае таварыства сяброў (Квакеры) аказвала дапамогу ахвярам першай і другой усясьветных войнаў.
, Амэрыканскі аб’яднаны габрэйскі камітэт разьмеркаваньня фондаў — Джойнт [5] Аб’яднаны камітэт разьмеркаваньня фондаў дапамогі габрэям, якія пацярпелі ад вайны, заснаваны ў 1914 у ЗША.
, шэраг амэрыканскіх рэлігійных арганізацыяў. Усе яны, нашмат меншыя паводле маштабу дапамогі, узаемадзейнічалі з АРА. Найбуйнейшая зь іх, Джойнт, больш за год арганізацыйна ўваходзіла ў склад АРА.
Читать дальше