У 1995 г. у Беларусі ўзнікла яшчэ адна форма ўласнасці — прэзідэнцкая, якая ахапіла найбольш прыбытковыя прадпрыемствы, рэстараны, будынкі. Адміністратар прэзідэнцкай уласнасці Іван Ціцянкоў, пад выглядам забеспячэння патрэб адміністрацыі прэзідэнта, пераймаў чарговыя будынкі ў Мінску, якія пасля здаваліся ў арэнду фірмам на офісы.
У найбліжэйшым акружэнні прэзідэнта апынуліся работнікі савецкай выведкі, КДБ і партыйнага апарату — Уладзімір Замяталін, Сяргей Посахаў, Віктар Шэйман, Іван Антановіч. Замянілі яны «камсамольцаў» — Анатоля Майсеню, Аляксандра Фядуту, Дзмітрыя Булахава, якія спадарожнічалі Лукашэнку на ягоным шляху да прэзідэнтуры. Згуртаваны вакол прэзідэнта калектыў даволі паспяхова рэалізаваў усялякія канцэпцыі ўмацавання ўлады. Ва ўмовах нарастаючага гаспадарчага крызісу, ізаляцыі ў свеце і перспектывы імпічменту Лукашэнка яшчэ раз рашыўся параіцца з народам — правесці чарговы рэферэндум. Хацеў ён даказаць, што ўсе яго дзеянні з’яўляюцца ўсяго выкананнем волі народа.
20 чэрвеня 1996 г. прэзідэнт прад’явіў Вярхоўнаму Савету прапанову правядзення рэферэндуму ў справе ўнясення змяненняў у канстытуцыю і перанясення нацыянальнага свята з 27 ліпеня (дзень абвяшчэння суверэнітэту ў 1990 г.) на 3 ліпеня (дзень вызвалення Мінска Чырвонай Арміяй у 1944 г.). Два чарговыя пытанні датычылі свабоднага абароту зямлёй і адмены смяротнага пакарання. Прапанаваныя Лукашэнкам змяненні ў канстытуцыі датычылі стварэння другой палаты парламента, якой частку саставу меў назначаць сам прэзідэнт, і прадаўжэння паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы з 5 да 7 гадоў.
Дэпутаты прабавалі давесці да склікання «круглага стала» з удзелам прэзідэнта і пазапарламенцкай апазіцыі, якой існаванне ўвесь час было відочнае на вуліцах Мінска. «Круглы стол», праўда, адбыўся, але без удзелу прэзідэнта. Прадстаўнікі партый, ад камуністаў да БНФ, заклікалі Лукашэнку вярнуцца на шлях легалізму. У адказ адміністрацыя прэзідэнта і ўрад узмоцнілі прапагандысцкую кампанію, у ходзе якой тлумачылася грамадству, што на рэферэндуме трэба станоўча адказаць на вынесеныя Лукашэнкам пытанні.
На 19–20 кастрычніка прэзідэнт склікаў у Мінск г. зв. Нацыянальны сход, на які з’ехалася 5 тыс. ягоных прыхільнікаў. Сход, спасылаючыся на волю народа, аднадушна выказаўся за правядзенне планаванага рэферэндуму. У той самы час апазіцыя сарганізавала таксама прадстаўнічы Нацыянальны кангрэс, які вылучыў камісію для вывучэння злачынстваў рэжыму. Канстытуцыйны трыбунал прызнаў, што вынесеныя на рэферэндум пытанні парушаюць канстытуцыйны лад. Такім чынам Вярхоўны Савет атрымаў законную падставу пачаць працэдуру адхілення Лукашэнкі ад пасады прэзідэнта.
Запланаваны на 24 лістапада рэферэндум аказаўся датай яго завяршэння. Галасаванне цягнулася ад 9 лістапада. Грамадзяне маглі ўдзельнічаць у рэферэндуме праз пасрэдніцтва пошты. У многіх акругах зарэгістравана большую колькасць галасуючых чым было выбаршчыкаў. У сельскіх акругах выбарчыя камісіі вазілі урны па дамах, дапамагалі выбаршчыкам даваць «правільныя» адказы. Супраць такога фарса выступаў старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар і ў выніку быў адкліканы з пасады.
17 лістапада Вярхоўны Савет пачаў працэдуру імпічменту, а прэм’ерміністр Міхаіл Чыгір разам з трыма іншымі чальцамі кабінета падалі ў адстаўку. Усё паказвала на тое, што кар’ера Лукашэнкі набліжаецца да канца. Нават журналісты прэзідэнцкага тэлебачання спынілі паклёпніцкую кампанію супраць апазіцыйных дэпутатаў. Прэзідэнт зацягваў гульню. Найбольш ярыя ягоныя прыхільнікі з фракцыі «Згода» 20 лістапада не з’явіліся ў парламенце. У гэты дзень мелі адбыцца дыскусія і галасаванне ў справе адклікання прэзідэнта. Адсутнасць дэпутатаў фракцыі «Згода» стала прычынай таго, што Вярхоўнаму Савету не хапіла патрэбнага для прыняцця правамоцных рашэнняў кворуму — 2/3 саставу парламента. Вярхоўны Савет карыстаўся ў гэтай справе падтрымкай пазапарламенцкай апазіцыі, якая ўвесь час на вуліцах Мінска арганізавала дэманстрацыі, пікеты, мітынгі. На бок парламента перайшлі некаторыя генералы войска і міліцыі, якім не адпавядалі пастаянныя змены на камандных пасадах і атмасфера даносаў, якой не было нават у час савецкага рабалепства.
У палітычных умовах Беларусі вырашальным фактарам з’яўляецца пазіцыя Масквы. Лукашэнку выратавалі расійскія «медыятары», якіх узначальвалі старшыня Думы Генадзій Селязнёў і прэм’ерміністр Віктар Чарнамырдзін. 21 лістапада схілілі яны Шарэцкага на ўступкі, а ў сапраўднасці далі яны Лукашэнку блаславенства на далейшае працягванне місіі. Узбунтаваныя посткамуністычныя і камуністычныя дэпутаты з Шарэцкім, Карпенкам, Грыбам, Новікавым і Багданкевічам на чале не ўмелі дзейнічаць насуперак пазіцыі Масквы. На другі дзень пасля візіту расійскіх «медыятараў» Лукашэнка заявіў па тэлебачанні, што ў выніку пагаднення са старшынёю Вярхоўнага Савета праводжаны рэферэндум прызнаецца легітымным. Апазіцыя не мела магчымасцей публічна прадставіць грамадству сваю пазіцыю ў гэтай справе.
Читать дальше