Састаў парламента ствараў шанц наладзіць гарманічныя адносіны з прэзідэнтам на прынцыпе паслухмянай акцэптацыі ягонай палітыкі і спосабу кіравання. Прыхільнікі незалежніцкай плыні складалі нязначны адсотак дэпутатаў. Вярхоўны Савет без супраціву адобрываў чарговыя, падпісваныя Лукашэнкам, дакументы аб інтэграцыі з Расіяй. Выбраны старшынёю ВС прадстаўнік калгаснага лобі Сямён Шарэцкі, як і пераважная большасць парламента згаджаліся з асноўным кірункам палітыкі прэзідэнта, напраўленым на аднаўленне сувязей з рэспублікамі былога Савецкага Саюза. Не было таксама істотных разыходжанняў паміж парламенцкай большасцю і прэзідэнтам у справах унутранай палітыкі. Аднак канфлікт паміж імі нарастаў з месяца ў месяц.
Галоўнай крыніцай супярэчнасцей паміж парламентам і прэзідэнтам стала лукашэнкаўская філасофія ўлады. Усе дзяржаўныя органы прызнаў ён дапаможнымі ўстановамі сваёй адміністрацыі. Даказваў таксама, што выбрала яго 5 млн. грамадзян, калі за паасобных дэпутатаў прагаласавала па некалькі тысяч выбаршчыкаў. На яго думку, гэта яму па волі народа належаць большыя заканадаўчыя паўнамоцтвы, а не парламенту. У адпаведнасці з канстытуцыяй 1994 г. раўнапраўнай з прэзідэнтам уладай надзелены былі парламент, Канстытуцыйны трыбунал і Вярхоўны суд. Апрача таго парламент, у выпадку сцвярджэння антыканстытуцыйных дзеянняў прэзідэнта, мог адклікаць яго з займаемай пасады (арт. 104). Не адпавядаючыя асноўным законам рашэнні прэзідэнта мог таксама аспрэчваць Канстытуцыйны трыбунал. Менавіта таму кожны з гэтых уладных цэнтраў мог пагражаць прагнаму неабмежаванай улады Лукашэнку.
Затое канстытуцыя цалкам і поўнасцю аддавала прэзідэнту кантроль за выканаўчым сектарам — адміністрацыяй, міліцыяй, спецслужбамі, арміяй, замежнай палітыкай. Прэзідэнцкія ўстановы — Сакратарыят Савета бяспекі і Адміністрацыя Прэзідэнта — былі вышэйстаячымі органамі для Савета Міністраў. Таму ўказы Лукашэнкі, часта нязгодныя з канстытуцыяй і аспрэчаныя Канстытуцыйным трыбуналам, на практыцы набывалі законную сілу. У 1996 г. ігнараванне пастаноў Трыбунала стала нормай паводзін прэзідэнта. У Беларусі не было ніводнай сілы, ніводнага цэнтра ўлады, які змог бы прымусіць Лукашэнку шанаваць законы. Толькі адзін парламент большасцю галасоў мог яго адклікаць з прэзідэнцкага крэсла.
Ад самога пачатку Лукашэнку Вярхоўны Савет не быў патрэбны. Вельмі добра разумела гэта частка дэпутатаў і думка аб адкліканні прэзідэнта, хаця выразна не фармулявалася, з вясны 1996 г. знаходзіла штораз больш прыхільнікаў. Выкананне гэтага плана ўскладняў яшчэ факт, што большасць дэпутатаў новаабранага Вярхоўнага Савета складалі былыя функцыянеры савецкай дзяржавы, прызвычаеныя да парламенцкіх звычаяў папярэдняй эпохі, калі парламенты служылі фігавым лістком усемагутнасці партыйнага апарату. Лукашэнка вярнуў добра вядомы парламентарыям спосаб выконвання ўлады. Навізной было прыніжанне і высмейванне дэпутатаў у прэзідэнцкіх сродках масавай інфармацыі. Падвергнутыя нападкам не мелі шанцаў абараняцца.
Да бунту супраць прэзідэнта заахвочвалі дэпутатаў дэманстрацыі на вуліцах Мінска вясною 1996 г. Заява аб маючым адбыцца 2 красавіка ў Маскве падпісанні чарговых дакументаў аб стварэнні дзяржаўнай супольнасці Расіі і Беларусі стала прычынай 40-тысячнай дэманстрацыі перад прэзідэнцкім палацам у Мінску. Арганізатарамі дэманстрацыі, у ходзе якой гучэлі патрабаванні адстаўкі Лукашэнкі, была пазапарламенцкая апазіцыя — БНФ, сацыялдэмакраты і лібералы. Яшчэ больш людзей выйшла на сталічныя вуліцы 26 красавіка, у дзесятую гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Атрады спецназа і КДБ арыштавалі тады сотні чалавек, а ў выніку вулічных сутычак сотні ўдзельнікаў дэманстрацыі атрымалі цялесныя пашкоджанні.
Май 1996 г. стаў месяцам дэманстрацый пратэсту, якія адбыліся ў большасці абласных гарадоў рэспублікі. Прычынай гэтаму стала пагаршэнне матэрыяльнага становішча большасці насельніцтва. Змаганне з дробнымі прыватнымі прадпрымальнікамі давяло да заняпаду большасці фірм, якіх уласнікі не здолелі дамовіцца з прадстаўнікамі прэзідэнцкай вертыкалі. У адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 24 мая 1996 г. аб гаспадарчым кантролю пачалася абавязковая перарэгістрацыя ўсіх прыватных прадпрыемстваў. Атрыманне ліцэнзіі на далейшае вядзенне гаспадарчай дзейнасці звычайна патрабавала ўнясення неафіцыйнай аплаты ў карысць адміністрацыі прэзідэнта. Указ ствараў асабліва выгадныя ўмовы для карупцыі, стварання няясных суадносін на стыку ўлады і гаспадаркі.
Читать дальше