Пры такім становішчы ў першай фазе вайны, асабліва пасьля наступленьня расейскіх войскаў ува Усходняй Прусіі ў 1914 г., урадавыя колы нямецкага Райху хоць і спадзяваліся адсунуць Расею ад сваіх усходніх межаў і стварыць для гэтага буфэрную польскую дзяржаву, а таксама анэксаваць Літву і Курляндыю, аднак далей гэтых захопніцкіх плянаў ня ішлі. Такія намеры меліся быць, як прынята лічыць, досыць памяркоўныя і прымальныя для расейскага боку ў часе мірных перамоў. [16] Варта адзначыць, што ў жніўні — верасьні 1914 г. канцлер Райху Тэабальд фон Бэтман Гольвэг прызнаваў неабходнасьць ліквідацыі панаваньня Расеі над нерасейскімі народамі і лічыў, што мэтазгодна стварыць паміж Нямеччынай і Расеяй шэраг буфэрных дзяржаваў. Аднак гэтыя погляды не распаўсюджваліся на Беларусь.
Такім чынам, Беларусь, як, зрэшты, Украіна, Латгалія і Эстонія, заставалася па-за абсягам нямецкіх тэрытарыяльных дамаганьняў, таму не бралася пад увагу канцэпцыя беларускіх адраджэнцаў аб стварэньні залежнай ад Нямеччыны буфэрнай беларускай дзяржавы і выкарыстаньні для гэтай мэты беларускага нацыянальнага руху. [17] На жаль, аўтар не пацьвярджае дакумэнтальна, хто зь беларускіх адраджэнцаў і калі распрацаваў канцэпцыю стварэньня залежнай ад Нямеччыны буфэрнай беларускай дзяржавы. — А. С.
Такім чынам, слабасьць гэтага руху была важным, але не вызначальным фактарам, што прычынілася ў недастатковай зацікаўленасьці нямецкага Райху беларускім пытаньнем. Адначасова Нямеччына не зьбіралася выкарыстоўваць сэпаратысцкіх тэндэнцыяў літоўцаў, мацнейшых за тыя, што дзейнічалі сярод беларусаў, бо гэта вынікала з вышэйшых мэтаў нямецкай палітыкі, якой у дадзеным выпадку была анэксія Літвы. Згодна з такімі палітычнымі меркаваньнямі разьвіваўся наступ нямецкіх войскаў на Усходнім фронце. Летам 1915 г. яны занялі Каралеўства польскае, Літву і Курляндыю, дасягнуўшы пад канец верасьня лініі Дзьвінск — Браслаў — Паставы — Смургоні — Баранавічы — Пінск — Луцак, пасьля чаго наступіла спыненьне ваенных апэрацыяў, якое працягвалася на ўсходзе аж да 18.2.1918 г. Такім чынам, на працягу двух год і пяці месяцаў нямецка-расейскі фронт падзяляў Беларусь на дзьве часткі. Паводле беларускага гісторыка Вадзіма Круталевіча пад нямецкай акупацыяй заставаліся яе заходнія землі плошчаю 50 тыс. кв. км, што складала прыкладна 25 % сучаснай тэрыторыі Беларусі.
Увосень 1915 г. на частцы занятых паўночна-ўсходніх земляў быў створаны вайсковы адміністрацыйны абшар Обэр Ост, які ўзначаліў шэф генэральнага штабу генэрал Эрых Людэндорф пад агульным кіраўніцтвам камандуючага Ўсходнім фронтам фэльдмаршала Паўля фон Гіндэнбурга. Абшар гэты, плошчаю 109 тыс. кв. км, пасьля неаднаразовых зьменаў унутранай адміністрацыйнай структуры вясной 1917 г. падзяляўся на тры адзінкі: Літву, Курляндыю і Беластоцка-Гарадзенскую акругу, якой прызначалася роля сувязнога зьвяна паміж Прыбалтыкай і Польшчай. У межах гэтай акругі апынулася трэцяя частка акупаваных беларускіх земляў плошчаю каля 17 тыс. кв. км. На адрэзку ад ваколіц Ліды да Браслава ўсходняя мяжа Обэр Осту супадала, зь невялікімі адхіленьнямі, з сучаснай граніцай Літвы і Беларусі. [18] Выкарыстаны ў тэксьце тэрмін «беларускія землі» датычыць толькі тэрыторыі сучаснай Беларусі і не ўлучае ў сябе земляў, што ўваходзяць цяпер у склад Польшчы (паветы Беластоцкі, Бельскі, Сакольскі, а таксама частка Ваўкавыскага і Гарадзенскага). У такім самым значэньні ўжывае яго і В. Круталевіч. Тым ня менш мы разумеем усю яго ўмоўнасьць: улучаныя ў склад Польшчы землі належаць да зоны кампактнага пражываньня беларусаў. Паводле падлікаў аўтара, з агульнай плошчы Беластоцка-Гарадзенскай акругі, улучанай у склад Обэр Осту (2664 тыс. км кв.), на тэрыторыю Польшчы прыпадала каля 9,2 тыс. км кв., а на Беларусь — каля 17,2 тыс. км кв.
Усходняя мяжа Обэр Осту супадала з засягам нямецкіх тэрытарыяльных дамаганьняў у Расеі. Разам з усходняй граніцай запраектаванай польскай дзяржавы яна павінна была разьдзяліць тэрыторыі панаваньня Расеі і Нямеччыны. Рэштка акупаваных беларускіх земляў плошчаю каля 33 тыс. кв. км уваходзіла ў склад апэрацыйнай паласы войска паміж граніцай Обэр Осту і лініяй нямецка-расейскіх акопаў. Да гэтых земляў урадавыя колы Райху ня мелі анэксійных намераў. Яны павінны былі адыграць ролю разьменнай пазыцыі ў будучых мірных перамовах і вярнуцца да Расеі пасьля адмаўленьня апошняй ад прэтэнзій на землі, далучаныя да Обэр Осту. [19] Паводле арт. 4 Берасьцейскага трактату, акупаваныя беларускія землі, разьмешчаныя на ўсход ад Обэр Осту, павінны былі далучыцца да Расеі пасьля заключэньня ўсеагульнага міру і дэмабілізацыі расейскай арміі, аднак у дадатковай умове нямецка-расейскай дамовы ад 27.8.1918 г. прадугледжваўся больш раньні зварот тэрыторый на ўсход ад Бярэзіны — па меры таго як Расея будзе выконваць фінансавыя забавязаньні перад Нямеччынай.
Читать дальше