Карныя дзеяньні атрадаў СС і Вэрмахту разглядаюцца ў такіх дакумэнтальных публікацыях, як «Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии (1941–1944)» (Менск, 1965), «Нацистская политика геноцида и «выжженной земли» в Белоруссии» (Менск, 1984), «Я з вогненнай вёскі» (Менск, 1975) пад аўтарствам Я. Брыля, У. Калесьніка і А. Адамовіча. Гэтую дзейнасьць звычайна паказваюць як вынік пасьлядоўнага генацыду беларускага народу, аднак ня ўказваецца, што яна была адказам на партызанскія выступленьні. Ня выйшла ў БССР і асобных дасьледаваньняў, прысьвечаных вынішчэньню габрэйскага насельніцтва. Мала ўвагі ўдзялялася нямецкай палітыцы на Беларусі, функцыянаваньню акупацыйнага рэжыму на яе тэрыторыі, нарэшце, дзейнасьці нацыяналістычных групаў. Гэтыя праблемы закранае В. Раманоўскі ў спэцыфічным кантэксьце выкрыцьця беларускага нацыяналізму (Саўдзельнікі ў злачынствах. Менск, 1964), а таксама А. Фактаровіч у сваёй працы, прысьвечанай барацьбе беларускіх партызан з аграрнай палітыкай акупацыйных уладаў. Павярхоўна раскрываюць гэтыя пытаньні і аўтары «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 4).
Гэтыя прагалы ў некаторай ступені запоўніла беларуская эміграцыйная гістарыяграфія. У прыватнасьці, заслугоўваюць увагі два каштоўныя зборы дакумэнтаў, якія датычаць дзейнасьці Беларускай цэнтральнай рады: «Другі ўсебеларускі кангрэс» (Мюнхэн, 1954), а таксама «За дзяржаўную незалежнасьць Беларусі» (Лёндан, 1960). Вельмі пазнавальныя ў гэтым пляне ўспаміны К. Акулы, Л. Галяка, С. Каўша, Я. Малецкага, працы І. Касяка, В. Калюша (Р. Астроўскага), А. Мартэна, Л. Рыдлеўскага, нарэшце, шматлікія артыкулы, апублікаваныя ў эміграцыйнай пэрыёдыцы. Недахоп гэтых распрацовак у тым, што яны не абапіраюцца на архіўныя крыніцы, затое вартасьць — у багацьці дробных дэталяў, канкрэтных здарэньняў, рэльефных гістарычных постацяў і людзкіх узаемадачыненьняў, апісаных з уласнага досьведу і назіраньняў.
Заходненямецкія, ангельскія і амэрыканскія аўтары разглядаюць гісторыю акупацыйнага пэрыяду на Беларусі альбо як частку агульнай нямецкай палітыкі на акупаваных землях СССР (О. Бройтыгам, А. Далін, Р. Тэрцэт, Э. Гэсэ, П. Кляйст, Дж. Райтлінджэр), альбо ў агульным кантэксьце гісторыі Беларусі (І. Любачка, Н. Вакар), альбо ў аспэкце паходжаньня беларускай пасьляваеннай эміграцыі (Д. Лофтус). Некаторыя з гэтых аўтараў не надавалі вялікай увагі гісторыі нямецкай акупацыі менавіта на тэрыторыі Беларусі, але зрабілі сур’ёзны ўнёсак у асьвятленьне паасобных спэцыфічных праблемаў, такіх, як партызанская вайна (Гэсэ), паходжаньне і дзейнасьць Саюзу беларускай моладзі (Тэрцэт), альбо пазыцыя жыхароў Усходняй Беларусі на пачатку акупацыі (Вакар), ці стаўленьне Кубэ да праблемы вынішчэньня габрэйскага насельніцтва на Беларусі (Гайбэр, Райтлінджэр).
Акупацыйная гісторыя Беларусі не была прадметам дасьледаваньняў польскіх вучоных. Вельмі коратка ў больш шырокім кантэксьце асьвятлялі гэтую тэму У. Банусяк, М. Косман, Ч. Малайчын. Е. Карлікоўскі разглядаў нямецкую палітыку ў Беластоцкай акрузе, аднак пры гэтым ён мала закрануў усходнія раёны Беласточчыны, якія пасьля вайны засталіся ў складзе Беларускай ССР. І ужо зусім слаба было дасьледавана польскае пытаньне на тэрыторыі акупаванай Беларусі, на гэты конт сустракаліся толькі паасобныя кароткія згадкі. Так, М. ІОхневіч апісаў удзел палякаў у савецкім руху супраціву на Беларусі, а Ц. Хлябоўскі — дывэрсійную дзейнасьць «Wachlarza» на гэтай тэрыторыі. Больш інфармацыі пра польска-беларускія ўзаемадачыненьні таго пэрыяду можна атрымаць з працаў эміграцыйных аўтараў Я. Эрдмана, Я. Праўдзіца-ІІІляскага, прысьвечаных гісторыі Арміі Краёвай на Наваградчыне.
Такім чынам, трэба сказаць, што, апрача дакумэнтальных збораў і распрацовак паасобных пытаньняў, дагэтуль не было напісана навуковай манаграфіі, якая ахапіла б у поўным аб’ёме асноўныя пытаньні акупацыйнай гісторыі Беларусі. Аўтар гэтай кнігі таксама не прэтэндуе на стварэньне такога дасьледаваньня, яго задачаю было паказаць асноўныя палітычныя працэсы, якія дзеяліся на Беларусі ў 1941–1944 г., разгледзець іх па магчымасьці поўна і ўсебакова, дайсьці да ўласных высноў, незалежных ад папярэдніх супярэчлівых ацэнак сьведак і пасьляваенных інтэрпрэтатараў падзеяў. І таму ня варта дый немагчыма было загадзя вызначыць нейкую акрэсьленую генэральную тэзу альбо якія-небудзь агульныя гатовыя меркаваньні. Наадварот, у працэсе дасьледаваньня аўтар пастараўся перш за ўсё знайсьці дакумэнтальныя пацьвярджэньні дэталяў і ўжо на іх падставе самастойна фармуляваць лягічныя высновы.
Читать дальше