Урадавая пазыцыя Райху ў гэтай справе заставалася нязьменнай прыкладна да капца 1916 г. Аб гэтым сьведчыць выказваньне канцлера Тэабальда фон Бэтман Гольвэга ад 23.11.1916 г., у якім ён акрэсьліў ваенныя задачы Нямеччыны наступным чынам:
Прызнаньне новага Каралеўства польскага, саступка земляў Курляндыі і Літвы і ўсталяваньне з стратэгічных меркаваньняў супольнай мяжы нямецкіх (г. зн. Обэр Осту. — Ю. Т.) і польскіх тэрыторый з Расеяй.
Гэтая пазыцыя часткова зьмянілася пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расеі. Як паказвае пратакол парады Бэтмана Гольвэга зь вярхоўным вайсковым камандаваньнем, якая адбылася 23.4.1917 г. у Бад-Кройцнаху, у гэты час разглядалася магчымасьць пашырэньня тэрытарыяльных набыткаў Нямеччыны ў Прыбалтыцы (Латвія, Эстонія), але не прадбачылася зьмены ўсходняй мяжы Обэр Осту. У зьмене гэтай мяжы Нямеччына не была зацікаўлена і на берасьцейскіх перамовах. Такім чынам, апроч далучаных да Обэр Осту земляў, што месьціліся ў трыкутніку Горадня — Ліда — Берасьце і складалі каля 8 % цяперашняй тэрыторыі Беларусі, акупацыю беларускіх земляў немцы ўважалі за часовую зьяву.
Такая пазыцыя нямецкага ўраду выключала існаваньне якіх-небудзь маштабных палітычных канцэпцыяў, як, напрыклад, стварэньне незалежнай беларускай дзяржавы, канфэдэрацыю Літвы і Беларусі ці улучэньне або фэдэралізацыю беларускіх земляў з Польшчай. Таму большасьць занятых немцамі беларускіх земляў павінна была вярнуцца да Расеі; стасоўна ж той часткі, што далучылася да Обэр Осту, існавалі разнастайныя праекты. Спачатку яна павінна была далучыцца да Райху, у 1917 г. — да Літвы, у 1918 г. — да Украіны (частка Беластоцка-Гарадзейскай акругі), і, нарэшце, вясною 1919 г. яе аддалі Польшчы. У такім становішчы, апрача імкненьняў да максымальнай эксплуатацыі гаспадаркі, характэрнай, дарэчы, для ўсіх акупаваных тэрыторый, паводзіны нямецкіх акупацыйных уладаў абмяжоўваліся фактычна рэалізацыяй вышэй акрэсьленай нацыянальнай палітыкі.
З гэтага гледзішча па тэрыторыі Обэр Осту панавалі вельмі адрозныя ўмовы. Паводле дадзеных перапісу 1897 г., якімі карысталася нямецкая адміністрацыя, 34,4 % жыхароў гэтага абшару складалі літоўцы, 20,8 % — беларусы, 13,5 % — габрэі, 11,8 % — палякі, 10,5 % — латышы, 6,2 % — расейцы і 2,5 % — немцы (гл. табл. 1). Каля 2/3 ад усяго беларускага насельніцтва Обэр Осту прыпадала на Беластоцка-Гарадзенскую акругу, дзе яно складала абсалютную большасьць (56,0 %). Аднак дадзеныя перапісу ў часе вайны не адлюстроўвалі фактычнага стану галоўным чынам таму, што ня ўлічвалі істотных дэмаграфічных зрухаў, якія адбыліся за гэты пэрыяд. А між тым з 1897 па 1914 г. агульная колькасьць жыхароў краю ўзрасла на 30 % — да 5,8 млн., [20] Аўтарскія разьлікі зроблены на падставе статыстыкі насельніцтва Гарадзенскай, Ковенскай, Курляндзкай і Віленскай губэрняў 1896 і 1914 г.
пасьля чаго, у выніку эвакуацыі ў глыб Расеі ў 1915 г., паменшала напалову і ў 1916 г. складала 2,9 млн. У яшчэ большай ступені зьменшылася колькасьць праваслаўнага насельніцтва, і працэнт беларусаў ад агульнай лічбы жыхароў Обэр Осту ў выніку быў, напэўна, ніжэйшы, чым у 1897 г.
Такім чынам, улады Обэр Осту апынуліся перад праблемай кіраваньня шматнацыянальным рэгіёнам, дадатковую спэцыфіку якога складала абумоўленая гістарычна дамінацыя польскай культуры на беларуска-літоўскіх землях і нямецкай — у Курляндыі. Маладыя літоўская, латыская і беларуская культуры, якія разьвіваліся ў цені гэтых старых культураў, былі яшчэ слабыя, а іх грамадзкае значэньне — непараўнальнае зь пераважным удзелам гэтых нацыянальнасьцяў у насельніцтве Обэр Осту. Паводле зьвестак дасьледчыка гісторыі школьніцтва за акупацыйны пэрыяд Ганса Дамне, спробы літоўскай інтэлігенцыі па стварэньні сучаснай літаратурнай мовы былі тады яшчэ ў пачатковай стадыі і не знаходзілі водгуку сярод мясцовага сялянства, якое не разумела штучных моўных нэалягізмаў і высьмейвала іх. Гэткія самыя цяжкасьці перажывала ў сваім разьвіцьці і беларуская мова і літаратура.
Імкнучыся вырашыць складаную моўную праблему, акупацыйныя ўлады прынялі за прынцып аднолькавае стаўленьне да ўсіх нацыянальнасьцяў. Гэта было зьвязана, напэўна, з намечанай у першай фазе вайны анэксіяй усёй тэрыторыі Обэр Осту, бо наданьне прывілеяў нейкай адной нацыі зь нямецкага гледзішча было б нявыгадна. У выніку, для ўсіх нацыянальнасьцяў у роўнай меры меў дачыненьне ўказ аб забароне ўсялякай палітычнай дзейнасьці, выдадзены Гіндэнбургам 28.7.1915 г., гэтак жа, як і дазвол уладаў на функцыянаваньне камітэтаў дапамогі ахвярам вайны. Да сярэдзіны 1917 г. яны былі адзінай легальнай формай грамадзкай дзейнасьці мясцовага насельніцтва. Гэтыя камітэты выконвалі таксама ролю нефармальных прадстаўніцтваў паасобных нацыянальнасьцяў і былі ўпаўнаважаныя даваць уладам прапановы ў сацыяльнай, асьветнай і культурнай галінах.
Читать дальше