Вельмі трапна сказаў даследчык аб прызначэнні прымавак у духоўным жыцці людзей. «Народная паэзія дае нам магчымасць пазнаць пачуцці народа, а прымаўкі — пазнаёміцца з яго розумам». Даследчык першым у гісторыі фалькларыстыкі робіць падзел прымавак на «гістарычныя», «набожныя», «забабонныя», «адносіны падданых з панамі», «навука жыцця і маралі», «хатняе жыццё, сямейнае і грамадскае», «жарты, прымаўкі, сваркі», «прымаўкі пакрыўджаных», «пра гасціннасць», «раскоша жыцця», «здзеклівыя парады», «розныя прымаўкі», «прымаўкі гандляроў», «прымаўкі аратых». Раздзел прыказак і прымавак — адзін з самых прыкметных у Тышкевічавым зборы фальклорных твораў. У яго запісах пададзена іх каля 450 тэкстаў: «Свая хатка, як родная матка»; «Пытайся не ў старога, а ў бывалага»; «Хоць за вала, абы дома не была»; «Доля прымацкая сабацкая»; «Жонку бяры далёка, кароўку купляй блізка»; «Чым галее, тым дужэе» і г.д.
Даследчык фальклору на канкрэтных прыкладах толькі аднаго рэгіёна паказаў, як шмат тоіць у сабе кожны край.
І сёння праца Я. Тышкевіча «Апісанне Барысаўскага павета» ўспрымаецца як выдатны набытак беларускай даследчыцкай думкі XIX стагоддзя. У ёй даследчык схіляўся да міфалагічнай школы ў беларускай фалькларыстыцы. Вынікам яго творчых пошукаў стаў заключны раздзел кнігі, дзе выкладзены погляды аўтара на славянскую супольнасць, на важную праблему этнагенезу славян. Я. Тышкевіч спецыяльна засяродзіў увагу на цяжкасці вывучэння Барысаўшчыны ў агульнаславянскім кантэксце. Улічваючы працы найдаўнейшых гісторыкаў, вучоны адбірае ў асноўным толькі той матэрыял, які б мог растлумачыць жыццё духоўнай культуры на Барысаўшчыне.
І пасля выхаду «Апісання Барысаўскага павета» Я. Тышкевіч працягваў займацца беларускім фальклорам і этнаграфіяй. Яго падборка прыказак і прымавак з каментарыямі з'явілася ў 1850 годзе ў «Bibliotece Warszawskiej». Праўда, тут змешчаны творы, якія ён ужо і раней друкаваў, як, напрыклад, вершаваная прымаўка пра караля Саса і некаторыя іншыя. Аднак знаходзім і новыя: «Варт Пац палаца, а палац Паца», «Пісаў на Бердычаў», «Дажылі палякі, ні хлеба ні табакі», «Кажды дудак мае свой чубак» і іншыя. Глыбіня і кваліфікаванасць каментарыяў да падборкі прыказак і прымавак сведчылі аб сталасці збіральніка як вучонага-фалькларыста.
Апошнія гады жыцця. Што ў нашай памяці
Паўстанне 1863–1864 гадоў закранула душу амаль кожнага беларускага інтэлігента, грамадскага дзеяча. Я. Тышкевіч прамога дачынення да гэтай гістарычнай падзеі не меў, ён толькі спачуваў яе ўдзельнікам. І толькі па гэтай прычыне мог апынуцца ў ліку рэпрэсіраваных. Ва ўсякім выпадку, калі Вільня апусцела ад удзельнікаў руху: хто загінуў, каго саслалі за Ўральскі хрыбет, хто эмігрыраваў — наш грамадскі дзеяч сам пакінуў гэты культурны цэнтр і пасяліўся ў глухім мястэчку Біржы, на поўначы Жамойці.
Спачатку Я. Тышкевіч адчуваў сябе адлучаным ад сяброў, калег, ад навукі. Толькі паступова да вопытнага вучонага зноў вярталася жаданне працаваць. Ён бярэцца за даследаванне Біржаў. Праўда, яго захаплення гэтым мястэчкам хапіла толькі на адну публікацыю. Напэўна, ён адчуў далёкасць гэтага матэрыялу ад тых, якія замалада былі яму бліжэйшыя. Усё ж Я. Тышкевіч натхніў сваяка Язэпа Тышкевіча на стварэнне ў Біржах хатняй калекцыі старажытнасцей і дапамагаў яму ў вызначэнні прадметаў археалогіі {43} 43 Архіў Ленінградскага аддз. Ін-та археалогіі АН СССР, ф. 1, воп. 1 (1888 год), спр. 1За, арк. 240.
. Некалькі пазней прыклад Я. Тышкевіча будзе скарыстаны ў новым Тышкевічавым музеі ў Паланзе [5] Там цяпер працуе шырокавядомы музей бурштыну.
.
У Біржах Я. Тышкевіч закончыў немалую работу над кнігай-альбомам пра свой лагойскі радавод, якую падрыхтаваў да друку. Адначасова ён імкнуўся наладзіць сувязь з навуковымі цэнтрамі Варшавы і Кракава. Вучоны пастаянна сачыў за навінкамі археалагічнай літаратуры. З улікам навейшых адкрыццяў і дасягненняў эўрапейскай навукі ён спрабуе пераасэнсаваць і дапоўніць раней напісанае. У 1872 годзе выйшла яго кніга «Археалогія на Літве». Гэтая кніжка была па сутнасці творчым завяршэннем той напружанай, амаль 40-гадовай працы даследчыка. Сімвалічна тое, што Я. Тышкевіч пачынаў свой творчы шлях з археалогіі і ёю завяршыў жыццёвы кругабег.
Не толькі ў археалогіі пераасэнсоўвае свае канцэпцыі вопытны даследчык. Напрыклад, працу «Узоры хатняга сумеснага жыцця ў Літве», якая выйшла раней (1844), ён цяпер перапісвае і ў Варшаве яна выходзіць ужо ў новым варыянце. У ёй аўтар выкладае свае погляды на культуру шляхты ранейшых стагоддзяў, што жыла на тэрыторыі гістарычнай Літвы. Яўстах Тышкевіч не забыўся расказаць і пра духоўнае жыццё гэтага слоя грамадства. Ілюструе яго трапнымі беларускімі прыказкамі, прымаўкамі, а таксама змястоўнымі легендамі і паданнямі {44} 44 Obrazy domowego pożycia na Litwie… S. 139, 145, 146, 169.
. Апісаны ўзоры абрадаў, якіх прытрымлівалася шляхта. А вось у кнізе «Нашы старонкі» {45} 45 Nasze Strony. Obrazek litewski przez E. Tyszkiewicza. W Krakowie. 1871.
Я. Тышкевіч нібы дзеля «аб'яднання» самых розных станаў грамадства роднай Барысаўшчыны з аднолькавай павагай піша пра жыццё селяніна, лекара, шляхціца і магната Радзівіла.
Читать дальше