Яўстах Тышкевіч вельмі дакладны ў апісанні змовін. Ён перадае змест абраду з такой глыбокай праўдзівасцю, быццам сам не раз удзельнічаў у гэтай урачыстасці. Напрыклад, адносна вясельнага поезда маладога сказана, што ён «складаецца звычайна з трох свах (старшая свацця — хросная матка, дзве малодшыя — сёстры або бліжэйшыя сваячкі), двух дружкоў, столькі ж намеснікаў і хроснага бацькі, які вязе сваццяў і якога там завуць вазіла…».
Пры сватанні гаворка ішла і пра пасаг і пра гаспадарку маладога, бо тут, як зазначае Тышкевіч, абмяркоўвалася і матэрыяльная трываласць будучай сям'і. Лічыцца, што элемент куплі-продажу ў вясельным абрадзе даволі старажытны, «існаваў у эпоху распаду родавага ладу… вяселле ў патрыярхальнай сям'і з'яўлялася перш за ўсё гаспадарчым пагадненнем, што звязвалася са стварэннем новай эканамічнай адзінкі» {39} 39 Померанцева Э. В. Семейная обрядовая поэзия // Русское народное поэтическое творчество. М., 1956. С. 244.
. А.М.Нікольскі таксама лічыць, што гэты абрад вельмі старажытны і «адносіцца да родаплемянной эпохі» {40} 40 Никольский Н. Происхождение и история белорусской свадебной обрядности. Мн., 1956. С. 44.
.
Дэталёва падаецца Я. Тышкевічам і абрад замесу каравая. Галоўная каравайніца пры гэтым просіць бласлаўлення: «Ёсць тут Бог, бацька, матка, родныя і суседзі, блізкія і дальнія, мужы статэчныя, бабкі запечныя, дзеткі заплечныя, блаславіце краснай панне каравай учыніць». Трэба зазначыць, што ўсе прымаўкі, песні даюцца ў арыгінальным гучанні.
Вечарам запрашаюць пяць ці сем каравайніц і трох мужчын, каб мясіць і пячы каравай. Старшая каравайніца спявае:
Благаславіце, людзі,
Блізкія суседзі,
Гэтаму дзіцяці
Каравай замясіць…
Чаму такую ўвагу да абраду каравая праяўляў вучоны? У вяселлі ён займае бадай самае пачэснае месца. Зразумела, што народ гэтым яшчэ раз напамікаў пра павагу да адвечнага, да працы аратага і сейбіта. Гэта найдаўнейшая традыцыя беларускага вяселля, якая зарадзілася ў пару язычніцтва. Тады паганскіх багоў задобрывалі тым, што акрамя ўсяго іншага «требы и короваи им ломят… иже нарицается беззаконная трапеза, менимая Роду и Рожаницам…» {41} 41 Памятники древнерусской церковно-учительной литературы. СПб, 1897. Вып. 3. С. 225–227.
Вось адтуль ідзе пакланенне караваю пры стварэнні маладой сям'і. І калі некаторыя элементы беларускага вяселля зніклі або рэканструяваліся, то каравайны абрад стаўся самым моцным і даўгавечным.
Я. Тышкевіч зазначае, што вяселле прайшло праз некалькі гістарычных эпох, кожная з якіх пакідала свой след. Нават неспрактыкаваны чалавек можа адчуць і ўбачыць у ходзе вяселля шмат перажыткаў мінулага. У песнях прысутнічаюць назвы грошай, якія ўжо даўно выйшлі з ужытку: талеры, дукаты, шэлегі:
Верабей, дружка, верабей,
Па суметніку паскакаў,
Нагой шэлег выкапаў,
Сваю дзеўку выкупляў.
Трэба прызнаць, што Тышкевічаў варыянт запісу вяселля найбольш багаты і дакладны. У першай палове XIX стагоддзя яго яшчэ можна супаставіць з апісаннем А. Ф. Рыпінскага. Аднак розніца ўсё ж адчуваецца: Аляксандар Рыпінскі фальклорныя і этнаграфічныя назіранні ўзнаўляў для кнігі «Беларусь» (1840) у парыжскай эміграцыі, па памяці, а ў «Апісанні Барысаўскага павета» ўсе абрады, звычаі, песні ўзятыя з натуры. Не выключана, што Яўстах па некалькі разоў мог звяртацца да сваіх зямлячак-сялянак і дапаўняць ранейшыя запісы, што ніяк не выпадала рабіць А. Ф. Рыпінскаму.
Абрад вяселля на беларускіх землях, як і іншыя фальклорна-этнаграфічныя абрады, на працягу стагоддзяў ўплываў на выпрацоўку нацыянальнай самабытнасці, вылучаў беларусаў сярод суседніх народаў. Праўда, на гэты бок асаблівай увагі не звяртаецца, ды ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя пра гэта было яшчэ рана гаварыць. Для Я. Тышкевіча важней было прадэманстраваць шматколерную карціну саміх абрадаў і рытуалаў.
Па вядомых прычынах Я. Тышкевіч не змог апісаць вяселле на беларускай мове, хоць у іншым выпадку ён гэта зрабіў бы абавязкова. Падставамі для такога меркавання з'яўляюцца яго стаўленні да беларускай культуры, глыбокія яе веды і высокая ацэнка. І яшчэ адзін важкі аргумент на карысць такой гіпотэзы: Я. Тышкевіч кожную народную песню перадаваў без зменаў, захаваў асаблівасці беларускай мовы. Дарэчы, у Тышкевічавым апісанні вяселля застаўкі, дыялогі гучаць па-беларуску з захаваннем асаблівасцяў сінтаксісу.
Абмалёўваючы каларыт народных урачыстасцяў, Я. Тышкевіч заключае, што духоўнае жыццё беларускага селяніна вельмі часта не супадала з матэрыяльным. Беднасць краю, безумоўна, адбіваецца на ўзроўні духоўных запатрабаванняў, але ж «бяда і розуму вучыць», павазе да даўніны, якую «селянін сэрцам чуе». Жыхар вёскі сумленна з пакалення ў пакаленне ўшаноўвае памяць продкаў, іх духоўны скарб, які перадае ўнукам.
Читать дальше