Пазьней гэтая група арганізавала Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва са старшынёй д-рам В. Тумашам на чале. Гэты інстытут непэрыядычна выдаваў часапіс навукова-мастацкага зьместу «Запісы». Тут былі выдадзеныя кніга В. Тумаша, прысвечаная Ф. Скарыну, творы Янкі Купалы і паэзія Н. Арсеньневай.
Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква (некананічная) была перавезеная з Нямеччыны ў Амэрыку. Тут былі арганізаваныя прыходы: у Брукліне (штат Нью-Йорк); у Нью-Брунсьвіку (штат Нью-Джэрсі); у Клевэляндзе (штат Огайо) і ў Дэтройце (штат Мічыган). Галавой гэтай царквы быў яп. Тамашчык, які пераехаў сюды з Нямеччыны. Пазьней быў высьвячаны на япіскапа сьв. Андрэй Крыт, які па сьмерці яп. Тамашчыка быў узьведзены ў сан мітрапаліта.
Абрамчык прызначыў прадстаўнікоў ураду БНР у ЗША, якія дзеілі пад яго кіраўніцтвам.
Характэрна, што кіраўнічыя становішчы ў арганізацыях «крывіцкай» групы займалі беларусы рыма-каталіцкага веравызнаньня, або праваслаўныя, перайшоўшыя ў вунію. Праваслаўныя кіраўнікі адсоўваліся ад становішчаў досыць хутка, як гэта было з А. Калубовічам, К. Мерляком, Л. Галяком і іншымі.
У 1950 годзе камуністычная Паўночная Карэя пры падтрымцы ўраду СССР і камуністычнага Кітаю напала на Паўднёвую Карэю з мэтай заняць яе. Можна было спадзявацца, што гэта пачатак большай камуністычнай экспансыі. ААН выступіла са збройнай контракцыяй. Уплывовыя колы ў ЗША стварылі Амэрыканскі Камітэт Для Вызваленьня ад Бальшавізму, які арганізаваў радыёстанцыю «Вызваленьне» для радыёперадачаў у СССР на мовах розных народаў, уключаючы і беларускую. Нацыянальна-палітычная плятформа гэтага камітэту была накіненая згары арганізатарамі яго ў форме «не прэдрэшаць» цяпер будучыні нерасейскіх народаў СССР, якая мае быць вырашаная будучай канстытуцыйнай асамблеяй СССР па вызваленьні ад бальшавізму. Абрамчык са сваёй групай пагадзіўся на гэтую плятформу і пайшоў на супрацоўніцтва з «непрэдрэшэнскім» камітэтам. Арганізацыі іншых нерасейскіх падсавецкіх народаў, якія пайшлі супрацоўнічаць з «непрэдрэшэнскім» камітэтам, стварылі міжнацыянальную арганізацыю «Парыскі блёк», да якога не належалі паважнейшыя арганізацыі нерасейскіх народаў СССР. Некаторы час старшынёй «Парыскага блёку» быў М. Абрамчык.
У гэты час кангрэс стварыў Адмысловы Камітэт для абсьледваньня камуністычнай агрэсыі, які праводзіўдосьледы аб заваяваньні і камуністычнай палітыцы ўраду СССР адносна нерасейскіх народаў. Д-р М. Шчорс, старшыня БККА, наведаў гэты камітэт, сабраў сьведкаў і падрыхтаваў матар'ялы для гэтага камітэту. Ён атрымаў даручэньне падрыхтаваць гістарычны матар'ял у гэтай справе. Матар'ял ад прэгісторыі да першай сусьветнай вайны напісаў мгр. Л. Галяк; ад першай сусьветнай вайны да пачатку другой сусьветнай вайны — д-р М. Шчорс; за часы другой сусьветнай вайны — інж. I. Касяк. Гэтыматар'ял быў прагледжаны кансультантамі Джоржтаўнскага Унівэрсытэту, як і Адмысловым Камітэтам,і апублікаваны кангрэсам асобнай брашурай над назовам «Захоп камуністымі і акупацыя Беларусі» ў 1955 годзе.
У праграме дзейнасьці БЦР і БВФ (Беларускі Вызвольны Фронт, арганізацыя, заснаваная ў 1955 г. у Нямеччыне. Начальнік Галоўнага Штабу — Д. Касмовіч. Аддзелы БВФ існавалі ў Англіі, Аўстраліі, ЗША, Канадзе і Нямеччыне) з Амэрыкі былі дэлегаваныя прадстаўнікі БВФ для ўдзелу ў канфэрэнцыях ВАКЛу — Сусьветнай Антыкамуністычнай Лігі. На канфэрэнцыі ў Вашынгтоне (ЗША, 1974) прымалі ўдзел інж. I. Касяк і д-р Плескачэўскі; у Рыо-дэ-Жанэйро (Бразылія, 1975) — інж I. Касяк; у Вашынгтоне (ЗША, 1978) — інж. I. Касяк, мгр. А. Касоўская і матушка В. Лапіцкая; у Асунціоне (Парагвай, 1979) — інж. I. Касяк. На канфэрэнцыі ў Рыо-дэ-Жанэйро арганізацыя БВФ была прынятая на звычайнага сябру ВАКЛу і пераклясыфікаваная з папярэдніх у спалучаныя (associated) сябры. Дэлегаты БВФ заўсёды падавалі на канфэрэнцыях свае, загадзя падрыхтаваныя праекты рэзалюцыяў па беларускай справе, як і інфармацыйныя матар'ялы адносна Беларусі, акупаванай Савецкай Расеяй. Беларускія праекты прымаліся камісіямі і пленумам! канфэрэнцыяў разам з іншай дакумэнтацыяй.
У 1970-х гадох у горадзе Гранд Рапідс (штат Мічыган) пачаў выходзіць часапіс «Беларускі Сьвет», рэдактарам і выдаўцом якога зьяўляецца Ніколяс Прускы. Гэты часапіс зьмяшчае пераважна перадрукоўваныя беларускія апавяданьні, вершы, жарты, нарысы ды ілюстрацыі дасавецкай і савецкай пары, дадаючы трохі нованапісанага матар'ялу. Часапіс трымаецца агульнанацыянальнай беларускай праблематыкі, абмінаючы партыйна -груповыя пытаньні.
Читать дальше