Галоўная ўправа БАуА пастанавіла як найшырэй прапагандаваць Беларусь у Аўстраліі і ў іншых краінах вольнага сьвету. Была навязаная сувязь з арганізацыямі паняволеных Расеяй народаў і міжнацыянальнымі арганізацыямі, у склад якіх БАуА ўвайшла сябрам, як Аб'яднаная Рада Эмігрантаў, Эмігранцкая Дарадчая Рада Лібэральнай Партыі, Рада Добрага Суседа Новай Паўдзённай Валіі, Антыбальшавіцкі Блёк Народаў і іншыя.
Ад 1950 году Беларускае Аб'яднаньне выдавала месячны часапіс «Новае Жыцьцё» на беларускай мове, які выходзіў на працягу пяці гадоў. У 1953 годзе Беларускае Аб'яднаньне арганізавала мяшаны хор, які выступаў на міжнацыянальных імпрэзах і нацыянальных сьвятах. Ён існаваў пяць гадоў і яго сьпеў быў запісаны на пяці беларускіх кружэлках. Па сьмерці рэгента С. Анічкава гэты хор перастаў існаваць.
У 1954 г. А. Алехнік быў выбраны ў Сіднэі дэлегатам на Канвэнцыю Аўстралійскага Грамадзянства, якая адбылася ў сталіцы Канбэры, дзе разважаліся і плянаваліся справы эміграцыі на будучыню. У 1967 г. А. Алехнік быў прыняты адзіным прадстаўніком ад паняволеных Расеяй народаў у склад Камітэту Аб'яднаных Нацыяў у Новай Паўдзённай Валіі. Пасол СССР зарэагаваў супроць прысутнасьці незалежнага беларускага прадстаўніка, прынятага на роўні з дэлегатамі ўсіх краін сьвету, з якімі Аўстралія мела дыплёматычную сувязь. Прадстаўнік СССР пачаў байкот гэтага камітэту і беларускі прадстаўнік стаўся адзіным рэпрэзэнтантам Беларусі, а беларускі бел-чырвона -белы сьцяг займаў мейсца сярод сьцягоў усяго сьвету.
На працягу першых 15 гадоў дэлегаты Беларускага Аб'яднаньня прымалі ўдзел у міжнацыянальных спатканьнях. наведвалі ўрадавых прадстаўнікоў уключна з прэм'ер-міністрамі, знаёмячы іх з беларускай праблемай. Аўстралійская газэта «Лібэральная Думка» (Liberal Opinion) зьмяшчала артыкулы пра Беларусь.
Для пашырэньня антыкамуністычнай дзейнасьці на ўвесь сьвет Антыкамуністычная Ліга Азыяцкіх Народаў арганізавала Сусьветную Антыкамуністычную Лігу. Ад гэтага часу Беларускае Аб'яднаньне разам з аддзеламі БВФ у Сіднэі і Мэльборне высылалі дэлегата на канфэрэнцыі ВАКЛ. У. Сідлярэвіч і П. Гуз у Мэльборне арганізавалі дапамогу ў гэтай справе. Канфэрэнцыі ВАКЛ пры ўдзеле беларускага дэлегата А. Алехніка адбыліся ў далейшым часе: у 1968 г. у Сайгоне (Ветнам), у 1970 г. у Токіо (Японія), у 1971 г. у Маніллі (Філіпіны), у 1972 г. у Тайпэй (Фармоз) і ў 1977 г. у Сэўле (Карэя).
Беларускі актыў Мэльборну і Сіднэю на супольнай нарадзе 26 траўня 1980 г. пастанавіў аплочваць складку ў Беларускі Нацыянальны Фонд БЦР па 50 даляраў ад працуючага і па 10 даляраў ад пэнсыянера на год. З гэтага фонду аплочваюцца складкі да міжнародных арганізацыяў, як і пакрываецца аплата падарожжа на міжнародныя канфэрэнцыі, якая прыпадае на Аўстралію.22 сакавіка 1953 г. Беларускае Аб'яднаньне заснавала Беларускі Культурна-Асьветны клюб. Гэты клюб быў зарэгістраваны як самастойная арганізацыя ў адміністрацыйных уладах 14 сьнежня 1973 г. і набыў невялікі будынак для сваіх патрэбаў.
У 1974 годзе Беларускае Аб'яднаньне арганізавала беларускую школу для дзяцей, якая існавала каля чатырох гадоў.
На пачатку 1970 году ў Сіднэі арганізавалася Беларускае Аўстралійскае Незалежнае Аб'яднаньне ў Новай Паўднёвай Валіі. Гэтая арганізацыя была прыхільная да БЦР, але яна не праводзіла шырэйшай грамадзкай дзейнасьці.
Трэба адзначыць, што да 1975 год> Беларускае Аб'яднаньне было адзінай знанай беларускай арганізацыяй і толькі яна была зарэгістраваная аўстралійскімі ўладамі.
Пачынаючы ад 20 ліпеня 1976 году Беларускі Радыёвы Камітэт раз на тыдзень перадае аднагадзінную радыёперадачу на беларускай мове. Яна называецца «Спэцыяльная радыёвая абслуга» (Special Broadcasting Service) і фінансуецца ўрадам Аўстраліі.
Іншыя беларускія арганізацыі Аўстраліі не праводзілі дзейнасьці навонкі. Каб прыцягнуць іх да супрацоўніцтва, у 1977 годзе была арганізаваная Фэдэральная Рада Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі. Гэтая Рада арганізуе раз на два гады зьезды-сустрэчы беларусаў Аўстраліі.
Галоўныя арганізацыі пастаянна арганізуюць акадэміі на ўгодкі 25 сакавіка, Другога Усебеларускага Кангрэсу, Беларускай Краёвай Абароны, Слуцкага паўстаньня і іншых нацыянальных юбілеяў.
У Мэльборне (правінцыя Вікторыя) у 1963 годзе быў заснаваны Беларускі Цэнтральны Камітэт у Вікторыі. У гэты камітэт уваходзяць усе беларускія арганізацыі Мэльборна, уключаючы «крывічоў». Ад часу заснаваньня Беларускага Цэнтральнага Кампэту не паўстала ніякая «крывіцкая» арганізацыя, а маюцца толькі іх паасобныя прыхільнікі. У 1975 годзе быў заснаваны Беларускі Жаночы Камітэт у Вікторыі. У 1958 годзе ў Мэльборне была заснаваная Каапэратыва Беларускага Дому ў Мэльборне.
Читать дальше