У прынцыпе, задачай усіх турнірных практыкаванняў было прадэманстраваць уменне валодаць зброяй. Таму барцоўскія прыёмы тут не віталіся. Аднак, у шэрагу выпадкаў, удзельнікі турнірных відовішчаў маглі выклікаць жадаючых на рукапашны бой і тым самым прадэманстраваць сваю фізічную сілу. Падобныя спаборніцтвы мелі месца, напрыклад, у Вене ў 1515 г., дзе былі арганізаваныя пышныя гульні з нагоды сустрэчы імператара Максімільяна І з каралямі Чэхіі, Венгрыі і Польшчы. “Бых паміж чэхамі шляхціц адзін па прозвішчу Стыбіч, муж надзвычай моцны, які, будучы ўжо шчасливы шмат у якіх ганітвах, так пыхлівы, што ўсіх выклікаў [на бой] і абяцаў сто чырвоных залатых таму, што б сябе спрытнейшым і мацнейшым за яго паказаў. Адрываў ён абручы ад колаў возовых, скручваў іх у трубку і зноў раскручваў, ламаў падковы, пасадзіўшы на кожнай руцэ двух чалавек, падымаў іх угару. Ніхто з падобным геркулесам спрабаваць сябе не адважваўся, але ж выступае адзін з дворскіх караля Жыгімонта (караля польскага і вялікага князя літоўскага – Ю.Б.), ледзве 23 гадоў маючы, па прозвішчу Радзіміньскі, той адзін прыняў выклік. Вызначылі дзень, сабралася вялікае мноства гледачоў; увайшлі ўдзельнікі ў шранкі, усе намошчаныя алеем, апоч далоняў, каторыя воскам і смалой нацёрлі. Калі паміж сабой схапіліся, з кожным ударам кроў у іх пырскала. Чэх, схапіўшы паляка пад рукі, хацеў яго здушыць, але паляк, падняўшы рукі ўгару, так моцна ўдарыў чэха ў галаву, што з рук ягоных вырваўся і адразу адной рукой схапіўшы [праціўніка] за горла, другой паміж ног, падняў яго ўверх і, страціўшага прытомнасць, кінуў на зямлю, запатрабаваўшы дамоўлены заклад. Апладысменты ўсіх засведчылі перамогу паляка”. 31
Напрыканцы варта ўзгадаць яшчэ адзін від паядынкаў, які нагадваў турніры па форме, але, тым не менш, вельмі мала чаго меў з імі па-сутнасці. Гаворка ідзе пра “судовы паядынак” . Падчас яго ісцец і адказчык высвятлялі сваю рацыю са зброяй у руках, прычым жанчынам і нямоглым дазвалялася выстаўляць замест сябе іншых асоб. Падчас судовых паядынкаў ужывалася баявая зброя, выбар якой залежаў ад адказчыка. У адрозненне ад турніраў, колькасць удараў тут не абмяжоўвалася, а бой працягваўся да смерці аднаго з удзельнікаў ці прызнання ім сваёй віны. 32
Судовыя паядынкі атрымалі шырокае распаўсюджанне ва ўсёй Еўропе, у тым ліку і ў тых краях, дзе турніры ў сваёй класічнай форме не атрымалі прызнання. Так, напрыклад, яны былі добра вядомыя ў ХVІ ст. у Маскоўскай дзяржаве. Судовыя паядынкі тут звычайна пачыналіся, як у заходнееўрапейскіх турнірах, з сутычкі на копях, пасля чаго праціўнікі пускалі ў ход іншую зброю. Відавочца падзей, пасол германскага імператара Сігізмунд Герберштэйн адзначаў, што “яны могуць выстаўляць замест сябе на паядынках якую заўгодна асобу, так сама і абодва могуць запасціся якой заўгодна зброяй, акрамя пішчалі і лука. Звычайна на іх бываюць падоўжаныя даспехі, часам двайныя, кальчуга, наручы, шлем, капё і нейкае жалеза ў руцэ [накшталт кінжала, але] завостранае з абодвух канцоў, трымаючы яго ў руцэ, яны дзейнічаюць ім так спрытна, што пры любым сутыкненні яно не перашкаджае і не выпадае з рук. Але збольшага яго ўжываюць у пешым баі”.
Адметнасць правядзення судовых паядынкаў у Маскоўскай дзяржаве ў параўнанні з турнірнай практыкай складала і тое, што тут не забаранялася дапамога паядыншчыкам з боку іх паплечнікаў. Па словах Герберштэйна, “У кожнага ж з бакоў ёсць шмат сяброў і прыхільнікаў, гледачоў на полі бою, але ў іх няма ніякай зброі, акрамя калоў, якўя часам і пускаюцца ў справу. Бо калі высветліцца, што што аднаму з тых, што бецца, нанесена якая-небудзь крыўда, то абараніць яго збягаюцца ягоныя староннікі, а затым і староннікі яго праціўніка, і такім чынам паміж двума бакамі, да задавальнення гледачоў, завязваецца бой: яны цягаюць адзін аднаго за валасы, бюцца кулакамі, палкамі і абпаленымі каламі”. 33
Парадак правядзення турніраў
Для правядзення турніраў, як правіла, арганізоўвалася спецыяльнае месца – рысталішча (у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім яно называлася “шранкі” ). Гэта магла быць плошча ў горадзе, замкавы дзядзінец ці агароджаны ўчастак прастакутнай формы ў адкрытым полі. З цягам часу барер стаў рабіцца двайным, а паміж барерамі змяшчаліся слугі, якія дапамагалі выбітым з сядла рыцарам і воіны, не дапускаўшыя на поле натоўп. Для змяншэння рызыкі траўматызма рысталішча пасыпалі пяском і саломай. Пры правядзенні групавых турніраў рысталішча падзялялася двума нацягнутымі канатамі, якія перасякаліся перад пачаткам спаборніцтваў.
Читать дальше