Крыніцы ХVІ ст. прыносяць звесткі пра ўдзел прадстаўнікоў Вялікага княства Літоўскага пераважна ў турнірах, праводзімых на тэрыторыі Польшчы. У гэтым няма нічога дзіўнага, бо менавіта ў Кракаве праводзілі асноўны час вялікія князі літоўскія, яны ж каралі польскія. Там жа найчасцей знаходзіліся і асобы манаршага двару, найбольш набліжаныя да рыцарскага этыкету, там жа наладжваліся і найбольш пышныя ўрачыстасці. Праўда, калі па нейкіх прычынах ягелонскі двор пераязджаў у Вільню, то сюды ж перамяшчаўся і цэнтр культурнага жыцця.
Трэба, аднак, зазначыць, што ёсць падставы гаварыць аб практыцы правядзення турнірных забаў пры дварах не толькі манархаў, але і буйных феадалаў Вялікага Княства, якія практычна не апісваюцца ў тагачасных хроніках. На гэта ўскосна ўказваюць значныя запасы турнірнага ўзбраення ў рэзідэнцыях асобных магнатаў, у прыватнасці Радзівілаў. Больш таго, часам такое ўзбраенне высылалася з асноўнай рэзідэнцыі ў іншыя маёнткі. Напрошваецца думка, што пыхлівыя рыцары не жадалі адмаўляць сабе ў задавальненні папрактыкавацца ў баявых гульнях і ў сваіх другарадных сядзібах. Так, напрыклад два даспехі “штэхцойг” для сутыкненняў на тупых копях былі высланы ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. 67
Калі больш падрабязна спыніцца на практыцы правядзення турніраў пры віленскім вялікакняскім двары, то ці не лепшыя свае часы яна зазнала падчас знаходжання тут Жыгімонта Аўгуста, які, як ужо адзначалася, вызначаўся надзвычайнай схільнасцю да рыцарскіх забаў і арганізоўваў іх пры любой нагодзе. Так, у сакавіку 1546 г. быў наладжаны турнір з нагоды побыту ў Вільні князя прускага. Шыкоўнае відовішча было арганізавана 22 лютага 1547 г. Яго турнірная праграма складалася з трох частак – турнір, гусарскія спаборніцтвы і, нарэшце, напэўна самы відовішчны пункт – здабыванне ўмацаваннага замку. Па сваёй завядзёнцы, прыняў у ім непасрэдны ўдзел і сам Жыгімонт, які сутыкаўся са сваім падчашым, панам Лігензам і дваранінам Фрыкачам. Пікантным момантам праграмы быў удзел у спаборніцтвах прастытуткі – нейкай Зофі Длугай (Доўгай). За шчодрую ўзнагароду з гаспадарскага скарбу яна дала сябе ўзброіць і сышлася ў “паядынках”, відавочна імітацыйных, з панамі Гербутам і Лашчам. Эратычная атмасфера, дамагчыся стварэння якой прагнуў Жыгімонт, была цалкам зразумелай на фоне яго рамана з князёўнай Барбарай Радзівіл, якая ўражвала сучаснікаў не толькі прыгажосцю, але і лёгкасцю сваіх паводзін.. 68Такім чынам, праявы Рэнесансу, з яго куртуазнасцю, любоўю да жыцця, якая межавала з бессаромнасцю, з характэрнай для той эпохі насмешкай над традыцыямі, знайшла сваё адлюстраванне і ў турнірнай практыцы.
Акрамя турніраў, росквит пры віленскім двары перажывалі і іншыя свецкія забавы – піры, касцюмаваныя балі, фейерверкі, паляванні. Так, у лютым 1546 г. на вяселлі ў наваградскага ваяводы Кежгайлы быў наладжаны маскарад, на якім быў сам вялікі князь і восем ягоных дваран у масках. Яшчэ адзін падобны маскарад быі арганізаваны ў ліпені таго ж года віленскім ваяводам Глябовічам.
Наладжваў багатыя прыёмы і сам Жыгімонт. Так, у маі і жніўні 1546 г. ў новым палацы за Віліяй былі арганізаваны абеды, якія суправаджаліся спевамі і музыкай. Значная роля тут адводзілася прыдворнай капэле, якая складалася з пятнаццаці чалавек, пераважна італьянцаў, і ўзначальвалася Мацеям Чэмюркам. У 1547 г. у капэлу ўваходзіла 5 лютністаў, столькі ж трубачоў, 2 барабаншчыка і арфіст. Па прыкладу манарха сталі арганізоўвацца капэлы і пры дварах магнатаў Вялікага княства Літоўскага. З усёй краіны сцякаліся тады ў Вільню канатаходцы, фокуснікі, жанглёры, вандроўныя музыкі і камедыянты, блазны.
Подзвігі Жыгімонта на турнірах і паляванні закліканы былі ўвекавечыць мастакі, з якіх вялікі князь асабліва шанаваў Антонія Ведэ. У 1545 г. за карціну палявання на зуброў ён атрымаў 105 польскіх злотых, а ў 1546 г. за карціну, дзе быў адлюстраваны турнір – 16 коп літоўскіх грошаў. 69
У 1562 г. у Вільні адбыўся шлюб фінляндскага княжыча Яна з каралеўнай польскай Катажынай Ягелонкай, на якім прысутнічаў кароль польскі і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст. “Былі прадстаўлены гасподы (пастаялыя двары) князю Яго М[іласці], якія найсумленнейшым чынам паводле патрэбы ў віленскім месце маглі быць дадзены; усё ж, калі ўжо шлюб быў, тады княжычу Яго М[іласці] пакоі што найлепшыя на замку і з каралеўнай Яе М[іласці] прызначаны [былі]. Тыдзень цэлы тое вяселле трывала. Сутычкі на тупых и вострых копях, турніры нямецкія і гусарскія, музыкі там жа і ўсялякія забавы і пачцівасці адбываліся, пры каторых турнірах такія лютыя сутыкненні бывалі, што [удзельнікі] самі сябе жорстка пакалечылі і коней пад самой пазабівалі; так сама і іншыя справы на вяселлі значылі нешта трывожнае і смутнае, як і на самой справе потым хутка выявілася”. 70
Читать дальше