Больш падрабязнае апісанне гэтых урачыстасцяў прыводзіць С.Арахоўскі. “Пасля прамоў і адказаў быў наладжаны абед, пад час якога – канцэрт, далей – ваенныя турніры; тыя на працягу некалькіх дзён трывалі, такое стаяла надворе, што ніколі дождж не перапыняў забаў. У турнірах Якуб Касмоўскі атрымаў над немцамі перамогу...
... Перанесліся турніры да замку, дзе выбраныя рыцары, дасведчаныя, пышныя каштоўнымі даспехамі і багатымі шатамі, змагаліся. Там ужо не постаць бітвы, але саму бітву бачылі. З апушчанымі прылбіцамі, у гончых зброях ляцелі адны насустрач другім, на небяспечнасці і раны ўзаемныя. А паколькі з-за апушчаных прылбіц я не мог гэтых рыцараў пазнаць, з пытання толькі я даведаўся, што Мікалай Мацэёўскі змагаўся са Станіславам Астрарогам Львоўчыкам, Альберт Чарнкоўскі са Станіславам Мышкоўскім, Кіліян Лукоўскі са Станіславам Ліпніцкім, Ян Тарло з Мікалаем Лігензам, Станіслаў Гарныш з Барталамеем Сікорскім, Марцін Машкоўскі са Станіславам Влодэкам, Мікалай Вільга з літвінам Янам Юрковічам, Крыштоф Алендзкі з Пятром Фрыкачам, Станіслаў Менжык з Мікалаем Патоцкім, Зыгмунт Зэбжыдоўскі з Мікалаем Ацескім. Гэтыя ўсе парамі крушылі копі, потым, сабраўшыся ў гуфы, ударылі паміж сабой з тарчамі і мячамі.
Тут храбрыя і бліскучыя рыцары няхай мне даруюць, калі іх усіх па імёнах не называю, бо як жа чалавек, далёкі ад двару, мог я ведаць усіх дваран. Няхай хвала, якая адтуль на іх агульную айчыну сыйшла, суцяшае ў гэтым абмінанні. Паказалі яны перад каралём і каралевай, перад эрцгерцагам аўстрыйскім, перад такой колькасцю розных народаў, напаўняўшых у той час цэлы Кракаў, князёў, правадыроў і паноў, якая была ў рыцарстве польскім адвага, спрыт і пышнасць.
Зрэшты ва ўсіх ганітвах такая была ў рыцарах нашых сціпласць, што хоць амаль ўсе дасведчаныя, спрытныя, спрактыкаваныя ў ганітвах, паказвалі цуды, разам згадзіліся, што dank турніраў належаў Мікалаю Мацеёўскаму; але ён адмовіўся ад гэтага гонару, сцвярджаючы, што быў толькі таваоышам той бітвы, але не пераможцам.
Назаўтра Зыгмунт Вольскі і літвін Станіслаў Кісгала, у прысутнасці караля і напаўняўшых замак гасцей, у цяжкой зброі распачалі бой, у якой палякі прызналі першынства за Вольскім, таму што Кісгалу разам з канём абваліў; наадварот, літвіны ўзносілі Кісгалу за тое, што ён магутным ударам капё да рукаяці скрышыў і сам праз галаву конскую саскочыў, але абодвум няхай будзе хвала за тое, што кожны паводле сваіх сілаў учыніў.
Пасля розных спаборніцтваў на дзядзінцы замкавым у прысутнасці манархаў, кароль дзесятага дня па вяселлі, разам з каралевамі і сямёй сваёй на кані на рынак выехаў. Прыгатаваныя ўжо там былі сядзенні для манархаў і амфітэатр для гледачоў. Пачалі з ігрышчаў капійнікаў у гончых зброях, спосабам італьянскім. У гуфцах тых апынуліся: Станіслаў Мышкоўскі, Станіслаў Астрарог Львоўчык, Ян Костка, Мікалай Мялецкі, ваяводы Падольскага сын, нарэшце Ян Ляшчынскі. Магутныя тут былі сутычкі, якія зайшлі так далёка, што Станіслаў Астрарог, капём праз зброю прашыты, цяжкую з таго атрымаў рану. Суддзі лагеру прысудзілі ўзнагароду Станіславу Мышкоўскаму; атрымаў ён у выніку каштоўны ланцуг залаты; іншыя атрымалі пярсцёнкі і вянкі. Бітва гэтая працягвалася б даўжэй, каб не князь прускі, які тры пары прусакаў са свайго двару вывеў. Яны на агромных копях змагаліся паміж сабой з такім напорам, што часта мужы і коні падалі разам на зямлю амаль без душы. Бой гэты быў успрыняты з усеагульнымі апладысментамі. Князь прускі заслужыў прыхільнасць усіх, бо якая ж у яго пашана да караля, пана свайго, якая да ўсіх палякаў пачцівасць і гжэчнасць. Вечарам вярнуліся на замак для адпачынку пасля такой працы”. 66
Прыведзеныя апісанні належаць да найбольш падрабязных і дакладных крыніц па гісторыі турнірнай практыкі пры ягелонским двары. З іх можна зразумець, што праграма мерапрыемстваў уключала конныя сутыкненні рэнэн , у тым ліку італьянскі, праводзімы праз барер, гештэх , а таксама ўласна турнір – групавую сучычку, якая прадугледжвала дзве фазы – змаганне на копях і на мячах. Абедзве крыніцы трохі разыходзяцца ў дэталях, аднак з апісання Гурніцкага, менш падрабязнага, але больш выверанага тэрміналагічна, выншкае, што спачатку праводзіліся сутыкненні на вострых копях, за імі адбываліся турніры, а завяршалася праграма сутыкненнямі на тупых копях. Калі турнірныя мерапрыемствы праходзілі менавіта ў такой паслядоўнасці, то тут мела месца пэўнае парушэнне еўрапейскай традыцыі, паводле якой турніры павінны былі адбывацца пасля парных сутыкненняў капійнікаў.
Читать дальше