Як сведчыць хроніка Яна Длугаша, пры двары Ягайлы турніры карысталіся вялікай папулярнасцю. Няма падстаў звязваць гэтую зяву менавіта з роллю гэтага манарха ў развіцці рыцарскіх гульняў, тым больш што ён сам, асабліва на пачатку свайго каралявання, так сама як і літвіны пры ягоным двары, толькі далучаўся да традыцый еўрапейскага этыкету. Разам з тым “ліцвінскасць” новага польскага караля, як падаецца, спрыяла азнаямленню палітычнай эліты Вялікага княства Літоўскага з нюансамі забаў такога кшталту. Ужо ў 1386 г., калі адбываліся ўзвядзенне Ягайлы на польскі трон і ягоны шлюб з юнай каралевай Ядвігай, новаабраны кароль-ліцвін, “вярнуўшыся ж на замак Кракаўскі, на трэці дзень наладзіў урачыстыя святы вясельныя, якія трывалі некалькі дзён, на працягу якіх адбываліся пад апладысменты турніры капійнікаў і фехтавальшчыкаў, а таксама танцы”. 47Варта адзначыць, што на вясельных урачыстасцях прысутнічалі шматлікія прадстаўнікі знаці Вялікага княства Літоўскага.
У 1401 г. у Кракаве мела месца вартая ўвагі падзея з удзелам князя Вітаўта (насіўшага таксама хрысціянскае імя Аляксандр), а менавіта зашлюбіны аўдавелага да таго часу Ягайлы з Ганнай, унучкай былога караля польскага Казіміра. Святкаванні былі “удастоеныя прысутнасцю вялікага князя літоўскага Аляксандра і яго жонкі Ганны, а таксама многіх князёў і графаў з розных краёў, якія зехаліся па запрашэнню. Калі ж абвясцілі на двары каралеўскім турніры, князі, графы і рыцары на працягу многіх дзён змагаліся паміж сабой на копях і забаўляліся. Па заканчэнні ж вясельных урачыстасцяў як вялікаму князю літоўскаму Аляксандру і яго жонцы Ганне, так і астатнім князям, графам і гасцям кароль польскі Уладыслаў аказаў гонар цудоўнейшымі падарункамі”. 48
На жаль, ў тэксце хронікі няма непасрэднага апісання змагання Вітаўта на рысталішчы, аднак яно выглядае цалкам праўдападобным. Пра тое, што змаганне асоб самага высокага рангу на турнірах і іх выкліканне на бой прадстаўнікамі менш тытулаванага рыцарства практыкавалася на польскім каралеўскім двары, сведчыць эпізод, які адбыўся за тры гады перад гэтым, у 1398 г., калі у Кракаў без запрашэння прыбыў венгерскі кароль Жыгімонт Люксембургскі. “З мэтай аказання яму найвялікшай пашаны кароль Уладыслаў абвясціў урачыстыя турніры, вызначыўшы ўзнагароды для пераможцы. Кароль венгерскі Жыгімонт, па прычыне каралеўскай годнасці і цудоўнага даспеху вызываны ўсімі рыцарамі, якія змагаліся ў шранках (так у польскай і літвінскай традыцыі называлі рысталішча – Ю.Б.), сутыкаўся [з імі] на копях. Пасля атрымання ад караля польскага Уладыслава каралеўскіх дароў і пасылання наўзаем годнага рэверансу, [Жыгімонт] вярнуўся вясёлы ў Венгрыю”. 49Такім чынам, у абодвух выпадках мела месца ўзнагароджанне і Вітаўта, і Жыгімонта “дарамі”, прычым прынамсі ў другім выпадку яны напэўна мусілі выступаць як узнагарода за ўдзел у турніры.
З абсалютнай упэўненасцю можна гаварыць пра ўдзел прадстаўнікоў Вялікага княства Літоўскага ў турнірных забавах, якія мелі месца ў 1412 г. у Венгрыі, калі Жыгімонт Люксембургскі зехаўся ў Будзе з Ягайлам і з вялікай колькасцю іншых тытулаваных асоб, у тым ліку каралёў. “Назаўтра па свяце Божага Цела былі прызначаны спаборніцтвы рыцарам князёў Эрнеста і Альберта, Людвіка брэсцкага, Конрада Алясніцкага, Януша раціборскага, Яна любіньскага і Санды з Босніі. Сто рыцараў, якія змагаліся ў шранках на працягу двух дзен з раніцы да вечара, ушанавалі шматлікіх гледачоў. Было справай вядомай, што на тыя ігрышчы зехаліся рыцары наступных народнасцяў: грэкі, італьянцы, галы, палякі, чэхі, венгры, аўстрыйцы, рыцары з Мейсена і Надрэйніі (Рэйна), французы, ліцвіны, русіны, баснійцы, балгары, валохі, албанцы і рыцары з Рашкі (Сербіі)”. Хто менавіта і ў якой колькасці прадстаўляў на гэтай імпрэзе Вялікае княства Літоўскае, Длугаш не паведамляе, але з уласцівым яму патрыятызмам ён усхваляе ратныя учынкі паіменна пералічаных чатырнаццаці польскіх рыцараў, “якія першыя [ішлі] да атакі, апошнія пакідалі поле бою, а калі іншыя адпачывалі пасля бою, яны самі з сабой распачыналі спаборніцтва і бітву”. 50
Згаданы турнір уяўляецца досыць паказальным не толькі таму, што на удзел у ім прадстаўнікоў Вялікага княства Літоўскага недвусэнсоўна ўказвае хроніка, але і па прычыне аддаленасці месца яго правядзення ад межаў гэтай дзяржавы. Пералічаныя Длугашам ліцвіны і русіны апынуліся на рыцарскіх гульнях не як выпадковыя сведкі, а прыехалі сюды спецыяльна, пераадолеўшы значную адлегласць, што нейкім чынам указвае на рост сярод феадалаў Вялікага Княства цікавасці да рыцарскіх забаў і адпаведныя традыцыі, якія прынамсі знаходзіліся тут у стадыі фарміравання.
Читать дальше