У канцы ХV ст. добра праявіў сябе на службе заходніх манархаў вядомы пераможца татараў у бітве пад Клецкам у 1506 г. Міхал Глінскі. Вядомы дыпламат пры двары германскага імператара Максімільяна І, падарожнік і аўтар нататкаў барон Сігізмунд Герберштэйн так характарызаваў ягоны побыт за мяжой: “Яшчэ юнаком накіраваўся ў Германію, праявіў храбрасць на службе ў Альбрэхта, герцага саксонскага, які вёў у той час вайну ў Фрыстландыі... Там ён засвоіў вытанчаныя манеры і рыцарскія звычаі, быў спрытны ў вайсковых практыкаваннях: турнирных сутычках на вострых и тупых копях ( rennen, stechen ), барацьбе ( ringen ), скачках, а таксама і ў забавах, накшталт танцаў і ўсялякай куртуазіі, чым здабыў сабе асаблівую, больш чым у іншых, вядомасць”. 59
Выдатнае здарэнне, якое ў значнай ступені спрычынілася да набыцця Мікалаем Радзівілам тытула князя Святой Рымскай імперыі, мела месца ў 1515 г. у Вене. Там быў наладжаны ўрачысты зезд Максімільяна І Габсбурга, караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога, венгерскага караля Уладыслава і чэшскага караля Людвіка. Пры ўездзе ў горад усеагульную ўвагу прыцягнулі Мікалай Радзівіл і Станіслаў Гаштаўт, якія “з вялікім коштам з Польшчы мелі больш за сотню спрактыкаваных ў музыцы юнакоў, па-маскоўску і па-татарску прыбраных, якія, з рознымі музычнымі інструментамі, з шаблямі і сагайдакамі, на крывых ботах перад імператарам у касцёле figura заўжды імшу і nieszpory спявалі, да вялікага здзіўлення іншаземных народаў, і немцаў, і італьянцаў, якія перад тым уважалі народ ў гэтых краях літоўскіх за грубы”. 60Не маглі не спадабацца такія касцюмаваныя забавы і самому Максімільяну І, які быў аматарам і тонкім знаўцам забаўных маскарадаў і манерыстычных відовішчаў.
Не абышлося на згаданым зездзе, вядома ж, і без турніраў. “Зрэшты падчас таго зезду шмат было паміж тымі рознымі народамі выклікаў, сутычак, ганітваў на вастрыё і г.д.” 61Прымалі ў іх, напэўна, і прадстаўнікі Вялікага княства Літоўскага.
Новы ўсплеск турнірнай практыкі назіраўся ў ХVІ ст. пры кракаўскім і віленскім дварах апошніх Ягелонаў. Як і раней, нагодай для правядзення падобных мерапрыемстваў служылі любыя больш-менш вартыя ўвагі здарэнні – каранацыі, прыём высокапастаўленых асоб, хрэсьбіны, шлюбы, прычым не толькі каранаваных асоб, але і іх дваран. У такіх выпадках удзел у турнірах абавязкова браў жаніх ці яго прадстаўнікі. Сярод такіх асоб крыніцы неаднаразова згадваюць літвінаў, аднак можна з упэўненасцю сцвярджаць, што безыменных прадстаўнікоў Вялікага Княства, не названых па тых ці іншых прычынах персанальна, таксама было на турнірах нямала. “Турніры і попісы рыцарскія” суправаджалі ў 1512 г. вясельныя ўрачыстасці Жыгімонта І Старога (1467-1548, кароль польскі і вялікі князь літоўскі з 1506) з Барбарай Заполяй. Калі ж гэты самы манарх у 1518 г. браў шлюб з прадстаўніцай славутага італьянскага рода Сфорца Бонай, часткай вясельных мерапрыемстваў таксама зяўляўся турнір. 62
Вялікай схільнасцю да турніраў вызначаўся сын Жыгімонта І Старога, Жыгімонт Аўгуст (1520-1572, кароль польскі і вялікі князь літоўскі з 1548), якому было наканавана стаць апошнім манархам з дынастыі Ягелонаў. Ён ахвотна наладжваў турніры і сам прымаў у іх удзел. У 1539 г. у Кракаве адбылося святкаванне шлюбу Іллі Астрожскага, сына славутага гетмана Вялікага княства Літоўскага Канстанціна, з Беатай Касцельскай, на якім прысутнічаў каралевіч Жыгімонт. “На гэтым вяселлі каралевч з княжычам Іллёй ганіў на вастрыё ў гончай зброі. Потым ганілі венгры за тарчамі і досыць мужна па некалькі пар, а з іх адзін, апусціўшы капё, таварыскага каня ў лоб трапіў і забіў”. 63
Цікавы від турнірных забаў быў наладжаны ў 1552 г. для Жыгімонта Аўгуста, калі ён наведаў Гданьск разам са сваім дваром (быў там, у тым ліку, віленскі ваявода Мікалай Радзівіл Чорны, а таксама, верагодна, і іншыя літвіны). Гэтыя гульні ўяўлялі сабой “кіданне з коней глінянымі мячамі, выяджаючы адзін супраць аднаго з пуклерамі (від шчыта. – Ю.Б.)”. Тым самым дэманстравалася не тольки спрытнасць вершнікаў, але і хуткасць их коней. 64
Вялікія святкаванні былі наладжаны ў Кракаве ў 1553 г. з нагоды шлюбу Жыгімонта Аўгуста з Кацярынай Аўстрыйскай, якія таксама суправаджаліся турнірамі. “Ганіў Жыгімонт Вольскі, мечнік, з Кежгайлам зацным шляхціцам літоўскім, у гончых на вастрыё і мужна сутыкаліся паміж сабой; ганіў Касмоўскі з канюшым князя прускага. Быў турнір конны, у якім было пар дванаццаць і чатыры за тарчамі і з пярсцёнкамі гроты ў копяў. Пасля гэтых на замку ганітваў былі зноў у месце на рынку ганітвы ў кольчых зброях у двор, дзе было кожнаму вольна (абы толькі захаваліся паводле артыкулаў, якія на варотах у замку прыбітыя былі) прыехаць і ганіць з тым, хто хто б сябе на пляцы ставіў так, што і другому з двума і з трыма ўдарыць прышлося раз за разам, чым на другі бок дабег. А так як у закрытых шлемах ганілі, меў кожны на шлеме знак нейкі. А кароль з каралевай і ўсімі гасцямі з ганку высокага, каторы для таго быў зроблены, глядзеў, маючы пры сабе тыя клейноты, якія ўдзельнікам выстаўлены былі. Паміж усімі, што ганіў, найвышэйшы dank атрымаў і першы клейнот узяў канюшы князя прускага, ... які на шлеме насіў чаравік жаночы. Другі клейнот узяў Касмоўскі, дваранін, асаблівы гоньца, які ў ганітве на замку, гонячы на вастрыё з тым жа канюшым, dank атрымаў. Іншыя ж госці, то нашыя палякі, но немцы, то прусакі, іншыя клейноты атрымалі: то есць вянкі з пярсцёнкамі, каторым(я) зараз з ганку кароль сам, як суддзя мужнасці кожнага, пасылаў з пахвалой”. 65
Читать дальше