Пасля завяршэння спаборніцтваў, пачаўся касцюмаваны парад, відавочна арганізаваны як манерыстычнае падражанне старажытнарымскім трыумфам. Гэтае маштабнае відовішча, цалкам лагічнае ў святле пераможнага завяршэння Лівонскай вайны, у якой выдатна зарэкамендаваў сябе сам віноўнік урачыстасцяў Ян Замойскі, было важнай часткай турнірнай праграмы. Персанажамі шэсця зяўляліся героі антычнай міфалогіі, прадстаўнікі чатырох кантынентаў, экзатычных народнасцяў, алегарычныя постаці і г.д. Не была абдзелена ўвагай і тэма вайны з Масквой: “Князі Слуцкія з сукеніц выехалі разам, [...] на возе ўсю вікторыю маскоўскую паказалі. Ехалі трубачы, за імі, у пазалочаных даспехах, сто рыцараў на конях, потым вазы, на адным быў Полацк, потым Сокал, Веліж, Вялікія Лукі, на чатырох вазах везлі скарбы, тры скрыні [...]”. Такім чынам, урачыстасці 1583 г. уяўляюць выдатны прыклад ператварэння турнірных ігрышчаў у прыдворныя касцюмаваныя “карусельныя” спектаклі. 76
Карціна рыцарскіх забаў, у якіх прымалі ўдзел феадалы Вялікага княства Літоўскага, была б няпоўнай без узгадкі пра т.зв. “скачкі за колцам”, вельмі папулярныя ў Еўропе ў другой палове ХVІ ст. Адна з такіх гульняў была праведзена 6 студзеня 1578 г. пад Варшавай, падчас вясельных урачыстасцяў падканцлера кароннага Яна Замойскага з Крыстынай Радзівіл. Захаваліся правілы гэтых практыкаванняў (“Артыкулы”), якія складаліся з чатырнаццаці пунктаў:
“1. Кожны, хто хацеў бы скакаць [за колцам], павінен быць у адпаведным для гэтага ўборы; зброяй, якая б магла б быць прычынай сваркі, ... [ён] не павінен быць забяспечаны.
Прыехаўшы на пляц, на вызначанае для скачак месца, [толькі адзін] раз яго абехаўшы, павінен спакойна стаць на тым канцы, з каторага павінен пачаць скакаць.
Ніхто не павінен скакаць да таго, пакуль яму суддзі не загадаюць.
Хто колца возьме, за кожны раз напішуць яму 6 балаў.
Што ў верхні край колца ўдарыць – 3 балы.
Хто ў ніжні край трапіць – 2 балы.
Хто ў бок колца – левы ці правы – 1 бал.
Хто капём пасуне шнур, на якім колца будзе вісець, губляе ўсе балы, калі б іх перад такой памылкай зарабіў.
А калі б іх не меў, а потым зарабіў роўную з кім-небудзь колькасць балаў, ужо будзе бліжэй да перамогі той, хто такой памылкі не зрабіў.
Калі б у каго выпала нага са стрэмені на скаку, губляе ўсе балы.
У каго адкрыецца галава, губляе ўсе балы.
У каго б капё выпала з рук, альбо ў каго яно зламалася аб зямлю, ці дакранулася [да яе], губляе ўсё балы і потым нічога зусім да скачак не мае (напэўна, не мае права далейшага ўдзелу ў спаборніцтвах – Ю.Б.)..
Калі б хто-небудзь, напалову перасекшы лінію, спыніў каня з-за няўдалага ўтрымання капя, у другі раз [ён] паправіцца не можа, і наогул, той раз ідзе яму на страту [добрага] імя.
Можна будзе таксама кожнаму скакаць з тым капём, якое ён з сабой на пляц прынясе”. 77
Напрыканцы разгляду турнірнай традыцыі ў Вялікім княстве Літоўскім можна ўзгадаць пра такі спецыфічны від вайсковых практыкаванняў, спалучаны з практычнымі патрэбамі, як паляванне на буйнога звера. Нездарма Мікола Гусоўскі, апісваючы сістэму падрыхтоўкі да вайны насельніцтва Вялікага Княства ў часы княжання Вітаўта, важнае месца ў гэтай сістэме адводзіць паляванню на зубра. Арганізаванае адпаведным чынам, яно давала магчымасць удасканаліць навыкі валодання усімі відамі зброі. Бягучая жывёла служыла кавалерыстам мішэнню для стральбы з лука і для кідання копяў, прычым стрэлы і копі пазначаліся спецыяльнымі меткамі з тым, каб у далейшым вызначыць трапнасць і сілу кідка таго ці іншага ўдзельніка палявання. З параненым і аслабленым зверам распраўляліся пры дапамозе зброі блізкага бою, прынцып валодання якой заключаецца ў тым, каб “трапіць і не быць патрапленым”. 78Дзеля гэтага, паводле апісання Гусоўскага, пешы фехтавальшчык хаваўся за дрэва, якое служыла аховай ад тараннага ўдару жывёлы, і выкарыстоўваў разнастайныя ўхіленні ад рагоў і шурпатага языка зубра, якім той мог падхапіць праціўніка і падцягнуць да сябе, адначасова імкнучыся нанесці клінком трапны і моцны ўдар. 79
Падобную ж манеру развіцця навыкаў фехтавання ваярамі Вялікага княства Літоўскага апісвае і Герберштэйн: “[Жадаючым папаляваць на бізонаў трэба валодаць вялікай сілай, спрытам і хітрасцю.] Выбіраецца зручнае для палявання месца, дзе дрэвы [былі б аддзелены адно ад аднаго патрэбнымі прамежкамі і] мелі б ствалы не надта тоўстыя [каб іх можна было абысці кругом, але] і не маленькія [так каб за імі мог схавацца чалавек]. Ля гэтых дрэў па аднаму размяшчаюцца паляўнічыя, і калі падняты сабакамі, якія пераследуюць яго, бізон выганяецца на гэтае месца, то шмкліва кідаецца на таго з паляўнічых, які выступіць (з-за дрэва) першым. Хаваючыся за дрэвам, ён коле звера, як толькі можа, рагацінай, але бізон не падае нават і ад шматлікіх удараў, а ўсё больш і больш разпаляецца лютасцю, трасучы не толькі рагамі, але і языком, які ў яго настолькі шурпаты і цвёрды, што, ледзь зачапіўшы вопратку паляўнічага, ён ужо (можа) затрымаць і падцягнуць яго – і тады звер пакідае чалавека не раней, чым забе яго. Калі ж паляўнічы жадае адпачыць [стаміўшыся бегаць вакол дрэва і калоць звера], то кідае яму чырвоную шапку, на якую той з лютасцю накідваецца [з капытамі і рагамі]. Калі звер не дабіты і іншаму (паляўнічаму) трэба будзе ўступіць у такое змаганне [што бывае неабходным, калі яны хочуць вярнуцца цэлымі], то ён лёгка можа выклікаць на сябе звера, пракрычаўшы хоць раз гучным голасам: лю-лю-лю”. 80
Читать дальше