Левы і правы наручы кольчага даспеха былі розныя. Адзін з іх ці абодва былі забяспечаны крылападобнымі пласцінамі, якія ў сагнутым стане баранілі лакцявы сгін рукі і прадплечча. Пласціна левага наруча была падоўжаная і мела рукавіцападобнае заканчэнне. Для правай рукі рукавіца не прадугледжвалася, а яе ахова ажыццяўлялася пры дапамозе шчытка капя, які меў дыяметр 34-37 мм і масу да 3 кг.
Самі копі, ўжываныя для турнірных сутыкненняў “гештэх”, таксама мелі спецыфічную канструкцыю. Перш за ўсё, яны характарызаваліся адмысловымі каронападобнымі наканечнікамі з 3—4 кароткімі зубцамі. Дрэўка выраблялася з мяккіх парод дрэва, пераважна хвойных парод. Яго даўжыня даходзіла да 375 см, тады як дыяметр у самай тоўстай частцы – да 9,5 см, у асобных выпадках да 15 см. Для таго, каб копі лягчэй ламаліся, іх дрэўкі маглі рабіць рыфлёнымі і навах пустымі ўсярэдзіне ад наканечніка да рукаяці.
Я не спыняюся на конскім рыштунку, ужываным для сутыкненняў на тупых копях, бо ён быў розны ў тых ці іншых відах “гештэха”. У той жа час лічу неабходным адзначыць, што паверх кольчага даспеха звычайна апраналася спадніца з тканіны, багата аздобленая і драпіраваная глубокімі складкамі. Менавіта яна ўзгадваецца ў “рэестры паспалітых рэчаў скарбных” як “хвалды”. 89
У Еўропе бытавалі два варыянты кольчага даспеха – нямецкі і італьянскі, якія адрозніваліся ў дэталях. У дадзеным выданні разглядаецца толькі нямецкі варыянт, бо Вялікае княства Літоўскае, так сама як і суседняя Польшча, пераважна падпадалі ў ХV – ХVІ стст. пад уплыў менавіта нямецкай школы ўзбраення. У зборах польскіх музеяў захоўваецца некалькі кольчых даспехаў нямецкага тыпа, якія даюць выдатнае ўяўленне пра падобны рыштунак. 90Найбольшую ўвагу прыцягвае адзін з даспехаў, што захоўваецца ў Музеі Войска Польскага (інв. № 108х/1-7). Ён мае клеймы г.Нюрнберга і майстра Валянціна Себенбюргера. Вядомы польскі даследчык З.Жыгульскі датуе даспех прыблізна 1500 г. Аднак ягоны калега А.Сварычэўскі пераканаўча даводзіць, што ён мог быць выраблены Валянцінам Себенбюргерам (Сібенбургерам), які ў сярэдзіне ХVІ ст. працаваў у Кракаве, а ў 1560-1563 г. зяўляўся надворным платнерам вялікага князя Літоўскага Жыгімонта Аўгуста ў Вільні. 91Адпаведна, згаданы даспех мог быць выраблены значна пазней за 1500 г. Прынамсі апісанні турніраў, праводзімых у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім, сведчаць, што кольчыя даспехі ўжываліся тут нават у другой палове ХVІ ст. Так, напрыклад “зброі кольчыя для ганітвы 2” былі высланы ў 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. 92
“Гончая зброя” , ці “гончы даспех” была сканструявана на базе гатычнага даспеха другой паловы ХV ст. У якасці шлема яна прадугледжвала глухую саладу без заслоны, але з лобнай накладной пласцінай. Кіраса гончага даспеха таксама мела крук і контркрук. Да нагрудніка кірасы прыкручваўся масіўны падбароднік – “барт”, які закрываў ніжнюю частку твару. Знізу да нагрудніка мацавалася спаднічка з вельмі доўгімі ташкамі, якія амаль дасягалі каленяў. Менавіта яны ўзгадваюцца ў “рэестры паспалітых рэчаў скарбных” 1510 г. як “ташкі гончыя”. Наспіннік кірасы меў глыбокія выцінкі ля шыі і пояса, а таксама каля рук, што надавала яму падабенства з літарай Х. Знізу да наспінніка мацавалася, як і ў кольчых даспехаў, падпорная пласціна. 93
Наручы ў гончага даспеха адсутнічалі зусім. Правая баранілася надзвычай вялікім шчытком капя, які да таго ж меў спецыфічную форму, дазваляўшую яму пакрываць усю правую палову тулава. Левая палова наздзейна ахоўвалася спецыяльнай тарчай – т.зв. “рэнтарчай”. Яна выраблялася з дрэва, абцягвалася скурай і часта акоўвалася па краях жалезам. Спецыфічная форма тарчы дазваляла ёй пакрываць рыцара ад зрокавай шчыліны шлема да пояса ці нават да сярэдзіны сцягна. Для механізаваных відаў рэнэна выкарыстоўваліся спецыяльныя тарчы з некалькіх дэталяў, а таксама адмысловыя кірасы з пружынным механізмам. У “трапным рэнэне” такога механізма не прадугледжвалася, а тарча збівалася проста ўдалым ударам капя.
Гончы даспех можа лічыцца рэкардсменам па сваёй масіўнасці. Яго вага магла даходзіць да 85 кг! Робіцца зразумелым, чаму на турніры, арганізаваным у 1553 г. у Кракаве, літвіны патрабавалі прысудзіць перамогу свайму земляку Станіславу Кежгайлу. Падчас змагання “ў гончых на вастрыё”, ён быў абвалены праціўнікам разам з канём, але здолеў саскочыць на зямлю праз конскую галаву. 94Гэта быў сапраўды ўчынак, варты Геркулеса!
Читать дальше