- Не траць надзеi! Лёс занёс вас у Лiвiйскую пустыню, але i адсюль ёсць дарога для смелых i дужых. Калi царыца мора Амфiтрыта выпража коней са сваёй каляснiцы, зрабiце са сваiм караблём тое, што ён дагэтуль рабiў з вамi, i вы будзеце выратаваны.
Язон пабудзiў сваiх таварышаў i пераказаў iм тое, што сказалi яму нiмфы. Арганаўты пачалi думаць, што гэта азначае: "Калi Амфiтрыта выпража коней", i што трэба зрабiць iм з "Арго". Раптам да берага з шумам прылiлi хвалi, з мора выбег белы конь i памчаўся цераз пустыню. Пачынаўся прылiў. Тут здагадалiся арганаўты, што ў час прылiву трэба зрушыць "Арго" з мелi, узяць яго на плечы i несцi цераз пустыню, як ён насiў iх па моры.
Дванаццаць дзён пад пякучым сонцам, грузнучы ў пяску, яны неслi на плячах "Арго" i нарэшце прыйшлi на бераг вялiкага возера. Зноў спусцiлi карабель на ваду. Але яны нiяк не маглi знайсцi выхада з возера, пакуль гаспадар яго, бог Трытон, схапiўшы рукою за борт "Арго", не вывеў яго пратокай памiж белых скалаў у шырокае мора.
Доўга зноў плылi арганаўты ў бязлюдным моры i дабралiся да гарыстай выспы, такой вялiкай, што на ёй магло б размясцiцца шмат гарадоў. Гэта была радзiма Зеўса - Крыт. Там цараваў Мiнас, якому Зеўс падарыў для абароны выспы меднага велiкана. Велiкан быў увесь пакрыты меддзю, i толькi на пятцы ў яго была дзiрачка, заткнутая медным цвiком. Тры разы на дзень медны велiкан абходзiў дазорам вакол выспы.
Калi арганаўты падышлi да Крыта, велiкан не пусцiў iх на бераг i пачаў шпурляць у iх цяжкiя камянi. Але Медэя сваёй чароўнай сiлай усыпiла велiкана, вочы яго заплюшчылiся. Ён спатыкнуўся на востры камень i ўпаў. Цвiк выпаў у яго з пяткi, i кроў лiнула з адтулiны. Разам з крывёю велiкан страцiў сваю жывую сiлу i ператварыўся ў вялiкую медную статую.
Арганаўты прычалiлi да берага i пераначавалi на Крыце, а ранiцай рушылi далей.
I яшчэ раз яны трапiлi ў буру. Ды гэта было ўжо апошняе выпрабаванне, i багi не далi iм загiнуць.
Сам Апалон з залатога лука пасылаў у мора святлiвыя стрэлы i паказаў арганаўтам астравок, каля якога яны маглi схавацца.
Потым вецер сцiх, неба ачысцiлася, мора паспакайнела, i ўдалечынi паказаўся грэчаскi бераг. Плаванне арганаўтаў канчалася. "Арго" вяртаўся дадому.
Смерць Язона
Скончылiся святкаваннi i банкеты ў гонар арганаўтаў, якiя шчаслiва вярнулiся пасля далёкага i доўгага плавання. Цудоўны карабель "Арго" адслужыў сваё - ветразi яго былi пашматаны бурамi, змылася пазалота на носе, i хвалi шматлiкiх мораў стачылi яго драўляны корпус. Арганаўты выцягнулi з вады абшарпаны каркас "Арго" i паставiлi на беразе на памяць людзям.
Потым адважныя героi разышлiся па розных гарадах i занялiся кожны сваёй справай.
Залатое руно ляжала ў палацы iолкскага цара. Але Язону яно не прынесла шчасця.
Стары Пелiй не ўзрадаваўся, што Язон вярнуўся, i не аддаў яму царскую ўладу. "Няхай вырашае народ, няхай сам народ скажа, каго ён хоча бачыць царом у Iолку", - гаварыў ён Язону. А народу Пелiй гаварыў: "Хочаце, каб вашай царыцай была чужаземка, да таго ж яшчэ i чараўнiца? Яна зачаруе вас, як зачаравала Язона".
Людзi з апаскай пазiралi на Медэю i абмiналi палац Язона. Неўзабаве зусiм не засталося ў яго сяброў у Iолку. Медэя бачыла гэта, ёй было горка i крыўдна, i яна парашыла адпомсцiць Пелiю i аддаць царства Язону.
Яна расказала iолкскiм жанчынам, што багi далi ёй сiлу вяртаць маладосць старым, i, каб ёй паверылi, зарэзала старога барана i зноў ажывiла яго, ператварыўшы ў ягня.
Тады дочкi Пелiя пачалi прасiць чараўнiцу зрабiць маладым iх старога бацьку.
Яны забiлi цара, але ажыўляць яго Медэя не захацела, адмовiлася.
Смерць Пелiя не памагла Язону. Царом у Iолку стаў сын Пелiя - Акаст. Ён прагнаў Язона i Медэю з горада i не дазволiў iм жыць у Фесалii. Пеша, нiбы той апошнi жабрак, зганьбаваны, выгнаны з роднага краю, пайшоў Язон з Iолка шукаць прытулку на суседняй зямлi.
У гэты час у Карынфе правiў стары сябар бацькi Язона - Крэонт. Ён даў прытулак выгнаннiкам у памяць старой дружбы.
Яны пасялiлiся ў беднай хацiне на ўскраiне горада, жылi цiха некалькi гадоў, i Медэя нарадзiла Язону двух сыноў.
Але не было шчасця ў iх доме. Людзi не любiлi i баялiся Медэi, чараўнiцы i чужаземкi. Жанчыны не заходзiлi да яе ў дом пагаманiць за праснiцай пра гарадскiя навiны, пра свае хатнiя справы; iх дзецi не хацелi гуляць з маленькiмi сынамi Медэi, дражнiлi iх i бiлi.
Медэя гневалася i тужыла i скардзiлася Язону, але яму дакучалi гэтыя скаргi. Ён часта сыходзiў з дому i iшоў у госцi да Крэонта, якi заўсёды ласкава сустракаў сына свайго сябра, але нiколi не запрашаў Медэю.
Читать дальше