Язон узяў яе за руку i сказаў:
- Прысягаю, што калi мне суджана жывым вярнуцца на радзiму, ты будзеш маёй жонкай i я нiколi не пакiну цябе!
Медэя загадала адразу ж плыць да Арэсава гаю, дзе захоўвалася руно. У начной цемры цячэнне ракi хутка i без шуму данесла карабель да запаветнай мясцiны. Медэя i Язон адны сышлi з карабля i рушылi ў лес. Ноч была чорная, i яны iшлi, трымаючыся за рукi, каб не згубiцца ў цемры. Раптам перад iмi загарэлiся два чырвоныя агнi.
- Гэта дракон, - шапнула Медэя.
I тут яны ўбачылi лёгенькае залацiстае ззянне - ад руна, якое вiсела на дубе.
Як толькi яны падышлi блiжэй, дракон звесiўся з дрэва i засiпеў, полымя вырвалася з яго разяўленай пашчы. Але Медэя працягнула да яго рукi i цiхiм голасам пачала ўсыпляць. Яна клiкала на дапамогу бога сну Гiпноса, якi дужэйшы за ўсiх на зямлi, яна заклiнала ўсiмi таемнымi сiламi: "Заснi! Заснi!" - i, падышоўшы зусiм блiзенька, пырснула ў вочы дракону сонным зеллем. Пагасла адно вока, пагасла другое, апусцiлiся страшныя павекi, з трэскам закрылася грозная пашча, лапы разнялiся - дракон звалiўся з дуба i, бяссiльны, лёг каля ног Медэi.
- Спяшайся! - сказала яна Язону. - Хутчэй здымай руно з дрэва, пакуль ён не прачнуўся.
Язон хуценька зняў з дуба залатое руно, накiнуў яго на плечы замест плашча, i яны адразу ж пакiнулi гай Арэса.
Арганаўты з карабля ўбачылi залатое святло руна на плячах Язона. Радаснымi крыкамi вiталi яны жаданую здабычу, дзеля якой пакiнулi свой дом i радзiму i зведалi столькi небяспек i нягод. Ды не было калi весялiцца. Трэба было да ранiцы дабрацца да мора i пакiнуць Калхiду.
Язон загарнуў дарагое руно ў свой плашч, пасадзiў Медэю на карме карабля, дзе не было ветру, i сам перасек мячом канат, якi трымаў "Арго" каля берага. Весляры-арганаўты селi за вёслы, астатнiя са шчытамi i лукамi ў руках пасталi ўздоўж борта, гатовыя абараняць карабель ад пагонi. "Арго" iмклiва паплыў унiз па цячэннi - да мора. Яшчэ не ўзышло сонца, а арганаўты былi ўжо ў адкрытым моры, далёка ад берагоў Калхiды.
Ранiцай цару сказалi, што чужаземцы выкралi залатое руно i ўцяклi, забраўшы з сабою Медэю. Ээт страшэнна разгневаўся i паслаў вялiкi атрад колхаў у пагоню за арганаўтамi. Цар загадаў абвясцiць воiнам, што ўсiх iх чакае смерць, калi яны не дагоняць уцекачоў i не вернуць руно i царскую дачку. Сына свайго Апсiрта Ээт прызначыў начальнiкам атрада.
Колхi вывелi свае судны ў мора i паплылi ўслед за "Арго".
Вяртанне "Арго"
Залатое руно было здабыта, i арганаўты плылi дадому. Спадарожны вецер надзiмаў ветразi, марская далячынь была чыстая, чароды дэльфiнаў бесклапотна плюхалiся вакол "Арго". Ды нявесела было на караблi. На карме залiвалася слязьмi Медэя. Яна пазiрала ў той бок, дзе засталiся яе дом i бацька. Заклапочана хмурыўся Язон, i арганаўты нi ўдзень, нi ўночы не выпускалi з рук зброi, чакалi пагонi.
Яны не захацелi вяртацца той самай дарогай, па якой прыплылi ў Калхiду. Сын Фрыкса, якi пакiнуў разам з iмi Калхiду, расказаў iм, што чуў ад калхiдскiх карабельшчыкаў, нiбыта з таго боку мора, насупраць Калхiды, ёсць вялiкая паўнаводная рака Iстр. Яна бярэ свой пачатак далёка на поўначы, у краiне халоднага ветру, цячэ па шмат якiх землях i краiнах i сустракаецца з другой ракой, якая ўпадае проста ў тое мора, што абмывае берагi Грэцыi.
- Плыць па рацэ карацей i лягчэй, чым вяртацца зноў праз тры моры, парашылi арганаўты i паплылi ўздоўж берагоў Скiфii да вусця Iстра.
Але каля самага Iстра яны наткнулiся на флот колхаў, якi паслаў Ээт за iмi ў пагоню i якi апярэдзiў iх. Што рабiць? "Арго" адзiн супраць многiх караблёў, купка герояў супраць цэлага войска!
Тады Язон кiнуўся на хiтрыкi. Ён распачаў з начальнiкам колхаў Апсiртам перагаворы: ён гаварыў, што залатое руно павiнна застацца ў арганаўтаў - ён жа выканаў усё, што загадаў яму цар Калхiды. Але Медэю Язон абяцаў аддаць колхам i запрашаў Апсiрта прыйсцi па сястру на бязлюдную выспу, у храм багiнi Артэмiды. Язон хацеў завабiць i ўзяць у палон Апсiрта, каб пазбавiць колхаў iх камандзiра.
Апсiрт быў малады i даверлiвы. Ён паверыў Язону i ўночы адзiн прыйшоў у храм на выспе, каб угаварыць сястру забраць у арганаўтаў руно i вярнуцца дадому. Але Медэя дала Язону меч i загадала забiць Апсiрта. Цела брата яна кiнула ў мора. У войску колхаў пачаўся пярэпалах, i, пакуль колхi шукалi ў моры свайго правадыра, "Арго" ўцёк ад ворагаў i заплыў далёка ўверх па Iстру.
Арганаўты шчаслiва праплылi Iстр да таго месца, дзе ён злiваўся з другою ракой, i па гэтай другой рацэ выйшлi ў мора. Мора сустрэла iх страшэннай бураю. Быццам разгневаныя багi спусцiлi з ланцугоў усе вятры, i яны сарвалi ветразi, сагнулi мачту i насiлi "Арго" па моры, i забаўлялiся караблём, нiбы дзецi цацкай. У роспачы кiнулi арганаўты вёслы i чакалi, калi паглыне iх раз'юшанае мора.
Читать дальше