Яна глядзела на Язона з любоўю i здалася яму ў гэту хвiлiну такой добрай i прыгожай, што ён пачаў прасiць яе:
- Паедзем са мною. Я вазьму цябе на "Арго", звязу ад твайго лiхога бацькi, i ты будзеш маёй жонкаю i царыцай у Iолку.
Медэя маўчала i круцiла галавою, хоць словы Язона i радавалi яе.
Доўга стаялi яны разам у гаi Гекаты i пазiралi адно на аднаго.
Сонца пачало хiлiцца да захаду, i Язону пара было вяртацца на карабель.
- Заўтра, калi цар аддасць мне залатое руно, я папрашу яго адпусцiць цябе са мною, - сказаў Язон.
I яны рассталiся.
На полi Арэса
Ранiцай цар Калхiды надзеў свае даспехi, што падарыў яму бог вайны Арэс, сеў на каляснiцу i паехаў на Арэсава поле. Яго суправаджаў натоўп колхаў усiм хацелася паглядзець, як валы бога Сонца разарвуць чужаземца.
А Язон, як навучыла яго Медэя, нацёр цудоўнай маззю сваё цела i зброю i адчуў у сабе вялiкую сiлу. Ён быў увесь нiбы выкаваны з жалеза, i нi кап'ё, нi меч не маглi прычынiць яму шкоды.
Арганаўты селi на карабель i паплылi да поля Арэса, дзе iх ужо чакаў Ээт.
Язон узяў у цара зубы дракона i адзiн выйшаў у поле. На краi поля ляжалi ярмо i плуг. Тут жа быў уваход у падземны хлеў, дзе стаялi валы. Раптоўна, нiбы адчуўшы, што герой iдзе да iх, яны з рыкам выскачылi са стойла i рынулiся проста на Язона. Ён прыкрыўся шчытом i стаяў спакойна, упэўнены ў сваёй цудоўнай сiле. Валы стукнулi рагамi ў шчыт i адскочылi прэч. Яны зараўлi, выпусцiлi сноп агню, хацелi спапялiць героя, але полымя, даляцеўшы да яго, раздвоiлася, абмiнула Язона i сышлося за яго галавой. Жывы i здаровы ў кальцы агню, ён смела схапiў рукою за рог аднаго вала, потым другога i надзеў на iх ярмо. З дапамогаю двух арганаўтаў Язон запрог валоў у плуг i пагнаў па полi. Арганаўты радасна закрычалi, убачыўшы гэта. Шум узняўся сярод колхаў. Сам цар Ээт здзiвiўся незвычайнай сiле героя.
Шпарка iмчалiся па полi валы, рэжучы плугам глыбокiя барозны, i Язон кiдаў на ўзараную зямлю зубы дракона.
Шмат разоў прабеглi валы з канца ў канец Арэсава поля, i вось усё яно было ўзарана i засеяна. Скончыўшы работу, Язон выпраг валоў i кап'ём загнаў iх назад у стойла. Потым чакаючы, пакуль з зубоў дракона вырастуць воiны, ён пайшоў на бераг ракi, зачэрпнуў шлемам вады i напiўся. I адчуў, што сiлы ў iм анi не паменшала. Ён глядзеў на поле i чакаў.
Нiбы першыя парасткi, паказалiся з зямлi канцы вострых коп'яў, потым галовы ў шлемах, вось заблiшчалi шчыты, зазвiнелi, раскiдваючы зямлю, мячы - i ў адно iмгненне ўсё поле запоўнiлася воiнамi.
Язон памятаў хiтрую параду Медэi. Ён падняў з зямлi вялiзны камень, якi чатыры дужыя чалавекi ледзь маглi б скрануць з месца, размахнуўся, шпурнуў яго ў сярэдзiну i забiў адразу некалькi воiнаў. Воiны не зразумелi, адкуль прыйшла бяда, выцягнулi мячы i пачалi забiваць адзiн аднаго. Тады Язон смела напаў на iх, сек i знiшчаў усiх, хто яму трапляўся. Хутка ўсё поле пакрылася трупамi, i чорная кроў запоўнiла да краёў барозны, якiя засталiся пасля плуга.
З жахам пазiралi колхi, як распраўляўся Язон з воiнамi, што выраслi з зубоў дракона. Цар Ээт ад гневу не мог вымавiць нi слова. Раз'юшаны, хвасянуў ён па конях i памчаўся прэч з Арэсава поля.
- Я скончыў маю работу. Заўтра цар павiнен аддаць мне залатое руно, сказаў Язон.
Надышоў вечар. Цудоўная сiла пакiдала Язона. Арганаўты акружылi яго i павялi на карабель адпачыць.
Выкраданне залатога руна
Вярнуўшыся з Арэсава поля дадому, жыхары Калхiды шмат гаварылi пра страшную сiлу чужаземцаў, што прыплылi на караблi "Арго". У горадзе было неспакойна. Увечары ў палац Ээта прыйшлi знакамiтыя колхi i, зачынiўшыся з царом, пачалi раiцца, як пагубiць небяспечных гасцей.
Медэя адчувала, што цар ведае, што яна памагла Язону, i са страхам чакала бацькоўскага гневу. Яна ведала, якi жорсткi i няўмольны, якi каварны сын Сонца, i баялася за сябе i за героя, якога пакахала. Апоўначы яна пачула за акном бразгат зброi i галасы колхаў, якiя сабралiся каля палаца. Яна даведалася, што цар загадаў ранiцай акружыць грэчаскi карабель i спалiць яго разам з арганаўтамi.
Тады яна вырашыла ўцячы да Язона. Яна ўзяла з сабою сонныя зёлкi i, басанож, цiхенька пракралася з палаца i патаемнымi сцяжынкамi, якiмi хадзiла ўночы збiраць чарадзейныя травы, падалася да ракi. Медэя выйшла на бераг супраць таго месца, дзе стаяў "Арго" i пачала клiкаць малодшага сына сваёй сястры, якi начаваў у арганаўтаў.
Язон пазнаў голас Медэi i адгукнуўся. Весляры, што былi ў той час на вёслах, пачалi веславаць, карабель хутка пераплыў раку. Язон з сынамi Фрыкса кiнуўся да Медэi.
- Усё выкрылася! - сказала Медэя. - Бацька не даруе мне... Я павiнна ўцячы з вамi... Спяшайцеся, пагiбель пагражае вам! Хадзем, Язон, я здабуду табе залатое руно, i хутчэй прэч адсюль, iнакш мы ўсе загiнем! Я выратую вас i сябе, але прысягнi, Язон, што ты не пакiнеш мяне нiколi, не пакiнеш мяне адну ў чужой краiне!
Читать дальше