Пачуў пра яго цар выспы Серыфа Палiдэкт i загадаў Персею разам з мацi з'явiцца ў палац. Прыгажосць Данаi зачаравала Палiдэкта, ён ласкава сустрэў царыцу з сынам i пасялiў iх у сваiм палацы.
Аднойчы застаў Персей мацi ў слязах; яна прызналася яму, што Палiдэкт прымушае яе выйсцi за яго замуж, i папрасiла сына абаранiць яе. Персей горача заступiўся за мацi.
Тады Палiдэкт вырашыў пазбавiцца ад Персея, паклiкаў яго i сказаў:
- Ты ўжо вырас i ўзмужнеў i стаў такi дужы, што можаш цяпер адплацiць мне за тое, што я даў прытулак табе i мацi. Выпраўляйся ў дарогу i прынясi мне галаву Медузы.
Персей развiтаўся з мацi i падаўся ў свет - шукаць Медузу, пра якую нiчога дагэтуль не ведаў.
У сне да яго з'явiлася багiня мудрасцi Афiна i адкрыла яму, што Медуза адна з трох сясцёр Гаргон, жывуць яны на краi свету, у Краiне Ночы, усе яны пачварныя страшыдлы, але самая страшная - Медуза: замест валасоў на галаве ў яе звiваюцца ядавiтыя змеi, вочы палаюць нясцерпным агнём i такiя злосныя, што кожны, хто зiрне ў iх, адразу ператвараецца ў камень. Афiна дала Персею свой шчыт, гладкi i блiскучы, нiбы люстэрка, каб ён мог закрыцца ад страшных вачэй Медузы.
Потым на дарозе дагнаў яго шпарканогi Гермес, пасланец Зеўса: ён расказаў Персею, як яму iсцi, i падарыў свой меч, такi востры, што iм можна было рэзаць, як воск, жалеза i камень.
Доўга iшоў Персей у той бок, куды заходзiць Сонца. Нарэшце дабраўся да Краiны Ночы. Уваход у гэту краiну вартавалi тры старыя бабулi - Грайi. Яны былi такiя старыя, што на ўсiх трох мелi ўсяго адно толькi вока i адзiн зуб. I ўсё ж такi яны добра ахоўвалi ўваход у Краiну Ночы i нiкога не прапускалi туды. Па чарзе глядзелi яны адным вокам, перадаючы яго адна адной.
Персей цiхенька падкраўся да Грайяў, дачакаўся, калi адна з iх выняла вока, каб перадаць яго сястры, працягнуў руку i выхапiў у старой вельмi дарагое для iх вока. I адразу ж зрабiлiся Грайi нядужымi сляпымi бабулькамi. Жаласна прасiлi яны Персея аддаць iм iх адзiнае вока.
- Пусцiце мяне ў Краiну Ночы, скажыце мне, як знайсцi Медузу, i я аддам вам ваша вока, - адказаў старым Персей.
Але старыя Грайi не хацелi пускаць Персея, не хацелi гаварыць яму, дзе знайсцi Медузу, - Гаргоны ж былi iх родныя сёстры. Тады Персей прыгразiў старым, што разаб'е iх вока аб камень, - i Грайям давялося паказаць яму дарогу.
Персей аддаў Грайям iх вока i пайшоў далей на захад.
Па дарозе трапiлiся яму тры добрыя нiмфы. Адна падарыла Персею шлем Аiда, уладара падземнага царства, - той, хто надзяваў гэты шлем, рабiўся невiдзiмкай; другая дала Персею крылатыя сандалi - той, хто надзяваў iх, мог лятаць над зямлёй, як птушка; трэцяя нiмфа ўручыла юнаку торбу, якая магла памяншацца i павялiчвацца па жаданнi таго, хто насiў яе.
Персей павесiў на плячо торбу, абуў крылатыя сандалi, надзеў на галаву шлем - i, не бачны нiкому, узняўся высока ў неба i паляцеў над зямлёй. Неўзабаве ён дабраўся да края зямлi i доўга ляцеў над пустыннай роўняддзю мора, пакуль унiзе не зачарнела адзiнокая скалiстая выспа. Персей пачаў кружыцца над выспаю i ўбачыў на скале Гаргон, якiя ў гэты час спалi. У iх былi залатыя крылы, пакрытыя луской, i медныя рукi з вострымi кiпцюрамi.
Персей убачыў Медузу - яна была блiжэй за ўсiх да мора. Ён апусцiўся на скалу побач з ёю. Змеi на галаве Медузы засыкалi, пачуўшы ворага. Медуза прачнулася, расплюшчыла вочы. Персей адвярнуўся, каб не зiрнуць у гэтыя страшныя вочы i не ператварыцца навек у мёртвы камень. Ён узняў шчыт Афiны, блiскучы, нiбы люстэрка, навёў на Медузу i, пазiраючы ў яго, дастаў меч Гермеса i адсек ёй галаву.
Тут прачнулiся дзве другiя Гаргоны, распасцерлi крылы i пачалi кружыцца над выспаю, шукаючы ворага. Але Персей быў нябачны. Хуценька засунуў ён галаву Медузы ў сваю чароўную торбу, сапхнуў цела Гаргоны ў мора i паляцеў прэч. Ён спяшаўся дадому, хутка мiнуў мора i паляцеў над Лiвiйскай пустыняй. Кроў з галавы Медузы капала з торбы на зямлю, i кожная кропля ператваралася на пяску ў ядавiтую змяю.
Доўга ляцеў Персей, стамiўся i захацеў адпачыць. Убачыў унiзе зялёныя лугi i чароды авечак, кароў i быкоў, убачыў вялiкi цянiсты сад, пасярод якога расло дрэва з залатымi лiстамi i яблыкамi, - i апусцiўся каля гэтага дрэва. Гаспадар саду, велiкан Атлант, сустрэў Персея няветлiва. Яму прадказалi, што аднойчы да яго прыйдзе сын Зеўса i ўкрадзе залатыя яблыкi з яго любiмага дрэва.
Персей не ведаў гэтага прадказання i сказаў велiкану:
- Я - Персей, сын Зеўса i Данаi. Я забiў грозную Медузу. Дазволь мне адпачыць у тваiм садзе.
Пачуўшы, што перад iм сын Зеўса, Атлант раз'юшыўся.
Читать дальше