– … кожны трэці! … такога яшчэ не было ў свеце!.. подзвігу народа жыць у вяках!..
Старшыня таргачоўскага выканкама Качан, немалады мужчына з дробнымі тупымі вушкамі, спрактыкавана гнаў тэкст у мікрафон. Рэпрадуктар паслухмяна азываўся гудкім вакзальным рэхам, кідаючы ў паветра зліплыя словы:
– …ля сых ашых едзяў та ўдная ба!..
Пры фразе «Для ўсіх нашых суседзяў гэта сапраўдная бомба!» лядашчы ветэран, што стаяў каля загадкавай спаруды, блямкнуў медалямі медна-нікелевага сплаву і голасам камандзіра расстрэльнага ўзвода скамандаваў:
– З Богам!..
Прасцірадла надзьмулася пухіром і спаўзло паволі. Прысутныя адно захаўкалі.
– Ні х-х-храна сабе… – прамовіў нехта тупа.
З басейна, абліцаванага блакітнай сантэхнічнай кафляй, тырчэў магутны п’едэстал. На ім высілася сапраўдная пяцісоткілаграмовая авіябомба. Пёркі стабілізатара выторкваліся інфернальнымі рожкамі. Надпіс «За Беларусь!» на жахлівым боепрыпасе ззяў свежым лакам. Двое бетановых эсэсаўцаў, тыповыя Фрыц з Гансам, ваяўніча цэлілі са шмайсераў у пратакольны лозунг. Кампазіцыю давяршала масянджовая шыльда, якая тлумачыла недасведчаным: такая ж самая бомба была на борце самалёта Мікалая Францавіча Гастэлы «ТБ-3ф» падчас апошняга гераічнага вылету.
– Наш раённы аддзел культуры заўсёды змагаўся за духоўнасць і культуру ў нашым раёне, – засведчыла Манда Іванаўна, мажная цётка ў аксамітнай спадніцы з нашытымі ружамі. – Усе ж такі Мікалай Гастэла – амаль наш зямляк, яго дзеда хрысцілі ў тутэйшым касцёле… Подзвіг народа несмяротны!
– Хацелі які танк ці самалёт паставіць, дык грошай не хапіла. Каб не шэфская дапамога нашых славянскіх братоў з вайсковай базы «Волга-Волга» – не было б у нашай сінявокай Беларусі гэтай бомбы… – старшыня райвыканкама Качан задуменна пачухаў патыліцу і пасунуўся з трыбуны, дэманструючы прысутным дупу, сплясканую старшынёўскім фатэлем. – Што б там некаторыя не гаварылі, а без Расіі нам не жыць!
Цыцкастая малалетка з пірсінгам у пупе абсмактала бомбу хцівым позіркам, пасля чаго яшчэ больш непрыстойна аблізала вусны.
– Ваў! Як прыкольна! – ацаніла яна.
– От, Лалітка, як бы такую бомбу на Нью-Йорк скінуць, так бы ад фашыстаў-піндосаў мокрага месца не засталося б! – павучальна патлумачыў малалетчын тата, капітан Капейкін. Іржавае рыпенне вентыля заглушыла наступныя словы расейскага афіцэра. З аўтаматных руляў Ганса і Фрыца шуганулі пругкія струмяні, і над бомбай сюррэалістычным німбам расквітнела вясёлка. Па кафляным дне фантана паволі распаўзалася калюжына.
Ад перасоўнага буфета, размешчанага пад руінамі замка каралевы Боны, цягнула апетытным куродымам магналаў, і бутэлечнае ззянне на сталах натхняла на працяг святкавання Перамогі. Сусальным золатам блішчэў тульскі самавар. Змораны чаканнем народ з энтузіязмам пасунуўся да пачастунку.
Рэпрадуктар урачыста грымнуў:
Усё вышэ, вышэ і вышэ
Страмім мы палёт нашых пціц!
Неўзабаве пераможныя маршы змяніліся эстраднымі спевамі, папулярнымі ва ўстановах другой нацэначнай катэгорыі. Народ з аднаразовымі талеркамі і пластыкоўкамі атабарыўся пад старажытным мурам. Шчарбатыя зубцы адкідалі на твары фантасмагарычныя цені. У контурах смеццевых кантэйнераў угадваліся абрысы падбітых фашысцкіх танкаў. Колькі стомленых і ўчадзелых ужо адпачывалі ў аплылым замкавым рове.
Таварышы, я ўсё разумею, – Качан распусціў вузел гальштука, нацурболіў поўную чарку і дэмакратычна пасунуўся да паспалітага людства. – Мой тата таксама працаваў у калгасе простым чалавекам, як і вы ўсе. Але ж тут у нас самы цэньцер Еўропы, так што піце акуратна, а то на мінулыя святы ажно трох пераможцаў «Дажынак» камбайнам пераехала…
Спякотнае сонца схавалася ў аблоках. Рулі шмайсераў спраўна палівалі бомбу. У вірлівай вадзе фантана куляліся пластыкоўкі, кружлялі абгорткі ад марозіва і папяровыя сцяжкі.
Народ паволі перацякаў ад помніка да буфета і ад буфета да помніка. У руінах касцёла хаваліся рамантычныя пары. Зухаватыя маладзёны апетытна прыкладаліся да піўных двухлітровікаў. Па Дняпры ў пеністай стужцы прайшла «ракета», і зеленкаватыя хвалі накацілі на пляж белым зубчатым шумам.
Малалетка Лаліта выцягнула пірсінг з пупка, зашпіліла яго ў вуха і ўзялася крытычна вывучаць у бакавым люстэрку выканкамаўскага «мерседэса» уласны адбітак.
Капітан Капейкін жлукціў гарэлку з армейскай біклажкі і размаўляў з бомбай ласкавым рускім матам. Ён абяцаў неадкладна распачаць полавую сувязь з самім боепрыпасам, з капітанам Гастэлам і яго маці, а таксама са старажытнымі замкамі, сінявокімі краінамі, заакіянскімі фраерамі і нават з пархатым валацужным сабакам, які недарэчна круціўся пад нагамі.
Читать дальше