Раённы партактыў ачмурэла вернецца з «вобласці», і словы «культ асобы» насцярожана сцішацца ў адліжным паветры. Хрумснуць маразы, і начальнік мясцовага МГБ цішком павесіць над сталом партрэт Цанавы. Інваліды-ардэнаносцы на шарыкападшыпнікавых каталках павяртаюцца са спецлагероў і шпарка пакоцяць да шпіталяў, дзе вайсковыя хірургі скальпелямі і пілкамі прыладзяць ім адрэзаныя ногі. Дзяўчынкі з «рамяслухі» панура пасунуцца ў бухгалтэрыю, каб здаць аблігацыі дзяржаўнай пазыкі «На адраджэнне і развіццё народнай гаспадаркі».
Нямецкія і аўстрыйскія ваеннапалонныя разбяруць на цагліны ампірны Дом Культуры, атрымаюць у ахоўнікаў зброю і з бязладнымі крыкамі «Гітлер капут!» пашыхтуюцца пад сцягамі Трэцяга Райху. Савецкае войска імкліва пакоціцца на ўсход. Партызаны выйдуць з лясоў, каб павыцягваць выбухоўку з-пад мастоў і аднавіць раскурочаныя рэйкі. Эсэсаўцы з нямецкай акуратнасцю скруцяць калючы дрот вакол гета, а таргачоўскія габрэі са слязьмі на вачах паспорваюць з паласатых робаў жоўтыя шасціканцовыя зоркі. Натоўпы ўцекачоў бязладна пасунуцца па шашы да Мінска, і нацысты арганізавана пабягуць ад іх у свой Фатэрлянд.
Па начах на чыгунцы загрукацяць эшалоны з усходу. Чорны фургон «ЗіС расчыніць будку каля турмы, і канвой НКВД разгоніць вызваленых «нацдэмаў» крыкамі «Пайшлі, сукі!..» Камсамольцы адновяць крыжы на касцёле і царкве. Старшыня першага ў раёне калгаса падымецца з чужой мяжы, кулі вылятуць з прастрэленай скуранкі, і малады камуніст вернецца ў пралетарскі Піцер. Пры з’яўленні шабельнікаў Булак-Балаховіча бальшавіцкі бронецягнік зачахліць пяцідзюймоўкі і адсунецца да Смаленска.
Кайзераўскія войскі раптоўна знікнуць, а замест іх з’явіцца рота на чале з расейскім штабс-капітанам, які паволі памаладзее, зменіць пагоны на паручніцкія, потым – на падпаручніцкія і з’едзе ў родны маёнтак, да бацькі-ліцвіна. І хіснуцца крыжы на закінутых могілках, і дзяды паўстануць з трунаў, каб бараніць Айчыну. Сівавусы інсургент згадае, як Кастусь Каліноўскі сышоў з шыбеніцы, склаў паўнамоцтвы дыктатара і паехаў вучыцца ў Пецярбургскі ўніверсітэт. Жандары раздадуць даносы ў абмен на храбусткія асігнацыі. Вольныя сяляне моўчкі заслухаюць царскі маніфест і радасна пададуцца ў маскоўскі прыгон.
Шчыльныя шэрагі напалеонаўскіх войскаў пакрочаць смаленскай дарогай у Парыж, і штандары са словамі «Fraternité, égalité, liberté» адаб’юцца ў пацвілых дняпроўскіх затоках. Ніжагародскія драгуны старана адбудуюць таргачоўскі замак, занясуць у пакоі нарабаванае майно. Праваслаўная царква зноў стане ўніяцкай, і святар, які прыедзе з Петрапаўлаўскай вязніцы разам з касінерамі Касцюшкі, павядзе казань у роднае мове.
Выганоўцы-засцянкоўцы, падперазаныя паясамі з цяжкімі дзедаўскімі шаблямі, пасядуць у шынку, а ўвішны Моўша прыбярэ ад іх у склеп віно ды медавуху. Басота-галота Налівайкі навыперадкі кінецца па цэрквах, касцёлах, манастырах і кляштарах, каб як мага хутчэй вярнуць прысабечаныя скарбы. Стральцы Аляксея Міхайлавіча цудадзейна рэанімуюць, мо, палову насельнікаў Таргачова. Сібірскія гарады і рабскія рынкі Астрахані абязлюдзяць, бо караваны нявольнікаў пагоняць назад – да берагоў Дняпра, Прыпяці ды Нёмана. І запаляцца жырандолі каралеўскага замка, і анёльскія гукі віёлаў да гамба адаб’юцца ад высокае дняпроўскае стромы. І каралева – яснавельможная Бона, запросіць танчыць сарабанду шляхотнага месіра Францыска Гастэлу – нунцыя Папежа Клімента VII. І шэптам распавядзе яму пра адважнага вершніка, якога паспалітае людства раз-пораз сустракае на тутэйшых абшарах. І зразумее нунцый, хто такі гэты вершнік. Але нікому пра тое не раскажа, бо пабачыць на касцельнае вежы Боскае ззянне і святога анёла-ахоўніка, які распрастаў крылы над Таргачовам…
Па-над чорнымі водамі варушылася шэрая пара. З бяздоннай дрыгвы ўзнімаліся бліскучыя бурбалкі. На дрымотных купінах млява квахталі жабы. Безнадзейна родны ландшафт, напэўна, прымусіў бы сціснуцца сэрца кожнага лірыка, выхаванага на рыфмах «шыпшына», «дзяўчына» і «Айчына»…
– «Альтанка», «шклянка» і «партызанка», – прамэкала ад гушчару, і на балотнае выспе брутальна зацвердзіўся рагаты цень.
Зашархацелі хмызы, між карункавай папараці інтымна бліснулі ладныя лыткі ў клятчастых калготках. У балотнай вадзе адбіўся вытанчаны жаночы профіль.
– Што паробіш… Беларусь – край паэтаў! – працурчэў зманлівы, бы ў русалкі, голас.
Читать дальше