– Ды казёл нейкі… – усхліпнула Талашыха і на ўсялякі выпадак удакладніла: – Мяркуючы па слядах.
Маштабы злачынства прымусілі старэчу зноў зашморгаць носам. Ёй хацелася паваліцца на грады, абняць-шкадаваць зямельку і плакаць. Яшчэ з раніцы на дагледжаным гародчыку стромка выцягваліся сакаўныя стрэлы цыбулі, бухмаціўся пяшчотны кроп, раскашавала маладая пятрушка. Цяпер жа грады з падушанай гароднінай глядзеліся, рыхтык, апаганеныя могілкі. Павялае зелле, зацярушанае свежай зямлёй і ачахлым яблыневым квеццем, адно ўзмацняла недарэчнае падабенства.
Дзед Талаш прысеў на кукішкі, прыўзняў было цыбульнае пер’е, але яно бязвольна завалілася долу. На вільготнай зямлі рэльефна адбіваўся след казлінага капыта.
– Во быдла рагатае! – смачна плюнуў дзядок.
– І гэта ж трэба такой скацінай быць! – апантана загаласіла Талашыха. – Колькі ж мы ў тую зямельку ўсяго паўкладалі!
– Мо, які вораг народа казліныя капыты начапіў? – задуменна дапусціў Талаш. – Смалы яму з каланіцы!
– Халеры ягонаму бацьку і трасцы ягонай мацеры! – салідарна адгукнулася старая скрозь слёзы. – Не даў нам Гасподзь дзетак, не даў шчасця… Вось і крыўдзяць нас розныя…
Адбіткі капытоў былі зусім свежыя. Злачынства вымагала неадкладнага пакарання. Дзед Талаш з няўхільнасцю народнага мсціўцы выдраў са штыкетніку дрын і падаўся па слядах шкодніка. Талашыха баязліва сунулася следам і трагічна шаптала:
– Божухна, за што?..
За чыгункай сінела матэчная пушча. Ад яе патыхала партызанскімі спевамі і рамантыкай рэйкавай вайны. Каля сіласнай ямы грувасціўся трактар «Беларус», і сакавіты мат калгаснага брыгадзіра перакрываў тарахценне рухавіка.
Казліныя сляды вялі ў гушчар, над якім узвышалася рагатая машта ЛЭП. Нізка гулі драты, і брынклівае казлінае мэканне дадавала краявіду злавеснай напругі.
Дзед Талаш сціснуў дрын вузлаватымі пальцамі. Талашыха чвякнула разношаным кедам і спалохана сцішылася. Знянацку танальнасць мэкання змянілася; цяпер у ім прабіваліся відавочна агрэсіўныя ноткі.
– Каб табе, быдлу рагатаму, павылазіла! – старыя адважна ламануліся праз хмызы.
Пад сталёвай маштай лунала нябёсная аблачынка з пёркаў і пуху. Пачварны чорны казёл катаў паміж бярозаў і соснаў пяшчотнае пуцаценькае немаўля. Абсмаленая трава суха храбусцела пад капытамі.
Талашовы дрын бязлітасна ляснуў паміж рогаў. Парнакапытны затрос скрываўленай барадой і злосна загырчэў. Вочы наліліся інфернальным святлом. Казёл схіліў голаў і пайшоў было ў наступ, але дзядок спрытна садануў дрынам па чорнай дупе з кароткім хвастом.
– Кала табе ў сраку, а не дзіцятка! – пераможна выгукнуў ветэран.
Казёл узбрыкнуў, злякана серануў і кінуўся ратавацца ў калючыя хмызы. Талаш праводзіў рагатае быдла шчырымі партызанскімі пажаданнямі.
Старая неадкладна падхапіла немаўля. Пуцаценькі, вельмі падобны да херувіма, даверліва цягнуў ручкі і ласкава пасміхаўся. Толькі цяпер дзед з бабай угледзелі, што на спіне ў дзіцёнка крывавяцца дзве доўгія ранкі. Пэўна, гэта былі сляды казліных рогаў.
– Ой, бацюхна!.. Ой, матухна!.. – старэча абярэжна захутала дзіцёнка ў плюшавую душагрэйку і прыціснула да грудзей. – Што ж за казлы такія пайшлі… Мала ім нашых градаў – дзяцей узяліся грызці!..
– Гэта, пэўна, якая алкагалічка з птушкафабрыкі дзіцё нагуляла ды кінула, – Талаш задуменна калупаў насцяком бота раскіданыя пёркі. – Ім, маладым, цяпер волю далі… Не тое, што ў наш час.
– Сыночка ж накарміць трэба! – са скрухай мовіла Талашыха. – Грошы з сабой ёсць?
– Ды заначку з пенсіі прыхаваў, – прызнаўся ветэран крыху вінавата. – Ідзі дахаты, а я ў Сельпо. Можа, да іх ужо малако завезлі…
Талашыха ўзняла вочы да нябёсаў. У недасяжнай вышыні вецер сарваў з электрычнага дроту абсмаленае пёрка і панёс яго да Дняпра.
– …а за «казла» адкажаш! І за зрыў мерапрыемства! І за ўсё астатняе!.. – гупаў Качан у дзверы скіргайлавага пакойчыка.
– Ну, чаго табе яшчэ трэба? – цяжка сіпела Манда Іванаўна. – Працай забяспечаны. Жытлом таксама. Вуліцы чыстыя. Батарэі гарачыя. Ёсць нават шанец што-небудзь у «Суперлато» выйграць!
Адраджэнец нервова каўтаў піва, лыпаў на дзверы рахманымі, бы ў цяляці, вачыма і прыкідаў наступствы паэтычнай чытанкі.
Наступствы паабяцалі неадкладна.
– … ведаеш, чым такія, як ты, канчаюць? – грымнуў старшыня выканкама. – Турмой! А пятнаццаць сутак ты ўжо зарабіў!
– … хочаш па-беларуску гаварыць? Калі ласка, гэта ж не забаронена! – памяркоўна дэкларавала загадчыца Дома Культуры. – Але ж нашто нашым людзям свята паганіць?
Читать дальше